Работнікам ААТ «Мінскгандальаўтатранс» другі год запар добраахвотна-прымусова выдаюць сертыфікаты на набыццё тавараў у гандлёвай сетцы «Еўраопт» у кошт заработнай платы.
З такой скаргай звярнуўся жыхар сталіцы на жывую лінію Мінгарвыканкама да выконваючага абавязкі намесніка старшыні Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта — старшыні камітэта эканомікі Мікалая Рагашчуку, перадае агенцтва «Мінск-Навіны».
«Я звычайна набываю прадукты ў іншых крамах, але сертыфікаты нам навязваюць, намякаючы, што, адмовіўшыся ад іх, можам пазбавіцца працы», — наракае грамадзянін.
У Мінгарвыканкаме зварот ўзялі на кантроль. Разбірацца ў сітуацыі будзе камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва, а таксама падатковая.





