У Гомелі затрыманыя дзве жанчыны, якія выкралі ўзнагароды ў 98-гадовага ветэрана.
Пажылы чалавек звярнуўся ў міліцыю ўвечары 4 лютага. Паводле слоў заяўніка, ён знаходзіўся дома адзін, калі ў дзверы патэлефанавалі дзве смуглыя незнаёмкі і папрасілі папіць вады. Гаспадар пусціў іх у кватэру, а пасля сыходу жанчын выявіў прапажу сваіх баявых узнагарод, якія ляжалі ў скрынцы. Таксама са сцяны знік гадзіннік.
Як паведаміў афіцыйны прадстаўнік УУС Гомельскага аблвыканкама Віталь Прыстромаў, супрацоўнікі крымінальнага вышуку Савецкага РАУС па гарачых слядах затрымалі падазраваных. Імі апынуліся дзве непрацуючыя гамяльчанкі 45 і 34 гадоў. Старэйшая раней была судзімая за крадзеж.
Зладзейкі не паспелі збыць выкрадзеныя ў ветэрана ўзнагароды. У адносінах да жанчын распачатая крымінальная справа за крадзеж, учынены групай асобаў. Супрацоўнікі міліцыі правяраюць затрыманых на дачыненне да аналагічных злачынстваў.





