Як стала вядома «Нашай Ніве», з 2017 года дадзеныя аб медыянным заробку ў краіне будуць публікавацца толькі ў адмысловым зборніку «Праца і заработная плата», які выходзіць раз на два гады — сёлета яго не будзе.
«Так, на сайце дадзеныя аб медыянным заробку вывешвацца не будуць, адменены такі прэс-рэліз. Рашэнне прынятае кіраўніцтвам. Чаму? Напэўна, запатрабаванасць такой інфармацыі невялікая, таму яе прыбралі», — патлумачылі «Нашай Ніве» ў прэс-службе Белстата.
Цяпер доступ да аператыўнай інфармацыі будуць мець толькі некаторыя дзяржаўныя службы.
Медыянная лічба лічыцца найбольш дакладным адлюстраваннем сітуацыі з заробкамі ў краіне. Медыянны заробак значыць, што 50% людзей атрымліваюць болей за названую суму, а 50% — меней.
Паводле дадзеных Белстата за лістапад 2015 года, медыянны заробак у Беларусі складаў каля 528 рублёў, сярэдні заробак тады ж — 675 рублёў.





