Вярхоўны архіепіскап Кіева-Галіцкі Святаслаў Шаўчук, глава Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, 28 верасня падчас сустрэчы Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы з Аляксандрам Лукашэнкам у Мінску выказаў беларускаму лідару падзяку за памяць пра Украіну, паведамляе catholic.by.

«Вялікі дзякуй, што нават у сваёй прамове сёння ўспомнілі пра Украіну. Цэрквы Украіны — не толькі праваслаўныя, каталіцкія, але і пратэстанцкія — імкнуцца зрабіць усё, каб мір, за які мы молімся, перамог. Мы молімся, каб гэтыя, вядомыя на ўвесь свет, мінскія дамоўленасці нарэшце былі выкананы. Каб гэтыя прынцыпы, якія тут былі абвешчаны, — прынцып пашаны да міжнароднага права, заклікі спыніць ваенныя дзеянні, вывесці замежныя войскі з Украіны, аднавіць тэрытарыяльную цэласнасць, — каб яны былі выкананы ўсімі ўдзельнікамі гэтага працэсу», — адзначыў арцыбіскуп Шаўчук.

«Украінская Грэка-Каталіцкая Царква з’яўляецца Царквой, якая заўсёды была са сваім народам. І сёння я тут для таго, каб не толькі ўдзельнічаць ў гэтай канферэнцыі, але таксама каб сустрэцца з нашымі братамі грэка-католікамі Беларусі, іх падтрымаць і зрабіць усё для таго, каб узаемаразуменне і супрацоўніцтва паміж Цэрквамі было добрай будучыняй нашых краін, нашых народаў і нашых Цэркваў», — заключыў грэка-каталіцкі іерарх.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0