Зусім нядаўна ў Стоўбцы быў накіраваны ксёндз Ігар Лашук, вядомы сваёй працай па аднаўленні храмаў. Перавялі яго ў стаўбцоўскую парафію Святога Казіміра, бо двое былых ксяндзоў-палякаў адзначыліся скандалам.
Касцёл Святога Казіміра. Фота з сацсетак
Цяпер пра гэтую гісторыю неахвотна ўзгадваюць і самі ксяндзы, і іх прыхаджане. Чуткі ходзяць розныя: кажуць, і што двое ксяндзоў панапісвалі скаргі адзін на аднаго, і што адзін нават падаў у суд на другога.
Але, па інфармацыі «Нашай Нівы», падзеі развіваліся прыкладна так.
1 жніўня 2017 года двух ксяндзоў памянялі месцамі. Рышард Пежхала, які служыў у Дзяржынску, у парафіі Святой Ганны, накіраваўся ў Стоўбцы. А былы ксёндз са Стоўбцаў — Адам Урубель — паехаў на новае месца працы ў Дзяржынск.
Але праз нейкі час Рышард пачаў абурацца сітуацыяй у касцёле Святога Казіміра, які будуецца ўжо некалькі гадоў. Маўляў, з грашыма, якія збіраліся на будоўлю храма, былі пытанні.
Ксёндз Рышард — злева. Фота dzr.by
«Прапалі грошы пры будаўніцтве. Былі растраты», — кажа сёння Рышард Пежхала. Але падрабязнасцяў паведамляць не хоча. Сцвярджае толькі, што ў суд не падаваў.
Як кажуць некаторыя мясцовыя жыхары, ксёндз Рышард не хаваў свайго абурэння ад прыхаджанаў. Так, у суд ён сапраўды не падаваў. Але адразу некалькі вернікаў накіравалі ў міліцыю заявы з просьбай разабрацца, што там адбылося з тымі грашыма.
«Грошы ў касцёле — цёмная справа, — тлумачыць «Нашай Ніве» адзін з прыхаджанаў. — Людзі пастаянна збіраюць грошы. Розныя сумы, канечне, і не заўсёды шмат. Але нібыта вядзецца журнал уліку, ёсць бухгалтар, каб пасля пакласці ў банк. Калі пайшло міма — гэта парушэнне».
Ксёндз Рышард вырашыў, што нешта «прайшло міма». Яго пазіцыя і справакавала мясцовых звярнуцца ў міліцыю. Правялі праверку. Але вынікі яе не агучваюць.
«Стаўбцоўскім РАУС скончаная праверка. Яна была праведзеная ў поўным аб’ёме, аб яе выніках паведамілі зацікаўленым бакам. Крымінальная справа не заводзілася», — пракаментавала гісторыю міліцыя Мінскай вобласці.
Людзі пасля прызналіся: пра факты злачынстваў ці крадзяжоў яны не ведалі. Проста адзін ксёндз пачаў абурацца, вось яны і пачалі перажываць.
Цяпер абодвух святароў перавялі ў Польшчу. Ксёндз Адам Урубель, які і выклікаў падазрэнні ў ксяндза Рышарда, каментаваць паводзіны стаўбцоўскіх вернікаў і свайго калегі не хоча. «Я ў Беларусі больш не працую, ніякіх адказаў», — кажа ён.
Ксёндз Адам Урубель. Фота з сацсетак
Мясцовыя жыхары таксама асабліва не хочуць узгадваць падрабязнасці. Якую менавіта інфармацыю па выніках праверкі міліцыянты перадалі каталіцкаму «начальству», таксама невядома. Адказны за сувязь з прэсай у каталіцкай царквы недасяжны цягам некалькіх дзён.





