Раніцай 2 кастрычніка ў гарадскім пасёлку Азарычы (Гомельская вобласць) працавалі міліцыя і следчыя. Была забітая 42-гадовая жанчына, а яе муж-святар затрыманы. Пра гэта TUT.BY распавялі мясцовыя жыхары. Афіцыйна звесткі пра злачынства пацвердзілі ў Следчым камітэце.
Мясцовыя жыхары распавялі, што сёння раніцай у Азарычах была забітая жанчына. Яе цела з нажавымі раненнямі знайшлі ва ўласным доме.
Міліцыя затрымала мужа забітай, відавочцы кажуць, што «выглядаў ён агаломшаным».
Што адбылося — пакуль не ясна. Мужчыну ведаюць у Азарычах як бацюшку мясцовага храма ў гонар святых апосталаў Пятра і Паўла. Тут ён служыць шмат гадоў.
Людзі кажуць, быццам бы аб трагедыі паведаміў органам сам мужчына. А перад гэтым патэлефанаваў сыну.
«Ідзе следства, мы афіцыйнай інфармацыяй не валодаем. Але так, адбылося забойства, а мужчына затрыманы. Незразумела, што здарылася», - кажа старшыня мясцовага сельсавета Галіна Панцялеенка.
Вядома, што ў сям'і двое дарослых дзяцей, але яны жывуць асобна — пара жыла ў доме адна.
Пазней прэс-служба Следчага камітэта пацвердзіла: расследуецца справа аб забойстве ў Калінкавіцкім раёне.
«Па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства затрыманы 47-гадовы муж забітай жанчыны. Пры затрыманні па месцы жыхарства ён знаходзіўся ў стане алкагольнага ап'янення. Зараз з ім працуюць следчыя», — распавялі ў ведамстве.
Заведзена крымінальная справа па ч.1 арт. 139 Крымінальнага кодэкса (Забойства). Цяпер дапытваюць сваякоў і суседзяў шлюбнай пары. Прызначаны шэраг экспертыз.





