Лідар БХД Павел Севярынец патлумачыў у фэйсбуку, навошта апазіцыя праводзіць праймерыз і абірае адзінага кандыдата.
Павел Севярынец. Фота Надзеі Бужан
Ён прывёў тры аргументы.
Па-першае, Севярынец мяркуе, што абранне адзінага лідара дапаможа нарошчванню сілы.
«Лукашэнка, Расія, Захад маюць рычагі і інстытуты, каб уплываць на лёс Беларусі. Беларускі народ не мае. Апазіцыя раздробленая, у жалю вартым стане. Народнае галасаванне здольнае даць адзінства і сілу, адчуванне еднасці і натхненне, — піша палітык. — Сёння Слонім прагаласаваў так. Заўтра Маладзечна гэдак. А ты чуў, што апазіцыя сказала ў Гомелі?»
Другі тэзіс датычыць патэнцыялу пратэстаў на выпадак расійскай агрэсіі. «Пакуль апазіцыя — дзясятак гаварашчых галоваў, кожная са сваёй адзінай праўдай, дае проста ўзаемавыключны інфармацыйны шум. Патрэбны адзіны, альбо прынамсі больш гучны голас. Кампанія дае такую магчымасць», — пераконвае ён.
Па-трэцяе, Севярынец кажа пра тое, што трэба «ламаць сістэму фальсіфікацый».
«Першае патрабаванне — адстаўка Ярмошынай. Масавы ціск. Атрымліваць пасведчанне кандыдата з рук чалавека, які сфальшаваў усё, што магчыма? Мой адказ — не», — мяркуе ён.
А наступным этапам, маўляў, будзе патрабаванне няўдзелу Лукашэнкі ў выбарах. «Патэнцыял кампаніі — мільёны беларусаў», — пераконвае Севярынец.





