Мая Санду, NewsMaker.md
На прэзідэнцкіх выбарах у Малдове будзе другі тур. Ён пройдзе 15 лістапада. У першым туры дзеючы прэзідэнт Ігар Дадон саступіў прадстаўніцы праеўрапейскіх сіл, экс-прэм'еру краіны Маі Санду крыху больш за 3%.
Пасля падліку 99,77% бюлетэняў у Санду 36,10%, у Дадона — 32,66%.
Замыкае тройку лідар «Нашай партыі», мэр другога па велічыні горада краіны Бэльц Рэната Усатый з 16,93% галасоў.
У выбарах удзельнічалі яшчэ пяць кандыдатаў: Віялета Іваноў ад партыі «Шор» (6,51%), старшыня партыі «Годнасць і праўда» Андрэй Нэстасе (3,26%), кандыдат ад Партыі нацыянальнага адзінства Актавіян Тыку (2,01%), кандыдат ад Ліберальна-дэмакратычнай партыі Тудар Дэліу (1,37%) і кіраўнік Ліберальнай партыі Дорын Кіртаакэ (1,20%).
Дадон лічыцца прарасійскім кандыдатам, ён таксама вялікі сябра Лукашэнкі.
Гэта ўжо другія ўсенародныя выбары прэзідэнта Малдовы. Першыя прайшлі ў 2016-м.
У першым туры тады Дадон набраў 47,98%, Санду — 38,71%, у другім туры Дадон — 51,11%, Санду — 48,97%.





