Ян Рудзік з Мінска, яму 27 год. Вучыўся ў Мінскім інавацыйным універсітэце на псіхолага. Але па спецыяльнасці ніколі не працаваў, кажа, паступіў дзеля корачкі. Нейкі час хлопец працаваў на АНТ — на тэхнічнай пасадзе ў праграме «Наша раніца».
У 2019 годзе ён пераехаў у Польшчу і пайшоў працаваць у навіны «Белсата».
«У пэўны момант я стаміўся ад Мінска, і Мінск стаміўся ад мяне, і я вырашыў, што час з’язджаць. Стаміўся і ў сацыяльным, і ў палітычным сэнсе. Там даволі сумнавата, мала сацыяльных ліфтоў, няма асабліва варыянтаў для далейшага развіцця, асабліва калі ты цікавішся рознымі журналісцкімі аспектамі і не зусім хочаш супрацоўнічаць з дзяржавай», — расказваў хлопец.
На «Белсаце» Ян пазнаёміўся з Пуцілам. А да каманды тэлеграм-канала далучыўся мінулай вясной.
Дзяўчына-вядучая ў кадры — Айлар Татаранка.
Фота з інстаграма
«Я нашу туркменскае імя. Выбарам займаўся тата і мая цётка, у даслоўным перакладзе яно значыць «шмат месяцаў». Бабуля мяне называла Ксюшай. Я ў школьным узросце хавала, што мяне завуць Айлар, і мяняла на сваё скарочанае імя — Ая», — распавядала пра сябе дзяўчына ў інтэрв’ю.
Айлар 24 гады. З Пуцілам пачала супрацоўнічаць з верасня мінулага года. Дагэтуль некалькі гадоў яна жыла ў Кракаве. Вучылася ў польскім універсітэце, падпрацоўвала афіцыянткай. Займаецца музыкай.





