«Наша Ніва»: Ці змянілі вас пяць месяцаў у няволі? 

Андрэй Любецкі: Я стаў больш дарослым (усміхаецца).

«НН»: Як бавіце там час?

АЛ: Крыху спорту, нямецкая мова, шпацыры. На Валадарцы ёсць «зомбіскрыня». Гутару з добрымі людзьмі.

«НН»: Што ў вас за праграма трэніровак?

АЛ: Займаюся хвілін 40-60, на розныя групы мышцаў. Гантэлі — гэта торбы з цукрам і вадой.

«НН»: У адным з лістоў вы пісалі, што адмовіліся ад солі і кавы. Чаму?

АЛ: На волі піў ужо таблеткі ад ціску. Вырашыў адмовіцца ад іх у тым ліку. Цяпер усё добра, лекі не прымаю.

«НН»: Ці сумуеце без фэйсбуку (Андрэй часта пісаў свае развагі пра сітуацыю і меў некалькі акаўнтаў, бо яго перыядычна банілі. — «НН»)? 

АЛ: Без фэйсбуку не. Сумую без сям’і і некаторых сяброў.

«НН»: Калі б была магчымасць зайсці на сваю старонку, што б там напісалі?

АЛ: Некалькі вершаў.

«НН»: Ці спатрэбіліся ў СІЗА доктарскія навыкі?

АЛ: Зрэдку дапамагаў як кансультант.

«НН»: Ці плануеце рабіць прышчэпку там?

АЛ: Не. Я хварэў — гэта раз. І другое — не давяраю вакцынам, што прапануюць.

«НН»: Вы за кратамі сустрэлі дзень народзінаў. Як яго адзначалі?

АЛ: Я спачатку не хацеў казаць, але зайшоў «кабан» (перадача) пасля абеду і мы накрылі паляну.

«НН»: Ці бываюць у турме шчаслівыя дні? Калі так, то як яны выглядаюць?

АЛ: Амаль кожны дзень. Я называю гэта маленькімі радасцямі: калі прыходзяць лісты, а іх у мяне шмат, калі ідзём на шпацыр, калі згадваю падзеі, сямейныя ў першую чаргу, і гэтак далей. 

«НН»: Што вам дапамагае захоўваць цвярозы розум?

АЛ: Адсутнасць алкаголю (усміхаецца).

«НН»: Дзень, калі вас затрымалі — як вы яго збіраліся правесці? І ці чакалі, што за вамі прыйдуць менавіта тады?

АЛ: Я не чакаў, што менавіта ў той дзень, але амаль не сумняваўся, што гэта здарыцца. Збіраўся займацца машынай, рыхтаваў да продажу.

«НН»: Для многіх апынуцца ў турме — страшны сон. А калі ты ўжо там, які сон становіцца самым страшным?

АЛ: Турма не магіла! Самае страшнае для мяне — смерць бацькі. Яго не стала чатыры гады таму, у верасні 2017-га.

«НН»: Што цяжэй — чакаць жонку з КДБ ці самому апынуцца за кратамі?

АЛ: Натуральна, жонку. Калі яна з’язджала і гэта атрымалася, я быў шчаслівы, што ўдалося. А я вытрымаю, перажыву.

«НН»: Ці шкадуеце, што не з’ехалі разам з сям’ёй?

АЛ: Не. Гэта і навука, цяпер я буду да канца разумець гэту сістэму. Не буду даваць азначэнняў, а то зноў скажуць, што абражаю (усміхаецца)!

«НН»: З якімі думкамі чакаеце суда?

АЛ: З пазітыўнымі. Як бы яны ні стараліся, усе (мае родныя, знаёмыя, сябры) ведаюць, што я не вінаваты. І мне не сорамна глядзець людзям у вочы!

***

Адрас для лістоў: 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, СІЗА-1.

Чытайце таксама:

Сківічны хірург Андрэй Любецкі валанцёрыў пад Акрэсціна, а яго жонка Наталля трапіла ў «шпіёнскі» фільм АНТ — вялікая гутарка

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0