Старшыня дзяржаўнага памежнага камітэту Ігар Рачкоўскі 29 студзеня падводзіў вынікі працы беларускіх памежнікаў за мінулы год.

Ён паведаміў, што апошнія два гады адбываецца рэформа памежнай сістэмы. Па словах, Рачкоўскага першапачаткова беларускія памежнікі працавалі па старой савецкай традыцыі, якая заснаваная на абмежаваннях і забаронах. Цяпер жа прыйшоў час зламаць старыя стэрэатыпы і змяніць падыходы.

І на думку Рачкоўскага, у ягонага ведамства гэта атрымліваецца. «Беларуская мяжа стала аператыўнай, зручнай, ветлай і, калі хочаце, дабрэйшай», — зазначыў І.Рачкоўскі.

За 2009 год грамадзяне Беларусі перасякалі мяжу краіны 13 мільёнаў разоў, замежнікі — 10 мільёнаў.

Агулам сёння ў памежным камітэце працуе 13 тысяч чалавек.

«Цяпер памежнік павінен і выглядам, і ўнутрана адпавядаць патрабаванням XXI стагоддзя. Сённяшні памежнік гэта і опер, і юрыст, і паліглот, і тэхнар», — зазначыў старшыня камітэту.

«Самая спакойная і цывілізаваная ў нас мяжа з краінамі Прыбалтыкі і Польшчай», — сказаў на прэс‑канферэнцыі старшыня дзяржаўнага памежнага камітэта Ігар Рачкоўскі.

Пры гэтым ён паведаміў, што на мяжы з Еўрасаюзам усё ж існуе праблема нелегальнага правозу з Беларусі цыгарэтаў.

Самай жа праблемнай з’яўляецца мяжа з Украінай, дзе адбываецца 40% усіх затрыманняў.

Старшыня памежнага камітэта Ігар Рачкоўскі пракаментаваў сітуацыю, што стварылася на беларуска‑расійскай мяжы.

«Сапраўды, сёння на беларуска‑расійскай мяжы ў аднабаковым парадку з боку Расіі прысутнічае транспартны і практычна мытны кантроль. Гэта датычыць увоза на тэрыторыю РФ аўтамабіляў. Дзейнічае паўтара дзесятка мытных пунктаў. Назіраецца і павелічэнне колькасці мытных падраздзяленняў, а таксама развіццё мытнай інфаструктуры», — сказаў І.Рачкоўскі.

«Адсутнасць камфорту і часта вялікія чэргі, наяўнасць дадатковых працэдур на ўнутранай мяжы саюзнай дзяржавы выклікаюць непаразуменне з боку нашых грамадзян», — зазначыў старшыня камітэту.

Пры гэтым Рачкоўскі сказаў, што людзі часта скардзяцца, што мяжу Беларусі з Еўрасаюзам перасякаць больш камфортна, чым з Расіяй, якой нібыта няма.

«Ёсць праблемы, якія носяць тэхнічны характар. Спадзяюся, што пасля таго, як пачне дзейнічаць Мытны саюз, яны знікнуць», — запэўніў І.Рачкоўскі.

На ягоную думку, сама ідэя Мытнага саюза станоўчая, але павінны быць улічаныя патрабаванні ўсіх бакоў. «Калі не будзе роўных умоваў, то для чаго ён тады ствараецца?»

Ігар Рачкоўскі зазначыў, што беларуская мяжа цалкам інфарматызаваная і выведзеная ў агульную сетку дадзеных. У Расіі і Казахстане нічога падобнага няма.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?