42 чалавекі былі эвакуяваныя з жылога дома па вуліцы Сердзіча ў Мінску, дзе 6 лютага прагрымеў выбух газу.
Як паведаміў прэс-сакратар МНС Беларусі Віталь Навіцкі, выбух без наступнага ўзгарання адбыўся каля 15.00 у кватэры на другім паверсе пяціпавярховага панельнага дома, гэтак званай «хрушчоўкі». Пацярпеў сын гаспадыні кватэры — малады чалавек, які зараз знаходзіцца ў бальніцы.
У выніку выбуху пашкоджаны міжпакаёвыя перагародкі ў трох кватэрах. Лёс іх жыльцоў, у прыватнасці, магчымасць выдзялення часовага жылля, павінна вырашыць раённая адміністрацыя.
Цяпер на месцы надзвычайнага здарэння працуюць спецыялісты прадпрыемства «Мінгаз» і праваахоўных органаў. Яны павінны ўстанавіць прычыну выбуху і вызначыць, наколькі бяспечны дом для пражывання.





