Зборная Беларусі па хакеі згуляе на Алімпіядзе ў Ванкуверы без форварда «Манрэаля» Андрэя Касціцына.

Пасля працяглых кансультацый з дактарамі было прынята рашэнне не заяўляць Касціцына‑старэйшага на алімпійскі турнір. Нагадаем, што беларускі форвард траўмаваў калена 31 снежня 2009 г. І хоць ён ужо выйшаў на лёд і трэніруецца разам з нацыянальнай камандай у Ванкуверы, у Гульнях ўдзелу не возьме. Вакантнае месца ў заяўцы запоўніць форвард мінскага «Юнацтва» Канстанцін Захараў.

Яшчэ раней стала вядома, што на Алімпіядзе не згуляе Міхаіл Грабоўскі з «Таронта» (у яго траўма рукі).

З гульцоў, якія працавалі з камандай на перадалімпійскім зборы ў Вініпегу, адпраўленыя ў Мінск два абаронцы: мінскі дынамавец Андрэй Антонаў і Іван Усенка з «Гомеля».

Такім чынам, заяўка беларускай каманды выглядае наступным чынам:

варатары — Андрэй Мезін (1974 года нараджэння), Віталь Коваль (1980) (абодва — «Дынама», Мінск, КХЛ), Максім Малюцін (1988) («Віцебск»);

абаронцы — Уладзімір Дзянісаў (1984), Аляксандр Макрыцкі (1971) (абодва — «Дынама», Мінск), Андрэй Караў (1985), Аляксандр Радзінскі (1978) (абодва — «Юнацтва», Мінск), Віктар Касцючонак (1979) ( «Спартак», Масква, КХЛ), Мікалай Стасенка (1987) («Амур», Хабараўск, КХЛ), Руслан Салей (1974) ( «Каларада», Дэнвер, НХЛ), Сяргей Коласаў (1986) («Гранд Рэпідс Грыффінз», АХЛ);

форварды — Алег Антоненка (1971), Сяргей Задзялёнаў (1976), Аляксандр Кулакоў (1983), Андрэй Міхалёў (1978), Андрэй Стась (1988), Дзмітрый Мялешка (1982) (усе — «Дынама», Мінск, КХЛ), Сяргей Дзямагін (1986) («Нафтахімік», Ніжнякамск, КХЛ), Аляксей Калюжны (1977) («Дынама», Масква, КХЛ), Канстанцін Кальцоў (1981) («Салават Юлаеў», Уфа, КХЛ), Аляксей Угараў (1985) (МВД, Балашыха, КХЛ), Сяргей Касціцын (1987) («Манрэаль», НХЛ), Канстанцін Захараў (1983) («Юнацтва», Мінск).

На Алімпіядзе‑2010 у Ванкуверы зборная Беларусі на папярэднім этапе выступіць у групе С.

У стартавым паядынку 17 лютага падапечныя Міхаіла Захарава сустрэнуцца з камандай Фінляндыі (трансляцыя на БТ у 22:00). 19 лютага супернікамі беларусаў будуць шведы, а завершаць папярэдні раунд нашы суайчыннікі 20 лютага матчам з Германіяй (трансляцыя а 7‑й раніцы ў нядзелю).

Склад ўсіх квартэтаў першага этапу Алімпіяды‑2010 выглядае так:

Група А: Канада, ЗША, Швейцарыя, Нарвегія.

Група В: Расія, Чэхія, Славакія, Латвія.

Група С: Швецыя, Фінляндыя, Беларусь, Германія.

Тры пераможцы квартэтаў, а таксама лепшая сярод камандаў, якія занялі другія месцы, адразу атрымаюць месцы ў 1/4 фіналу.

Яшчэ чатыры чвэрцьфіналісты Алімпіяды вызначацца ў так званым кваліфікацыйным раўндзе плэй‑оф (23 лютага), дзе выступяць астатнія ўдзельнікі Гульняў, пашыхтаваныя паводле ранжыру у залежнасці ад іх турнірных паказчыкаў папярэдняй стадыі (месца ў групе, колькасць набраных балаў, розніца шайбаў і г.д.). У кваліфікацыйным раўндзе плэй‑оф 5‑я каманда сустрэнецца з 12‑й, 6‑я — з 11‑й, 7‑я — з 10‑й, 8‑я — з 9‑й.

Пачынаючы з 1/4 фіналу (24 лютага) алімпійскі турнір пройдзе па класічнай схеме плей‑оф. Паўфіналы прызначаныя на 26 лютага, матч за бронзу — на 27 лютага, фінальны паядынак — на 28 лютага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?