Сёння б Івану Навуменку было б 85 гадоў. Успамінамі пра бацьку дзеліцца сын Павел.

Скрынкi з сушанымi яблыкамi ды грушамi з Васiлевiчаў траплялi ў наш дом або з пошты, або iх прывозiў бацькаў малодшы брат Мiкалай, чыгуначнiк, якi па службовых справах бываў у родных мясцiнах нярэдка, не тое што бацька. Дзед Якаў, вiдаць, гаспадар быў спраўны — ягонымi рукамi пасаджаны сад пры хаце мне пабачыць давялося, сад быў дабрэнны, i, хоць лёс зрабiў дзеда чыгуначнiкам, па ўсiх прыкметах, ды i па сямейных паданнях, сялянская справа была для яго мiлейшай … Ва ўсякiм разе, нi на Камароўцы ў Мiнску, нi на дробных местачковых кiрмашах нi тады, нi пазней не даводзiлася купiць нешта падобнае да тых яблыкаў ды груш з пары дзяцiнства.

У нешта больш прадметнае для нас, дзяцей, Васiлевiчы матэрыялiзавацца не змаглi — па савецкiм часе падарожнiчаць за трыста з лiшкам кiламетраў было не прынята i нязручна, сама баба Мар’я, вiдаць, не надта рвалася браць на лета траiх не надта паслухмяных (яна гэта ведала) унукаў, ды i мацi наша, якая ледзьве спраўлялася са сваiм маленькiм сямейным царствам (то крыкам i лаянкай, то пяшчотай) на рукi досыць нямоглай ужо бабулi («Пятроўны», па сямейным азначэннi) нас бы не аддала. Тым больш што побач, у Мiнску, у сваiм дамку ля берага Свiслачы, дзе таксама былi сад з бэрамi i лiмонкамi, хлевушок з парсючком i курамi, жыла другая бабуля, матчына мацi — i наша лета было там. Нас чакаў недаспелы агрэст, пыльныя парэчкi, мы латашылi вiшнi, ганялi з градаў курэй, робячы iм шмат болей шкоды, чым куры, за што ўсе трое рэгулярна атрымоўвалi ад бабы крапiвой па голых лытках… Вечарам мог прыехаць бацька — у гэты, мiнскi, «маёнтак» ён заязджаў ахвотна, мусiць, каб прыглушыць сум па зялёных прысадах Васiлевiчаў (паўнацэнным гараджанiнам ён сябе нiколi не адчуваў, але i вяскоўцам не лiчыў, падкрэслiваючы, што Васiлевiчы — мястэчка). Задраўшы галаву, ён глядзеў на вялiзную грушу, на вяршынi якой iшла вайна за пераспелыя бэры памiж шпакамi ды восамi, з узаемнай павагай перакiдаўся словам са сваёй шляхетнай, шустрай i вострай на язык цешчай, «Фелiксаўнай», аддаваў ёй торбачку, складзеную мацi i, паляпаўшы нас па галовах, iшоў на тралейбус: бацькоўскi абавязак быў выкананы. Жыццё — рэч не зусiм справядлiвая: «залаты зяць» (цешчына азначэнне) стаяў у яе вачах вышэй залатога даляра — за розум, паставу i нешта толькi ёй вядомае, хоць нiколi не забiў на тым маёнтку цвiка, як не забiваў iх i дома, не ўскапаў грады — вялiкага iмпэту да гэтай працы бацька не адчуваў нiколi. Але ж i цешчы ў галаву не прыходзiла папрасiць «Якаўлевiча» гэты самы цвiк забiць. Забiваць цвiкi — гэта была справа Васiля, мужа матчынай сястры, негаваркога прафсаюзнага работнiка, якога па бацьку Фелiксаўна не назвала, здаецца, нi разу за ўсё жыццё.

Для бацькi Васiлевiчы былi, вядома, нечым нашмат большым, нягледзячы на тое, што выбiраўся ён туды апошнiя трыццаць гадоў хiба пару разоў.

Унiверсiтэт, Інстытут лiтаратуры iмя Янкi Купалы, пасада вiцэ‑прэзiдэнта Акадэмii навук… «Я ўсё жыццё бегаю на службу, а колькi б мог аб’ездзiць, паглядзець, напiсаць»,— пастаянна скардзiўся бацька, ён час свой шкадаваў, на адпачынку — у Дубултах цi Каралiшчавiчах — з ранiцы садзiўся за стол i раней абеду не ўставаў, так што выбрацца да мацi ў Васiлевiчы было няпроста. А потым, як мацi пераехала да малодшага сына ў Брэст, хату прадалi (аб чым ён потым вельмi шкадаваў), — дык аказалася, што i няма куды.

Але, магчыма, была i нейкая iншая прычына тых нячастых наездаў, якая, калi прасачыць за лёсам i ягонага пiсьменнiцкага пакалення, i маладзейшых «шасцiдзясятнiкаў», выяўляецца досыць выразна. Васiлевiчы былi тым месцам, дзе ён перад вайной скончыў на «выдатна» за адзiн год дзявяты i дзясяты класы, дзе ён разам з такiмi ж сямнаццацiгадовымi «падпольшчыкамi» збiраў з патрушчаных немцамi радыёпрыёмнiкаў адзiн цэлы, каб слухаць франтавыя зводкi, дзе наладжваў кантакты з парашутыстамi капiтана Манзiенкi, праносiў магнiтныя мiны, сядзеў у нямецкай турме, адкуль перабраўся ў партызанскi атрад. У Васiлевiчы ён вярнуўся з вайны з пагонамі старшыны армейскай разведкi (куды трапiў за добрую нямецкую мову), малады, прыгожы, а галоўнае — жывы. З Васiлевiчаў паступiў на завочнае ва ўнiверсiтэт, уладкаваўся карэспандэнтам абласной мазырскай газеты «Бальшавiк Палесся», аб’ездзiў свой журналiсцкi «куст»: раёны, вынiшчаныя вёскi, жабрацкiя пасляваенныя калгасы… Скiраванае ў будучае, рамантычнае, шматлiкае перадваеннае пакаленне амаль цалкам было заарана жорсткiм i няўмольным лемяхом гiсторыi, i пасляваенныя Васiлевiчы ўжо нiколi не сталi такiмi, якiмi калiсь былi. Нават з тых, хто застаўся, добрая палова так i не здолела знайсцi сваё месца ў мiрным жыццi, тым больш што i самое жыццё пацiху сыходзiла з «неперспектыўных» вёсак ды мястэчкаў. Васiлевiчам яшчэ адносна пашэнцiла, яны пратрымалiся даўжэй — чыгунка, леспрамгас…

Чым старэйшым станавiўся бацька, тым «маладзейшымi» станавiлiся ягоныя ўспамiны пра Васiлевiчы

— не вайна, не падполле, не «партызанка» — дзед Пiлiп, зацяты ўпарты аднаасобнiк, сыну не дараваў да скону тое, што кiнуў гаспадарку i пагнаўся за чыгуначным «лёгкiм хлебам», а малога «Iваньку», унука, любiў, цягаў з сабою ў лес збiраць бярозавiк, грыбы, касiць на затуленых лясных прагалах сена для аднаасобнiцкага каня; бацька, Якаў Пiлiпавiч, чалавек суровы, сур’ёзны (менавiта такiм ён выглядае на зжоўклых i цёмных перадваенных фотаздымках, ды i па бацькавых аповедах), якi на дзве сотнi не надта важкiх перадваенных рублёў пуцявога абходчыка ды яшчэ на бульбе, што дазвалялi чыгуначнiкам садзiць на паласе адчужэння, цягнуў сям’ю з чатырох дзяцей ды яшчэ выкручваўся неяк плацiць за навучанне — старэйшыя класы школы перад вайной сталi платныя… У бацькавай свядомасцi iшла нейкая пераацэнка: тое, што ў час маладосцi здавалася мiзэрным, дробным, раптам пачало набываць маштаб i важкасць. Яно заўважалася i па тэматыцы твораў, па тым, як змяняўся ягоны пiсьменнiцкi iнтарэс, як увага з напружаных, зломных перыядаў гiсторыi паступова змяшчалася да сцiплых, але вечных тэмаў — дзяцiнства, прыроды, цiхiх правiнцыйных, безнадзейна неперспектыўных мястэчак, да iх побыту i сцiплага люду.

Усё жыццё ён, як адчувалася, трошку шкадаваў мацi, на якую быў падобны не толькi знешне, але i запаволенасцю рухаў, лёгкай нуднаватасцю i адначасова летуценнасцю, жыццёвай непрактычнасцю.

Усмiхаўся, успамiнаючы, што мацi, дачка з багатай сялянскай сям’i, нiколi не магла дараваць дзеду Якаву, што ў замужжы ела горш, чым у бацькавым доме — дзед Якаў, праўда, паводле бацькавых жа ўспамiнаў, мала зважаў на такую лiрыку. А ў апошнiя гады пачаў усё болей успамiнацца яму бацька са сваёй суровасцю, iранiчным стаўленнем да ўсяго таго, што выбiвалася за нормы сялянскага жыцця, тым больш да той плакатна‑агiтацыйнай аптымiстычнай траскатнi, на якую быў гэтак багаты перадваенны час. Кансерватыўна‑абачлiвая мудрасць Якава Пiлiпавiча неаднаразова выратоўвала сям’ю ў вайну — хоць бы тады, калi шаснаццацiгадовы Iван у сорак першым годзе прыпёр у хату цэлае бярэмя зброi з пакiнутых акопаў. Знайшоўшы ў сене цэлы арсенал, дзед Якаў, цiха лаючыся, уначы тапiў яго ў старым закiнутым калодзежы. Ён не мог патлумачыць сынам палiтыку Камiнтэрна, але нават у самыя лiхiя часы ўсе былi пры кавалку хлеба, пры бульбiне i сякiх‑такiх штанах. Тады гэта здавалася драбязой, наперадзе iм — усяму пакаленню — свяцiлi нябачаныя далячынi. А вось у апошнюю пару дзесяцiгоддзяў, калi час бязлiтасна ператрос усё тое, што апраўдвала — хоць часткова — i вынiшчаныя пакаленнi, i жабрацтва палескiх вёсак i мястэчак, i «бесперспектыўнасць» iхнюю ў пасляваенны час (тысячу гадоў былi перспектыўнымi i раптам перасталi) — лёс Якава, як i лёс закаранелага аднаасобнiка, майго прадзеда Пiлiпа выклiкаў у бацькi нейкiя новыя, баюся, што нялёгкiя перажываннi.

Пры апантаным кнiжнiцтве, фенаменальнай падкаванасцi ў любой лiтаратурнай з’яве (адных толькi лiтаратурных часопiсаў выпiсвалася больш за дзясятак, забаронены «Доктар Жывага» цi абсалютна невядомыя ў нас працы «старшынi Мао» цi кнiгi югаслаўскага рэфарматара Мiлавана Джыласа, iдэалагiчна «заганны» «Па кiм б’е звон» Хемiнгуэя (было i такое ) прывозiлiся з Германii цi Францыi i чыталiся на нямецкай, польскай, са слоўнiкам — на англiйскай мове), сялянскi погляд на рэчы застаўся непераможаным. Дзiўна — з сялянскай працы ён любiў i ўмеў толькi касiць — школа прадзеда Пiлiпа не прайшла дарэмна; абразанне бацькам саду ля дома на Лысай Гары межавала са шкоднiцтвам (ён, праўда, шчыра ганарыўся фантастычнай iкебанай абкарнаных слiў i вiшань, пянькамi нядаўна пышных кустоў ружы, матчынай гордасцю), а ўвогуле — не балела яму галава за той сад, ён любiў толькi бярозу каля хаты, якую сам пасадзiў i якая вымахала над усiм пiсьменнiцкiм паселiшчам. Бярозу ён чапаць забараняў. Але ж, праязджаючы з дачы паўз Заслаўскiя кар’еры, якiя распаўзалiся ўсё шырэй — мiнскiя будоўлi патрабавалi безлiч пяску i друзу, ён нядобра падцiскаў вусны i, хiтаючы галавой, нязменна прамаўляў: «Псуюць поле…», як быццам ягоны надзел праглынула ненажэрная зяпа кар’ера. Поле — яно як пачатак пачаткаў, хоць, як чалавек разумны i адукаваны, ён разумеў неабходнасць, непазбежнасць iндустрыяльнага свету — разумеў, але не любiў. Як не любiў акуратненькiх, чыстых нямецкiх гарадоў, а гiпербарэйскiх памераў лужына пасярод вёскi Ваўканосава, у якую па кабiну заходзiў «Беларус» (ён з мацi прывёз мне харчоў на студэнцкую «бульбу», у мясцовай краме апрача солi, «чарнiла» ды хлеба нiчога не было) запалiла ў ягоных вачах вясёлыя агеньчыкi. Лужына — яна ў нас увогуле скразны лiтаратурны вобраз. Архетып.

Васiлевiцкiя таполi, сасна ля чыгуначнага пераезда, палескiя бары, дзе ён паказаў мне «свае» нерушы «меднагаловых», крамяных, вышэйшага гатунку баравiкоў (другое, пасля кнiжак, бацькава шаленства, якое ён таксама здолеў перадаць у спадчыну ўсiм сваiм дзецям) не адпускалi яго да апошняга. У Васiлевiчах не засталося нi хаты, нi сяброў, толькi Якаў Пiлiпавiч ды Марыя Пятроўна на могiлках. I ён усюды шукаў свае Васiлевiчы, страчаныя, незваротныя, як маладосць. Васiлевiчы, якiх ужо не было. То ездзiў са мной на кiрмаш у Ракаве, хадзiў, глядзеў парсючкоў, купляў сабе кавалак старога сала цi жылаватай таннай каўбасы (кавалачак менавiта такой нiбыта яму адразаў у дзяцiнстве нейкi мiфiчны дзядзька Iлля), то рваўся «прыкупiць хату у якiм сельсавеце», а то прасiў завезцi яго ў глухую лясную вёсачку на Лагойшчыне: едучы з грыбоў, мы бачылi там каля бядняцкай, тры на чатыры, хаткi каларытнага беларускага дзядка з кульбаю, у дзiўным брылi… Бацька хацеў папрасiцца пераначаваць, пагаварыць, паглядзець на зоры ўначы… Iдэя стаць на начлег у незнаёмай вёсцы без дай‑прычыны захапiла мяне слаба, а вось пра якую ладную хату я абяцаў яму падумаць — вiдаць, для яго два дачныя дамы пад Мiнскам было сапраўды не тое… Але адклаў на адно лета, тады на другое. А там i не спатрэбiлася ўжо.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?