Паэт і лідэр грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Уладзімір Някляеў распавёў, як быў адным з самых багатых людзей у Мінску і якога Аляксандра Лукашэнку ён ведае.
«Я быў беларускім савецкім паэтам»

— На XXVI з’ездзе КПСС у 1981 годзе вы, лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола, чыталі свае вершы. Відавочна, пачатак кар’еры стаўся даволі паспяховым, калі даверылі вітаць партыйны з’езд ад імя ўсёй савецкай моладзі. А самому вітаць хацелася? Як ставіліся да гэтага? Быў нейкі надлом у душы, ці вы ўспрымалі ўсё спакойна: маўляў, ёсць неабходнасць, праца, а ёсць творчасць, і гэта цалкам асобныя, не звязаныя рэчы?

— Калі б надта мне гэтага хацелася, я б мог рабіць тое самае і цяпер. Наперадзе ў нас Усебеларускі Сход — чым не партыйны з‘езд? Пішы, вітай…

«Плыви, страна, эпохи ледокол! Звени в цехах! Шуми в полях без края!..« — чытаў я на з’ездзе. І мне не здавалася, што я раблю нешта такое, пасля чаго трэба страляцца. Калі табе прапанаваны нейкія ўмовы гульні, дык ты іх ці прымаеш, ці не. Я быў беларускім савецкім паэтам — і не прыняць іх не быў гатовы.

Зрэшты, даволі падрабязна я напісаў пра ўсё гэта ў эсэ «Спроба аўтабіяграфіі», надрукаваным у кнізе «Выбранае», якая выйшла ў гэтым годзе ў выдавецтве «Кнігазбор». Каго цікавіць — калі ласка.

— Калі я спытаўся ў Генадзя Бураўкіна, «ці жыў ён у савецкі час з душэўным разломам, ці было адчуванне нейкай унутранай драмы», то Генадзь Мікалаевіч даволі адназначна адказаў: «Шчыра скажу: адчування драмы і трагедыі не меў». Як вы ацэніце сваё стаўленне да савецкай рэчаіснасці — ці была гэта дуля ў кішэні, ці гэта было свядомае прыстасаванства?

— Магу падпісацца пад словамі Бураўкіна: адчування драмы і трагедыі не меў. І не трымаў дулі ў кішэні, і не думаў пра свядомае прыстасаванства. Як зусім не думала пра гэта пераважная большасць людзей, якія проста жылі тым жыццём у тым часе.

Я не быў дысiдэнтам. Хоць юнацтва маё прыпала на апошнія гады хрушчоўскай адлігі, і я быў блізкі да асяродку Кіма Хадзеева — ці не адзінага на ўсю Беларусь сапраўднага дысiдэнта.

Гэты асяродак стаўся антысавецкай, як яго назвалі ў КГБ, групоўкай Хадзеева, але я не стаў праз тое антысаветчыкам. Мы чыталі забароненую літаратуру — Ахматаву, Салжаніцына, Пастарнака, мы рамантычна гулялі ў гульню пад назвай «адліга», але мне не ўяўлялася магчымым разбурыць сістэму, зрушыць падмурак, на якім яна стаяла.

Мне не падабаліся асобныя праявы той сістэмы, не падабаліся асобныя людзі, яе прадстаўнікі, не падабаліся асобныя рашэнні, якія прымаліся. Таму я лічыў патрэбным рабіць так, каб змяншаць адмоўныя наступствы гэтых рашэнняў. Рабіць тое самае, што рабіў Генадзь Бураўкін, які, працуючы кіраўніком тэлебачання, імкнуўся ператварыць яго ў беларускае.

І я, працуючы галоўным рэдактарам дзвюхмоўнага часопіса «Родник», ператварыў яго ў цалкам беларускамоўны часопіс «Крыніца». Дайце веры, што і Бураўкіну, і мне далося яно не проста.

— Калі новае пакаленне часам занадта трагічна гаворыць пра сённяшнюю ўладу, якая трымаецца ўжо 16 гадоў, то міжволі ўзгадваецца савецкі час. Было адчуванне, што гэта навечна, ці было спадзяванне, што гэта можа змяніцца яшчэ пры вашым жыцці?

— Вечны толькі Бог. Але таго, што савецкая ўлада можа доўжыцца да канца твайго жыцця, ніхто не выключаў.

Аднак — з тваім жыццём не сканчаецца ўсё астатняе. І мы, як маглі, як дазвалялі ўмовы, працавалі на тое, што не скончыцца па-за нашым жыццём — літаратура, культура, спадчына, Беларусь.

Чаму мы ставіліся да той улады так, як ставіліся? Цалкам яе не адпрэчваючы? Усё вельмі проста: іншай улады, іншых умоваў жыцця мы не ведалі.

Мая маці пытала: «Што ты, сынок, наракаеш на ўладу савецкую? Ты б паглядзеў, што раней было. Калі мяне за быдла лічылі. Я хацела хадзіць у школу, а мне казалі: у хлеў ідзі!.."

Дарэчы, калі нехта даводзіць, што большасць людзей незадаволеная сённяшняй уладай, дык гэта няпраўда. Многія задаволеныя. А чаму? Бо нічога лепшага не бачылі.

Савецкае жыццё было не лепшым, а іншае — невядомым. За 15 апошніх гадоў толькі 9% насельніцтва Беларусі з’ездзіла за мяжу! І як, што і з чым яны могуць параўноўваць? Ні з чым і нічога. Таму і рады «чарцы ды шкварцы».

Мне казалі: «Ты дурны? Што ты робіш? Сёння ніхто нічога не вяртае!»

— У канцы 80-х вы кінуліся ў творча-камерцыйную дзейнасць. Гэта было цікава, ці проста з’явілася магчымасць зарабляць грошы?

— Той час выкінуў на паверхню людзей, якія хутка зразумелі, што ніхто ў гэтай краіне ўжо нічога не кантралюе і рабіць можна ўсё. У мяне такога адчування не было. Я думаў: «Няхай усё развальваецца, але ты ў самім сабе развалу дапусціць не можаш. І не можаш дзейнічаць не па законах, хоць іх нібыта ўжо й няма».

Да прыкладу, я браў крэдыты — і вяртаў іх. Усё да апошняй капейкі. Мне казалі: «Ты дурны? Што ты робіш? Сёння ніхто нічога не вяртае!.." Тым не менш, нават пры такіх «дурных» паводзінах мы (я кажу мы, бо быў не адзін) сталі ў той час ці не самымі багатымі людзьмі ў Мінску.

Не стану казаць, што грошы заміналі мне жыць. Быць багатым — някепска. Але ўсё гэта было выпадковым. Сапраўды дурным, не маім. І ўсё яно як прыйшло — так і знікла.

Не помню, каб я быў шчаслівы праз тое, што ў мяне ў кішэнях больш грошай, чым у іншага. І я зайздрошчу тым, хто праз грошы мае шчасце. І нічога яму больш не трэба, бо ўсё, як ён лічыць, у яго ёсць. І не думае ён, што трэба будзе аддаваць нейкія крэдыты. Але вяртаць іх — рана ці позна — давядзецца.

Не адчуваў я асаблівага шчасця і ад улады. Ад той, ва ўсякім разе, якую меў.

Маім лёсам, маім жыццём, маім прызначэннем ад пачатку была літаратура. Тое, дзе я сам сабе і багацей, і валадар. І толькі той, хто ўзлятаў у космас, адкуль дыктуюцца тэксты, здольны зразумець асалоду, якую дае творчасць. Гэта не параўнаць ні з тым, што даюць грошы, ні з тым, што маеш ад улады. Бо гэта дае Бог.

— Пачакайце, я не магу не адрэагаваць. Вы кажаце, што ані грошы, ані ўлада не прынеслі вялікага задавальнення. Але гэта кажа не самотнік, што жыве на лецішчы, а лідэр гучнай грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду». Ці няма тут пэўнага парадокса?

— Ніякіх парадоксаў. У чалавеку, як хрыбет, ёсць нешта, што з яго не выдраць. Гэта могуць быць як прынцыпы, гэтак і звычкі. Ці ўяўленні пра тое, як яму — у адрозненне ад іншых — жыць. І ўва мне такое ёсць.

Скажам, ад нечага я не магу адмовіцца, бо лічу (можа быць, памылкова), што так, як гэта зраблю я — не зробіць ніхто. Менавіта гэта, а не штосьці іншае, стала прычынай і матывацыяй майго ўдзелу ў кампаніі «Гавары праўду».

Я разумею, што за праўду атрымаю ад улады па поўнай. Рэжым не спыніцца ні перад чым, каб застацца пры ўладзе. І прымаючы рашэнне, пачынаючы кампанію, я сам у сябе — вось як вы ў мяне зараз — пытаўся: «Ты хіба не навучаны горкім вопытам?» Але…

— Ёсць такое слова — «трэба»?

— Па сутнасці, так. І яшчэ ёсць два складнікі, ці дзве душы, якімі я жывы: душа бацькі і душа маці. Калі маці — гэта паэзія (дабрыня, усёдараванне), дык бацька — сіла і воля. Суровая проза. І ў пікавыя моманты жыцця выяўляецца менавіта характар бацькі. Без гэтага я быў бы не тым, кім я ёсць. Іншым чалавекам.

«Ты проста будзь пры мне — і табе больш нікім не трэба быць»

— Некалькі слоў наконт таго, як вы былі навучаны горкім вопытам адносін з уладай… Нагадаем чытачам, што ў 1998 годзе вы атрымалі Дзяржаўную прэмію і сталі старшынёй Саюза пісьменнікаў, паспрабаваўшы знайсці агульную мову з Лукашэнкам. Як сёння глядзіце на тыя свае паходы ва ўладу, ці варта было гэта рабіць?

— Калі з усяго таго, што я рабіў напрыканцы 90-х, не атрымалася чаканага выніку, шмат хто пачаў ківаць мне: «Ну вось, мы ж казалі». А што казалі?..

На радзе Саюза пісьменнікаў вырашылі, што я павінен знайсці нейкія шляхі да ўлады, каб дамовіцца пра вырашэнне праблем нацыянальнай мовы і культуры. Так што гэта было не маё асабістае рашэнне, дакладней, не толькі маё — і не факт, што ўсе загадзя ведалі, што нічога з гэтага не атрымаецца.

Напачатку якраз усё атрымлівалася. Са мной гулялі ў паддаўкі, ківалі галавой. Патрабаваўся нейкі час, каб пераканацца, што гэта гульня. Я атрымаў прапанову ісці ва ўладу: «У цябе будуць грошы, пасада, і ўсе, хто зараз на цябе гаўкае, будуць лізаць табе адно месца».

— А якая пасада прапаноўвалася?

— Канкрэтная не абгаворвалася. Але быў, так бы мовіць, і беспасадны варыянт: «Ты проста будзь пры мне — і табе больш нікім не трэба быць».

Дарэчы, так па сутнасці і было: я не займаў ніякай дзяржаўнай пасады, але пэўны час перада мной адчыняліся дзверы любых дзяржаўных кабінетаў. Бясконца такая гульня не магла цягнуцца — і мяне паставілі прад выбарам: «Альбо — альбо!»

Тады ўсё і скончылася. Аднак гэта было пасля, а не да таго. Я якраз з тых людзей, якія існуючыя магчымасці стараюцца скарыстоўваць да канца, якімі б яны неверагоднымі ні выглядалі.

На сёння ў мяне няма ніякай асабістай нянавісці да Лукашэнкі, жадання яму адпомсціць. Як у тых, хто быў некалі ім пакрыўджаны. Помста — не той рухавік, які можа прывесці да пазітыўнай мэты.

Лукашэнка, як муха ў вареннi, завяз у часе, які прамінуў. Зацукрыўся. Там жа засталіся ўсе ягоныя гульні, якія звязалі яго па руках і нагах. Ён няздольны да нейкіх унутраных зрухаў, зменаў, а значыць, не здольны на істотныя змены ў дзяржаве.

— Вы перакананыя, што ён вычарпаў свой палітычны патэнцыял?

— Так, цалкам. У чым заключалася ўся ягоная палітыка? У тым, што выказана ў прымаўцы: «Хітрае цялятка смокча дзве маткі».

Але праз нейкі час нават карова можа спытацца: «А чаго гэта я кармлю не свайго? Ды яшчэ брыклівага…» Вось яна так спыталася — і скончылася ўся «хітрая» палітыка.

«Тое, што я раблю ў кампаніі „Гавары праўду“, вельмі падобнае на творчасць»

— Тады і мне дазвольце спытацца…. Калі асабістых прычын змагацца з Лукашэнкам няма і асаблівай асалоды ад улады таксама не атрымліваеце, дык што прывяло ў кампанію «Гавары праўду»?

— Тое самае, што і ў літаратуру. Прага ствараць. А тут яшчэ дадалося жаданне рэалізаваць сябе не толькі ў словах, але і ў дзеяннях.

Тое, што я раблю ў кампаніі «Гавары праўду», вельмі падобнае на творчасць. Можна прыдумаць кампанію на паперы, а можна стварыць яе ў рэальнасці. Не вывесці нейкіх герояў, персанажаў у нейкім творы, а рэальна павесці за сабой рэальных людзей.

— У творчасці ўсё залежыць толькі ад вас, а тут, у палітыцы, шмат фактараў, на якія не можаце паўплываць…

— Дык у тым і дадатковы стымул. Бо там ты пераадольваеш толькі самога сябе, а тут яшчэ і чужую волю, чужы супраціў.

Гэта вельмі цікавы занятак: пераадоленне. Я да гэтага прывучаны, я стаяў ці ні на ўсіх галоўных сцэнах СССР і Беларусі. І рэдка не ўдавалася мне завалодаць якой-небудзь залай. Хіба што глуханямой… А завалодаўшы, я адчуваў радасць, блізкую да творчай.

З кампаніяй «Гавары праўду» рэалізую свой рэальны сцэнар у рэальным часе. Я бачу ў гэтым сцэнары магчымасць змяніць сітуацыю ў Беларусі. Менавіта праз гэта, а не праз нейкія міфічныя грошы, якія мне Пуцін з Мядзведзевым плацяць, я раблю тое, што раблю.

Дарэчы, калі Лукашэнка, як ён сцвярджае, з Пуціным і Мядзведзевым сябруе, дык хай бы наўпрост дазнаўся ў сяброў: плацяць яны мне, ці не? І з некаторымі апазіцыйнымі таварышамі гэтай інфармацыяй хай бы падзяліўся. А то накінуліся хеўрай: той з арыштамі і ператрусамі, а тыя — з плёткамі і паклёпамі…

— Кажучы гэта, што маеце на ўвазе?

— Пакуль што толькі тое, што сказаў.

— Тады ў працяг пытанне… Як адносіцеся да закідаў адносна таго, што кампанія «Гавары праўду» — прыдумка спецслужбаў? У прыватнасці, да нядаўняга артыкула Зянона Пазьняка?

— Роўна. Фантазіі Зянона Станіслававіча (якія палягаюць на тым, быццам, я не ведаю, што раблю, і тым самым спрыяю Лукашэнку, які, у сваю чаргу, лічыць мяне агентам Крамля) не могуць адмяніць таго, што рэальна зроблена Пазьняком і на чым палягае мая да яго павага. Нязменная.

Я ведаю, што такое эміграцыя… Па першым часе не змаўкае тэлефон, паштовая скрынка завалена лістамі, не зачыняюцца дзверы за гасцямі, а потым наўкол цішэй і цішэй, пусцей і пусцей — да знікнення… І ўзнікае крыўда, адчуванне, што ты адзін тут змагаешся, за ўсіх пакутуеш, а яны ўсе там прыстасаваліся, прыгрэліся, прадаліся!

Так яно ці не так — як пераканацца?..

Вяртацца.

«Пайсці з улады? На гэта Лукашэнка не запраграмаваны»

— Не толькі Пазьняк, шмат хто лічыць, што вас, такую яркую асобу, вядомага паэта, могуць выкарыстоўваць як твар гэтай кампаніі, а потым у патрэбны момант выскачыць нейкі палітык, на якога гэтая раскручаная кампанія і будзе працаваць. Што на гэта скажаце?

— Хто, скажыце, выскачыць? Хто і адкуль, калі ўжо ўсе адусюль павыскоквалі…

Паўтараю тое, што сто разоў казаў: кампанія адразу, ад пачатку, задумвалася як людская. Маральная. Чамусьці грамадства ці не хоча, ці не здольнае ў варунках бясконцага падману паверыць, што могуць быць людзі, якія лічаць мараль і сумленне найпершымі чалавечымі каштоўнасцямі.

Хаця якраз за гэта змагаліся нашы папярэднікі. Васіль Быкаў, Алесь Адамовіч… Хіба дарма змагаліся? Я лічу: не дарма. Кампанія «Гавары праўду» — адзін з вынікаў гэтага змагання і ягоны працяг.

— Я магу патлумачыць, чаму людзі скептычна ставяцца да таго, што «Гавары праўду» — чыста маральная акцыя. З’явілася яна ў перадвыбарчы год, на яе працавалі палітычныя актывісты існуючых структур… Згадзіцеся, былі падставы падазраваць тут палітыку?

— Дык вось усе, хто так думаў, казаў, разам з уладай і нарадзілі ўжо нешта новае. Цяпер, пасля таго, што адбылося, пасля арыштаў і ператрусаў відавочна, што кампанія будзе ўдзельнічаць у палітычным працэсе.

— І каго вы гатовы падтрымаць?

— Найперш — адзінства ўсіх дэмакратычных сіл. Гэта не тое самае, што адзіны кандыдат, але мы гатовы падтрымаць і адзінага кандыдата. Калі ж яго не вызначаць, будзем вылучаць свайго.

— Вы аддасце свой рэсурс, незалежна ад таго, якое прозвішча будзе названа?

— Не. Калі аддадзім абы-каму, дык Пуцін з Мядзведзевым могуць нас не зразумець…

Ведаеце, Віталь, ёсць гульня ў палітыку — і ёсць палітыка. І яна — не гульня, а палітыка — гэта найперш адказнасць. За ўсіх і ўсё, хто і што за табой стаіць. Менавіта гэтым ты змушаны кіравацца, якім бы вольным ні здаваўся самому сабе ў сваіх словах і дзеяннях.

Ёсць логіка развіцця падзей — і кожны папярэдні крок вымагае кроку наступнага. Шляху, які наканавана прайсці да канца. І мы яго пройдзем, чаго б гэта нам ні каштавала.

Хоць наогул, каб захаваць рэсурсы і людзей, было б за лепшае прыняць іншае рашэнне. Тым больш, што рэсурсы нам дадзены менавіта пад грамадзянскую кампанію.

З людзьмі, якія вырашылі нам дапамагчы, мы дамовіліся, што кампанія «Гавары праўду» будзе доўжыцца і пасля выбараў. Нават калі пераможа наш кандыдат, адразу праўды не стане дастаткова, а мана не схаваецца ў норы.

— Вы былі асабіста знаёмыя з Лукашэнкам, можаце рабіць пэўныя высновы пра ягоную асобу. Ці можа ён сам саступіць уладу?

— Меркаванні некаторых палітолагаў наконт таго, што Лукашэнка адмовіцца ад удзелу ў выбарах, бо ён стаміўся, і пасля нараджэння малодшага сына можа сабе дазволіць пайсці з улады — безпадстаўныя. Не можа ён сабе такое дазволіць! Праз сутнасць сваю, праз прыроду. Праз прагу ўлады, на адмову ад якой дзеля будучыні Беларусі гэты чалавек не запраграмаваны.

Між іншым, да якой будучыні ён вядзе Беларусь, красамоўна паказала галасаванне на апошнім конкурсе Еўрабачання. Яно было зусім не музычным (нашы дзяўчаты з хлопцамі не так кепска спявалі), а дэманстратыўна палітычным. Як на Захадзе, так і на Ўсходзе. Нас «пракінулі» не толькі немцы з французамі, але і рускія з украінцамі — калі такое было?

Мы блізкія да поўнай ізаляцыі ў цэнтры Еўропы, да нацыянальнага сораму — і пры Лукашэнку сітуацыя не зменіцца. Не можа змяніцца, бо ён сам «нязменны».

Таму нязменна, як заўсёды, праз калена ламаючы ўсё і усіх, правядзе чарговую прэзідэнцкую кампанію. Але якой «элегантнай» ні была б ягоная «перамога», колькі ён сам сабе — хоць 99,9% — ні загадае намаляваць галасоў на выбарах, мы будзем дакладна ведаць, як насамрэч прагаласавала Беларусь: за «стабільнасць» ці за перамены. Ад колькасці людзей, якія прагаласуюць за перамены, і будзе залежыць маральнае права адзінага (ці не адзінага) кандыдата рабіць тыя ці іншыя крокі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?