Сярэдняя тэмпература ліпеня аказалася рэкордна высокай.

За сотню гадоў назірання такой гарачай сярэдзіны лета яшчэ не было.

А жнівень паддае жару. На ўсходзе краіны ў наступныя дні чакаецца да 38—40 градусаў!

Найгоршае чакае Усходняе Палессе, Падняпроўе і Пасожжа. У Гомелі на сераду і чацвер абяцаюць плюс 38, у пятніцу — 39, а ў суботу — 40! Нават ночы не прынясуць палёгкі, бо паветра будзе астываць толькі да 24—25 градусаў.

Такія тэмпературы звыклыя для пустыняў, але не для Беларусі з яе ўмераным кліматам.

Асаблівай спёкаю адзначацца пятніца і субота — тэмпературы 35—40 градусаў прагназуюцца на большай частцы тэрыторыі. Лагаднейшыя дні чакаюцца толькі ў заходняй частцы Беларусі.

У нядзелю гарачыня троху пачне спадаць, але не ўсюды: сквар распаўсюдзіцца на Панямонне.

Як патлумачыла галоўны сіноптык Гідраметэацэнтра Вольга Фядотава, гарачыня да нас ідзе з боку Азіі — з Міжземнага мора. Над Усходняй Еўропаю навіс магутны антыцыклон. Зона вялікага ціску не дае прабіцца да нашых земляў халоднаму паветру з Атлантыкі.

У ліпені медыкі канстатавалі павелічэнне колькасці выпадкаў праблемаў са здароўем, асабліва ў сардэчнікаў. Парушыўся і працоўны рытм: прыватнікі адпусцілі работнікаў, на дзяржпрадпрыемствах скарочаны працоўны дзень.

Сіноптыкі не звязваюць анамальную спёку з глабальным пацяпленнем. Справа ў размеркаванні тэмпературнага рэжыму. «Зімой у нас тэмпература была ніжэйшай за норму, цяпер вышэйшая. У Лацінскай Амерыцы цяпер назіраюцца рэдкія для мясцовага клімату маразы,» — паведаміла В.Фядотава.

Толькі нам ад таго не лягчэй.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?