«Калі ты чалавека папракаеш, ты павінен сказаць канкрэтна — дзе, колькі і навошта», — так пракаментаваў Аляксандр Лукашэнка заявы іншых кандыдатаў у прэзідэнты.

16 снежня беларускі кіраўнік адказаў на пытанні вузкага кола журналістаў у Мірскім замку. Фрагменты гутаркі былі паказаны па айчынных тэлеканалах.

«Нават не мяне,

а маю маці больш за ўсё засмучае тое, калі яе сын… Я прыходжу да яе, і яна з гэтага пачынае адразу: «А сынок, а даражэнькі мой, а ты ж у мяне ніколі нічога чужога не браў, а ты ж чужога не краў, ну навошта табе гэта?»

Я кажу: «Мама, «што навошта»? Ты што, верыш, што я нешта ўкраў у кагосьці?» — «Ды не, навошта табе гэта, што табе казалі? Ды кінь ты гэта, пускай яны тут працуюць» і так далей і так далей.

Вось гэта больш за ўсё забівае. Калі ты чалавека ў нечым папракаеш, ты ж думай, што гэта не толькі я, які так ці інакш можа гэта вытрымаць. Але ў мяне ж ёсць дзеці, маці і іншыя, якія гэта бачаць, дый людзі, якія мне вераць, якія гэта ўсё бачаць, і для іх гэта балюча».
«Ну, увогуле, Бог ім суддзя. Прыйдзе час, мы пра іх раскажам. Раскажам вельмі шмат.

На злодзеі шапка гарыць, ведаеце, ёсць такая прыказка ў нашых людзей. Вось ім бы, гэтым праўдарубам і байкапісцам, трэба было б расказаць пра сябе. І як дзейны прэзідэнт некаторых іх за вушы з турмы выцягваў. Вось гэта народу было б цікава», — мяркуе афіцыйны лідар.

Лукашэнка заявіў, што не хоча апраўдвацца. Пры гэтым зазначыў, што «ўлада, так ужо ўстаялася ў свеце, — гэта заўсёды зладзеяватая сфера».

Беларускі кіраўнік раскрытыкаваў намер некаторых кандыдатаў у выпадку прыходу да ўлады скараціць Кіраўніцтва спраў прэзідэнта і расфарміраваць прэзідэнцкія фонды: «Некаторыя кажуць: мы павысім пенсіі, «зробім, як у Еўропе». За кошт чаго? За кошт скарачэння Кіраўніцтва спраў прэзідэнта. Або: мы расфармуем фонды прэзідэнта там, вось у яго ў фондах гэта, гэта. Якія фонды ў прэзідэнта? Вучнёўскай моладзі фонд падтрымкі, таленавітай моладзі фонд падтрымкі, гэта значыць дзяцей падтрымліваем. І ў бюджэце рэзервовы фонд прэзідэнта. Калі раптам нешта здарыцца, вось як у Расіі, палова Расіі згарэла. Адкуль грошы возьмем? Таму я палічыў як добры гаспадар, я заўсёды трымаў гэты рэзерв у бюджэце, ён зацвярджаецца парламентам, законам. Ну давайце расфарміруем гэтыя фонды. Што мы атрымаем? Але людзі ж не ведаюць. Яны думаюць, што фонды — гэта значыць у кішэні ў прэзідэнта або дзесьці мяшкі ляжаць мае асабістыя, выкрадзеныя ў народа, і г.д. і да т.п.».

«Калі людзі гэтага не ведаюць, можна гэты бруд запусціць: вось, глядзіце, у нас такі прэзідэнт, калі мы гэта ўсё ліквідуем, мы будзем жыць лепш, усе атрымаюць ільготы. Падман, поўны падман», — наракаў Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?