Зігмунд Фройд, якога я люблю значна менш за Жака Лакана, вылучаў пяць стадый развіцця свядомасці чалавека.

На першай з іх, аральнай, якая цягнецца да 1,5 гадоў, рот дзіцяці выступае ў якасці першаснай крыніцы задавальнення, што выяўляецца ў смактанні, кусанні ды глытанні навакольнага свету. На другой стадыі (паводле Фройда – да 3,5 гадоў) дзіця прывучаецца да прыбіральні, канцэнтруючы свае адчуванні на самарэгуляцыі ў гэтым складаным працэсе. На трэцяй стадыі (да 6 гадоў) чалавек пачынае асэнсоўваць уласную сэксуальнасць, на чацвёртай, латэнтнай (да 12 гадоў), «Я» часова перамагае «Яно», а энергія пераносіцца на вучобу, культуру і сяброўства. Апошняя стадыя (з 12 гадоў) фіналізуе працэс сталення – мы канчаткова робімся аб’ектамі, прыдатнымі да аналізу метадамі Фройда.

Калі мы пільна прагледзім любы сайт, прысвечаны жыццю беларускага горада, мы пабачым, што на 70% гэты прадукт складаецца з дэталёвага апісання месцаў, дзе чалавек можа пад’есці.

Гэта тычыцца гігантаў з мільённымі штодзённымі наведваннямі, гэта тычыцца стартапікаў, што складаюцца з дзевачкі Алены, яе айбука і яе ж твітар-акаўнта, які забяспечвае ёй сто пераходаў на кожны пост (таму што ў дзевачкі Алены прыгожы юзэрпік у паласатых калготках, ён вельмі падабаецца хлопчыкам).

Адзіны спосаб расказаць гісторыю пра горад тут – гэта закрануць страўнік.

Адзіная тэма – новае месца, дзе можна пакаштаваць хінкалі, ці том ям, ці арганічны біядэсерт з абястлушчанымі вяршкамі. Адзінае прыцягальнае месца – бар, дзе нармальна робяць дайкіры ці, што яшчэ цікавей (бо адразу забяспечвае каменты), робяць дайкіры дрэнна, абы-як!

Я не ведаю ніводнай іншай краіны, дзе «быць гарадскім сайтам» да такой ступені азначала б пісаць пра кавярні, стравы, ежу, напоі ды кактэйлі. Ні ў Нью-Ёрку, ні ў Вене, ні ў Берліне, ні нават ў блізкіх да нас Вільні ці Маскве на буйных медыяпляцоўках, што расказваюць пра жыццё мегаполісаў, не надаецца так шмат увагі кавярням ды рэстарацыям.

Што самае цікавае – гэты культ ежы назіраецца ў горадзе з найменш дасканалай рэстараннай культурай. У сталіцы, якасць установаў якой несупастаўляльная з суседняй Вільняй як па цэнах (яны ў нас вар’яцкія), так і па меню і рэцэптурах.

На ўвесь Мінск – два пазнавальныя рэстаратары, аднаго з якіх я вельмі паважаю, да другога стаўлюся скептычна. І вось пры настолькі яўнай адсутнасці герояў з рэпутацыяй, з характарамі – такі гераічны эпас усюды!

За мяжой у кавярнях людзі чытаюць пра музыку ды кіно, у нас, нават ідучы ў кіно, вымушаныя чытаць пра рэстараны, рэстараны, рэстараны. «На Камсамольскай рыхтуецца кавярня з магчыма кругласуткавым рэжымам працы»! Уаў!!! Які разварот! Магчыма кругласуткавы, ну! «Катэ-бар на Мазурава прапануе бясплатную каву наведнікам з катамі»! Ну бедныя ж коцікі!

Самы папулярны ў Беларусі інтэрнэт-сайт мае раздзел «Ежа» і не мае раздзела «Культура». Задумайцеся пра гэта.

На першы погляд, гэта вельмі проста зразумець. Гэткае замкнёнае кола: аўтары пішуць пра «новыя месцы», інвестары, замест таго каб укладацца ў іншыя сферы, пруць у агулпіт, бо «пра яго ж пішуць», а значыць, там «дзвіж»! Яны нясуць грошы дызайнерам, робяць рамонт, наймаюць стылістаў, кухараў ды ўкладальнікаў меню (цяпер тут рэй вядуць літоўцы, і гэта добра, гэта значна лепей за моду на бюджэтных французаў, што лунала ў сталіцы гадоў дзесяць таму). Нарэшце, яны робяць гала-адкрыццё з «блогерамі» ці без іх, з «зоркамі» ці без іх. Пасля гэтага здзіўляюцца пустым фатэлям ва ўласным інтэр’еры – як так! Адкрыццё ж было і з «блогерамі», і з «зоркамі!», боўтаюцца тры месяцы, нічога не адбіваюць, закрываюцца, прадаюцца, і праз тры месяцы ўзнікае інфармацыйная нагода паведаміць пра «новае новае месца», напрыклад, з фоткамі Коўна і відам на прамёрзлае возера. Чаму Коўна побач з возерам – не пытайцеся. Ці запытайцеся праз тры гады. Калі яшчэ будзе ў каго…

Дык вось, думаць так, як апісана вышэй, – памылка.

Бо не трэба зыходзіць з таго, што інвестары – дэбілы. І рэдактары – дэбілы.

А яны – не дэбілы. Не першыя, ні другія. Нават дзевачка Алена не дэбіл, бо здолела ж уцяміць, што паласатыя калготы ў твітэр-акаўнце гарантуюць 100 пераходаў на рэкламныя допісы.

Праблема глыбейшая. Праблема ў тым, што калі б гэтыя ўсе парталы і стартапы спынілі пісаць пра гэтыя, прасці госпадзі, катэ-бары, і пачалі дэталёва аналізаваць вобразнасць у творах Сяргея Палуяна, іх, гэтыя парталы і стартапы, проста перасталі б шэрыць.

І наяўнасць раздзела «Ежа» пры адсутнасці раздзела «Культура» – гэта не праблема рэдакцыі, гэта праблема грамадства, якое спажывае тое, што піша рэдакцыя.

Тут хацелася б адзначыць, што ў байнэце можна знайсці цікавыя гарадскія сайты, якія захоўваюць прыстойную папулярнасць, не мацаючы чытача за страўнік. І іх я чытаю з асаблівай асалодай. Але большасць стаіць у чарзе па абслугоўванні адзінай гарадской тэмы ў краіне: дзе б і чаго б пажэрці.

Самы час задацца пытаннем, чаму так сталася, што грамадству цікавей прачытаць пра «элітны клуб на Сурганава» (апошняе – цалкам сур’ёзна! Установа называецца Lollipop) ды нецікава прачытаць пра апошнюю кніжку Андрэя Адамовіча ці Таццяны Заміроўскай. Можна было б прыгадаць модную цяпер фішку пра новае Сярэднявечча, якое наступае на нас поруч з новай медыйнасцю.

Аднак гэтае Сярэднявечча тут зусім не пры чым. Таму што ў Вільні – тое ж новае медыйнае Сярэднявечча. І ў Берліне, і ў Вене. А тэмы там іншыя. Як для допісаў, так і для размоваў.

У Вільні, напрыклад, ведаеце, балет «Чурлёніс» усе вельмі абмяркоўваюць. А вось у вас, напрыклад, ёсць меркаванне пра тое, як у нашым оперным ставяць «Чароўную флейту»? Не? Абляпіхавы кактэйль цікавейшы?

Дык вось, мне здаецца, гэта ўсё – ад аральнай фазы, на якой мы цяпер глабальна знаходзімся. Усё нашае лібіда сканцэнтраванае ў раёне рота. Мы ядзім сусвет, мы п’ём яго, мы спасцігаем яго праз ягоны смак. Які сэнс даваць дзіцяці, якое смокча соску, артыкул з разборам «Міфагеннага кахання каст» Пеперштэйна? Не той, прабачце, момант. Зігмунд кажа, аральную фазу трэба проста перарасці. Пройдзе час, яны падгадуюцца і зразумеюць. Што абмяркоўваць кавярню «Маржэ» ці рэстарацыю «Дубровъ» якую – о экстазъ!!! – адкрылі «маскоўскія рэстаратары», – не тое каб непрыстойна, а проста крыху смешна.

У гэтым горадзе амаль штовечар праходзіць лекцыя па гісторыі мастацтва, кінапаказ, адкрыццё новай выставы, кніжная прэзентацыя. А таму калі наясцеся ў «Дуброве» – пад’язджайце! Пасталець ніколі не рана.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?