У чацвер Шатландыя праводзіць рэферэндум аб незалежнасці. Ніхто не прадкажа выніку. Лёс краіны могуць вырашыць долі працэнта, думкі раздзяліліся 50 на 50.

Калі Шатландыя вырашыць аддзяліцца, катастрофы не будзе. Лондан даў шатландцам волю самім вырашаць свой лёс. Але ўсе англійскія палітыкі ў адзін голас агітуюць за адзінства. «Не рабіце кроку ў невядомасць», — заклікаў прэм’ер Кэмеран.

Шатландыя – пяцімільённы рэгіён. У яго багатая гісторыя, асобныя традыцыі – не толькі спадніцы-кілты. У свой час шатландцы пралілі ў бітвах за сваю незалежнасць шмат крыві, але не выстаялі супраць багатай і шматлюднай Англіі.

Як нацыю, шатландцаў падарвала страта роднай, кельцкай мовы. Застаўся толькі акцэнт. Ім гавораць, напрыклад, героі рамана і фільма «На ігле». Дарэчы, яго аўтар Ірвін Уэлш горача падтрымаў незалежнасць Шатландыі. Як і акцёры Шон Конэры, Джэрард Батлер.

Калі шатландцы выберуць самастойнасць, гэты прыклад «мірнага разводу» могуць паўтарыць Каталонія, Краіна Баскаў, Корсіка і многія іншыя рэгіёны са сваімі адметнасцямі. Асабліва калі Еўрасаюз здолее знайсці механізм, як злучаць меншыя дзяржавы без аслаблення супольнага эканамічнага і абароннага патэнцыялу.

Іншы варыянт – як Квебек, які ўжо некалькі разоў галасаваў супраць незалежнасці ад Канады.

Але што важна — свой выбар і шатландцы, і Квебек, і каталанцы робяць не пад дуламі аўтаматаў зялёных чалавечкаў. І самалётаў нічыіх не збіваюць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?