Новым старшынёй Беларускай федэрацыі валейбола (БФВ) выбраны кіраўнік Следчага камітэта Валянцін Шаеў. За яго кандыдатуру аднагалосна прагаласавалі ўдзельнікі сённяшняй справаздачна-выбарнай канферэнцыі БФВ.
Валянцін Шаеў змяніў на пасадзе кіраўніка валейбольнай федэрацыі Барыса Батуру, які займаў яе з 1999 года, перавыбіраючыся чатыры разы запар (апошні — у красавіку 2011 года). Старшыня Беларускай федэрацыі валейбола выбіраецца на 4 гады.
Намеснікамі новага кіраўніка БФВ сталі Павел Ігнатаў і Ігар Смалянінаў. Удзельнікі канферэнцыі выбралі таксама новы склад прэзідыума, у які акрамя названых кіраўнікоў увайшлі Мікалай Ананьеў, Валерый Саўчанка, Сяргей Шыкунец, Павел Шыкунец, Мікалай Пазняк, Андрэй Карпенка, Віктар Ізмашкін і Вольга Рахман.
На пасяджэнні прыняты некаторыя змяненні ў статут Беларускай федэрацыі валейбола.





