Увосені ў Інтэрнэце разышлося відэа, на якім сябра ўкраінскай нацыянальнай зборнай па боксе Арцём Вусік (цёзка па прозвішчы Аляксандра Вусіка — алімпійскага чэмпіёна 2012) падтрымаў флэшмоб «Накаўтуй тэрарызм», мэтай якога з’яўляецца збор сродкаў для украінскіх байцоў у зоне АТА.

Ён перадаў эстафету Андрэю Кацельніку і Уладзіміру Клічку. Але вядомы Арцём Вусік не толькі гэтым. Напрыканцы верасня вельмі актыўна абмяркоўвалася навіна аб тым, як ён выратаваў двух украінскіх байцоў у зоне АТА, вынес параненых з-пад мінамётнага абстрэлу. Адзін з выратаваных — падпалкоўнік Нацыянальнай гвардыі, нават паабяцаў назваць свайго сына ў гонар Вусіка.

Арцём Вусік.

Арцём Вусік.

Вельмі важным фактам з’яўляецца тое, што баксёр дабравольна ўвайшоў у склад брыгады аператыўнага назначэння і адправіўся ў зону АТА. Пры гэтым ён служыць разам са сваім сябрам Алегам Кулічэнкам — сынам свайго першага трэнера, а цяпер віцэ-прэзідэнта кіеўскай федэрацыі бокса Віктара Кулічэнкі. «Маральна было вельмі цяжка, я разумеў, што хлопцы, якія туды едуць, могуць не вярнуцца. Арцём і Алег — гэта двое маіх сыноў, мая сям'я. Пацаны сябруюць з дзіцячых гадоў. Я ўгаворваў іх не спяшацца з такім рашэннем. Але яны сказалі, што не могуць не паехаць абараняць Радзіму», — расказвае пра выбар хлопцаў Кулічэнка.

Але гэта не першы выпадак, калі спартоўцы ў першых шыхтах адпраўляюцца на абарону Айчыны. Гісторыкам вядома шмат падобных прыкладаў. Сярод іх ёсць вельмі яркія і ўражваючыя гісторыі, якія не заўжды вядомыя сучаснікам. Не будзем узгадваць класічныя прыклады кшталту спартанцаў ці Марафона. У навейшай гісторыі таксама ёсць выдатныя прыклады, у якія часам не зусім верыцца.

Каманда маладосці нашай…

Калі пачалася Першая сусветная вайна, 4 жніўня 1914, шмат хто лічыў, што канфлікт будзе скончаны да Калядаў. Футбольны сезон у Англіі толькі-толькі стартаваў, і было прынята рашэнне, што футбольныя клубы будуць працягваць гуляць па запланаваным раней графіку.

Але на рубяжы года неўзабаве стала відавочна, што вайна будзе працягвацца даўжэй, чым прагназавалася. У той час футбалісты яшчэ лічыліся такімі ж простымі людзьмі і грамадзянамі сваёй краіны, як і ўсе астатнія, а не недатыкальнымі зоркамі. З гэтай прычыны футбольныя каманды сутыкнуліся з вялікім ціскам з боку грамадскасці: ад іх таксама патрабавалі далучэння да справы ўсёй краіны.

Менавіта таму ў снежні 1914 года ў лонданскім Іст-Эндзе гульцы і персанал каманды «Клэптан Орыент» («Clapton Orient»), сёння вядомай як «Лейтан Орыент», правялі агульную сустрэчу, на якой было вырашана ўнесці свой уклад у агульную справу. Так яны сталі першай футбольнай камандай у сусветнай гісторыі, якая ў поўным складзе далучылася да арміі.

У выніку яны далучыліся да 17-га палка графства Мідлсэкс, дзе быў пасля ўтвораны цэлы батальён футбалістаў, складзены выключна з гульцаў футбольных каманд, які, па сведках сучаснікаў, адыграў важную ролю ў стрымліванні нямецкіх контратак. Што цікава, рэферы і лайнсменаў прызначалі ў гэтым батальёне на малодшыя афіцэрскія пасады, бо вайсковыя кіраўнікі лічылі, што футбалісты лепей будуць слухацца менавіта арбітраў. Амаль чвэрць з 4500 чалавек, якія служылі ў батальёне, загінула. Адзін афіцэр быў узнагароджаны Крыжам Вікторыі.

З 41 прадстаўніка «Лейтан Орыент», якія пайшлі абараняць сваю Радзіму, дамоў не вярнуліся трое. Ні адзін з іх не быў ураджэнцам Лондана – усе прыехалі ў сталіцу гуляць у футбол: Рычард МакФадэн і Уільям Джонас з Бліта, а таксама Джордж Скот з Сандэрленда. МакФадэн да вайны быў адным з самых таленавітых форвардаў, забіў 68 галоў у 142 матчах за каманду. Джонас і МакФадэн не толькі разам гулялі ў нападзенні сваёй каманды. Яны былі лепшымі сябрамі ў рэальным жыцці, разам пайшлі на фронт і служылі. У акопе, дзе яны сядзелі разам, МакФадэну, як ён пісаў у лісце, давялося сваімі вачыма пабачыць смерць свайго лепшага сябра ад нямецкай кулі. Праз некаторы час загінуў і ён сам.

Уільям Джонас

Уільям Джонас

Рычард МакФадэн

Рычард МакФадэн

Джордж Скот

Джордж Скот

Сёння перад стадыёнам «Брысбэйн Роуд» – дамашняй арэнай «Лейтан Орыент», стаіць манумент, прысвечаны памяці гэтых трох хлопцаў і усіх гульцоў клуба, хто ў патрэбны час кінуў свой любімы занятак, каб абараняць Радзіму. Выкананы гэты мемарыял быў на грошы заўзятараў клуба, якія захоўваюць памяць пра слаўны ўчынак каманды.

Свой сярод чужых

У музеі вядомага клуба «Манчэстэр Сіці» адно з цэнтральных месцаў займае статуя брамніка, які ў падзенні ловіць мяч і ўсміхаецца. Гэта – Бернард Карл Траўтман, легендарны гульца «гараджан» і афіцэр ордэна Брытанскай імперыі. Толькі імя ў яго нехарактэрнае для брытанца, праўда? Справа ў тым, што Траўтман – нямецкі салдат, якога лёс спачатку закінуў на самы дол, каб пасля ўзнесці на вяршыню.

Бернард Траўтман

Бернард Траўтман

Бернард Траўтман нарадзіўся 22 кастрычніка 1923 года ў Брэмене. Ён быў вельмі актыўным хлопцам, займаўся рознымі відамі спорта. Але больш за ўсё любіў футбол. Таму не дзіўна, што яшчэ непаўналетнім Бернард трапіў у асноўны склад мясцовай каманды «Блау унд Вайс». У 1941 годзе, як і шмат іншых хлопцаў яго ўзросту, адправіўся на фронт. Ён далучыўся да Люфтвафэ спачатку ў якасці сувязіста, але хутка быў перакваліфікаваны ў дэсантніка. Ён ваяваў на Усходнім фронце ў працягу трох гадоў, атрымаўшы пяць медалёў, у тым ліку Жалезны Крыж першай ступені. Траўтман нават пабываў у савецкім палоне, але здолеў уцякчы з лагера і дабрацца да сваіх.

Пазней ён быў пераведзены на Заходні фронт, дзе напрыканцы вайны быў захоплены англічанамі. Бердард быў адным з 90 хлопцаў, якія засталіся жывымі з першапачатковай 1000 чалавек палка. Яго заключылі ў лагер для ваеннапалонных у Эштан-ін-Макерфілд, Ланкашыр. Пасля вызвалення ў 1948 годзе Траўтман адмовіўся вяртацца назад у Германію і пасяліўся ў графстве Ланкашыр, спалучаючы працу на ферме з гульнямі за мясцовую футбольную каманду «Сэнт Хеленс Таун».

Што цікава, тут Бернард пачаў выступаць на новай для сябе пазіцыі на поле – стаў брамнікам. Да гэтага ён быў атакуючым паўабаронцам – інсайдам. Але аднойчы ён атрымаў пашкоджанне падчас гульні і стаў у браму. Гульня ў яго пайшла настолькі добра, што на гэтай пазіцыі ён і застаўся. У Англіі яму далі і новае імя, пад якім ён стаў вядомым – Берт. Справа ў тым, што для англічан было складана вымаўляць скарочаную форму нямецкага імя Бернард – Бернд (у беларускім футболе, дарэчы, таксама быў свой Бернд), таму яны сталі называць Траўтмана Бертам.

Выступленні Траўтмана за «Сэнт Хеленс Таун» былі настолькі ўражваючыя, што пасля першага ж сезона ім зацікавіліся клубы з усёй Англіі. І ў кастрычніку 1949 ён падпісаў кантракт з «Манчэстэр Сіці», які гуляў на вышэйшым узроўні краіны па футболе - у першым дывізіёне. Рашэнне клуба падпісаць былога нямецкага дэсантніка выклікала хвалю пратэстаў, каля 20000 чалавек прынялі ўдзел у дэманстрацыі супраць прыняцця Бернарда ў клуб. Але капітан каманды, ветэран вайны і ўдзельнік высадкі саюзных войскаў у Нармандыі, Эрык Уэствуд тады раставіў усе кропкі над «і», заступіўшыся за Траўтмана: «У распранальні няма вайны».

Калі ў сезоне 1949/50 «Манцэстэр Сіці» гуляў на выездзе супраць лонданскага «Футлэма», з трыбун у адрас Бернарда на працягу ўсяго матча даносіліся абразы – лонданцы яшчэ добра памяталі налёты Люфтвафэ. Госці прайгралі з лікам 0:1, але іх брамнік паказаў такую гульню, што пасля матча ўвесь стадыён стоячы апладыраваў немцу. Гэта было пачаткам прызнання. У 1952 годзе нямецкі клуб «Шальке 04» прапаноўваў за ягоны пераход цэлую тысячу фунтаў сцерлінга – на той час вялікія грошы за футбаліста. Але кіраўніцтва «Манчэстэр Сіці» рашуча адмовіла, заявіўшы, што Траўтман каштуе ў 20 разоў больш.

Праз 4 гады Бернард быў названы футбалістам года па версіі Асацыяцыі футбольных журналістаў. У гэтым годзе Бернард ўвайшоў у футбольны фальклор дзякуючы сваёй гульні ў фінале Кубка Футбольнай асацыяцыі. За 17 хвілін да канца матча супраць «Бірмінгема» Траўтман атрымаў сур’ёзную траўму. Але, нягледзячы на гэта, ён працягваў гуляць, дазволіўшы захаваць лік 3:1 на карысць ягонай каманды. Калі ён пасля матча атрымліваў медаль пераможцы, гледачы заўважылі, што яго шыя была трохі скрыўленая. Праз тры дні рэнтген паказаў, што Бернард гуляў з пераломам. Траўтман выступаў за «Манчэстэр Сіці» да 1964 года і агулам правёў 545 матчаў. Ён назаўжды ўпісаны ў летапіс клуба як адзін з самых вялікіх гульцоў у яго гісторыі.

Спачатку — Радзіма, кар’ера – пасля!

22 красавіка 2004 года з Афганістана прыйшла чарговая абвестка аб загінулых там амерыканскіх ваенных. Яна б так і згубілася сярод астатніх шматлікіх паведамленнях, каб не пара дэталяў, якія высветліліся трошкі пасля. Па-першае, адным з ахвяраў быў Патрык Тылман — былы гульца клуба «Арызона Кардыналс», што выступае ў Нацыянальнай Футбольнай Лізе ЗША (амерыканскі футбол). Па-другое, прычынай смерцяў стаў «сяброўскі агонь», што, зрэшты, не было незвычайным для амерыканскіх вайсковых кампаній у гэтым рэгіёне.

Патрык Тылман

Патрык Тылман

Патрык Тылман нарадзіўся 6 лістапада 1976 года ў Фрэмонце, штат Каліфорнія. Навучаўся ва ўніверсітэце штата Арызона, дзе і пачаў сваю футбольную кар’еру. Яго выступы за студэнцкую каманду былі вельмі паспяховымі, дружына перамагала на мясцовых спаборніцтвах, а сам Патрык прызнаваўся лепшым гульцам канферэнцыі на пазіцыі абаронцы. Таму не дзіўна, што пасля атрымання вышэйшай адукацыі Тылман быў абраны на драфце 1998 года камандай «Арызона Кардыналс».

У першым жа сезоне Патрык здолеў замацавацца ў асноўным складзе каманды, правёўшы 10 з 16 сустрэч. Яго кар’ера развівалася даволі хутка – літаральна праз год Тылман адмовіў клубу «Сэнт Луіс Рэмз», які прапаноўваў яму кантракт на 5 год з заробкам 9 мільёнаў даляраў за гэты час. Гэта быў толькі першы прыклад вернасці, які прадэманстраваў спартовец.

Другога прыкладу чакаць доўга таксама не прыйшлося. Ён сумленна дагуляў свой кантракт з «Арызона Кардыналс», а калі яму прапанавалі заключыць новую працоўную дамову на палепшаных умовах – тры гады з агульным заробкам у 3,6 мільёна даляраў, то футбаліст адмовіўся. Дзеля таго, каб далучыцца да арміі ЗША. Пасля трагедыі 11 верасня 2001 года Патрык вырашыў, што ягоная справа – абараняць Радзіму.

І гэтакі выбар зрабіў не толькі ён. У той жа час яго малодшы брат Кевін, які толькі скончыў універсітэт, паўтарыў учынак брата. Ён адмовіўся ад прафесійнага кантракта з бейсбольным клубам «Кліўлэнд Індыянс», каб разам з Патрыкам 31 мая 2002 года паступіць у 2 батальён 75 палка рэйнджэраў.

Пасля курса падрыхтоўкі братоў у складзе іх батальёна адправілі ў Ірак. У верасні 2003 Патрык паступіў у школу Рэйнджэраў у лагеры Форт Беннінг, штат Джорджыя. А пасля яе заканчэння ў лістападзе ён быў перадыслакаваны ў Афганістан, дзе праз год яго і напаткаў сумны лёс. Тылман меў цэлую серыю розных узнагарод за поспехі на службе. Ягоная гібель выклікала вялікі рэзананс у СМІ, праблема «сяброўскага агню» абмяркоўвалася на ўсіх узроўнях.

Тылман з братам Кевінам.

Тылман з братам Кевінам.

Кевін Тылман быў з гонарам дэмабілізаваны ў 2005, калі скончыўся ягоны трохгадовы вайсковы кантракт. Пасля ён заняўся дасканальным даследаваннем абставін смерці брата а ў 2008 годзе нават выпусціў кнігу пад назвай «Празрыстае рабаўніцтва». Годна адслужыўшы свой тэрмін і скончыўшы школу снайпераў, цяпер Кевін выступае праціўнікам вайны ў Іраку. Часам лёс паварочваецца так, як не чакае ніхто.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?