Пакаянне нямецкага народа за тыя злачынствы, якія былі ўчыненыя ў часы Другой сусветнай вайны, не павінна быць вечным, яно ўжо прынятае народамі славянскімі, заявіў 3 мая ў Мінску настаяцель Усіхсвяцкага прыходу Мінска протаіерэй Фёдар Поўны.

У гэты дзень мінскі храм-помнік у імя Усіх Святых і ў памяць пра ахвяры, што ратаванню Айчыны нашай паслужылі, кіраўніком якога з'яўляецца протаіерэй Фёдар, прыняў прыкладна 200 гасцей з Аўстрыі, Беларусі, Вялікабрытаніі, Германіі, Ізраіля і Чэхіі, якія бяруць удзел у мемарыяльных мерапрыемствах да 70-годдзя Перамогі над фашызмам «Памятаем дзеля еўрапейскай будучыні».

Паводле слоў настаяцеля Усіхсвяцкага храма, пакаянне нямецкага народа «павінна перарасці ў моцнае супрацоўніцтва і ўмацаванне міру на зямлі». Нашчадкі прыгнятальнікаў і прыгнечаныя народы павінны «разам біць трывогу, калі бачаць, што ёсць краіны, дзе вісіць пагроза адраджэння рэальнага фашызму, генацыду і вайны». «Мы павінны біць трывогу не пад крывадушнай маскай міратворчасці або двайных стандартаў, а з-за поклічу нашага сумлення і нашага сэрца. Мы павінны знайсці спосаб дастукацца да сэрцаў людзей, каб прадухіліць жахі мінулага стагоддзя. Мы абавязаныя дзейнічаць дзеля адзінай агульнаеўрапейскай будучыні, нават можна сказаць шырэй, дзеля будучага ўсяго свету», — сказаў протаіерэй Фёдар.

Разам з тым плёнам пакаяння народа Германіі стала «вялікая сацыяльная дабрачынная і навуковая дапамога беларусам», якая «аказваецца рэгулярна на працягу многіх дзесяцігоддзяў», а гэта «варта павагі і ўдзячнасці».

Святар з удзячнасцю адзначыў тую пасільную дапамогу, якую аказваюць краіны, прадстаўнікі якіх бяруць удзел у памятных мерапрыемствах, у справе стварэння мемарыяльнага комплексу на месцы былога лагера смерці Трасцянец пад Мінскам.

Трасцянец, нагадаў праваслаўны святар, быў чацвёртым па велічыні лагерам смерці, пабудаваным на акупаваных усходніх землях. Менавіта на ўсходніх землях «нямецкі Рэйх ажыццяўляў смертаносную праграму, прыкрываючыся ваеннымі дзеяннямі».

«Гітлераўцы стваралі найвышэйшую арыйскую чыстакроўную расу на касцях ваеннапалонных, мірных грамадзян, на маёмасці дэпартаваных яўрэяў, не саромеючыся рабаваць нават трупы, — зазначыў Фёдар Поўны. — Нацысты здзекаваліся з усяго, што было створана яўрэямі, нават з Бібліі. Але ж менавіта ў Еўропе знаходзілася [яўрэйская] дыяспара — носьбіт нацыянальных традыцый. Беларусы ж на працягу стагоддзяў, як склалася гістарычна, заўсёды жылі з яўрэямі на адной зямлі, былі суседзямі».

Настаяцель Усіхсвяцкага храма падкрэсліў, што людзі абавязаныя «шанаваць памяць пра ўсіх ахвяраў вайны, казаць і расказваць пра людскія трагедыі, каб стала страшна паўтараць іх». Ён звярнуў увагу, што сёння па ўсім свеце адкрываюцца гістарычныя музеі, ствараюцца грамадскія рухі, праводзяцца акцыі, якія нагадваюць пра жудасныя падзеі часоў вайны, і Беларусь «не проста не ў баку, а на вастрыні ўсіх гэтых тэм памяці».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?