Як пісала амерыканская пісьменніца Шырлі Джэксан: «Ніводзін жывы арганізм не здольны доўга выносіць абсалютную рэчаіснасць і заставацца здаровым; нават птушкі і конікі, відаць, часам мараць». І беларуская рэчаіснасць, прынамсі, з пункту погляду свядомага чалавека, не выключэнне. Таму не дзіва, што часам узнікае жаданне ад гэтай рэчаіснасці абстрагавацца і заснаваць штосьці кшатлту беларускай калоніі – здаецца, калісь бачыў падобныя ідэі і ў прэсе. Такія думкі могуць быць мрояй, відам псіхалагічнай абароны. Нават дзіўна, што беларуская літартура канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя не дала нам плеяду пісьменнікаў кшталту Жуля Верна, Майн Рыда ці Бусэнара, якія б пісалі пра прыгоды выгнаннікаў-беларусаў, гэткіх ужо не-палескіх рабінзонаў, у дэкарацыях Тыбета ці Барнэа.

Але калі ідэя беларускай калоніі нават і мроя, то гэта не значыць, што да яе не варта прыглядзецца. Як той казаў, калі ў вас манія пераследу, гэта яшчэ не значыць, што за вамі ніхто не сочыць. У гісторыі здаралася, што супольнасці, прыгнечаныя на радзіме, не толькі засноўвалі свае паселішчы ва ўжо наяўных калоніях, але і здабывалі ў далёкіх землях свае незалежныя дзяржавы. Праўда, прыкладаў гэтых няшмат. Натуральна, прыгадваецца Ізраіль. Яшчэ можна назваць Ліберыю — заходнеафрыканскую калонію былых амерыканскіх неграў-рабоў, якая з цягам часу стала краінай.

Нават з часу заснавання Ізраіля свет змяніўся, але, магчыма, што тым, хто задумаецца пра беларускую каланізацыю, будзе цікавы досвед яшчэ аднаго прадпрыемства — валійскага засялення Патагоніі ў ХІХ стагоддзі. Цікавасць да гэтай хвалі эміграцыі абумоўлена, у прыватнасці, яе матывамі. Людзі з’язджалі не столькі па эканамічных прычынах, колькі дзеля захавання сваёй мовы, культуры і рэлігійнай свабоды.

Што неабходна для эміграцыі? У прыватнасці, незадаволенасць сітуацыяй на радзіме і перакананне, што вырашыць праблемы на месцы нерэальна. Чаму такая сітуацыя склалася ва Уэльсе? Уэльс — гэта адзін з аскепкаў і нашчадкаў старажытнай брыцкай, даангласаксонскай і дарымскай Брытаніі. У паслярымскі перыяд на тэрыторыі сучаснага Уэльса ўтвараецца шэраг каралеўстваў, якія некалькі разоў аб’ядноўваліся пад уладай аднаго манарха. У канцы XIII стагоддзя Англія канчаткова скарае краіну, хаця Уэльс і захоўвае фармальна аўтаномны статус да 1536 года, калі афіцыйна замацоўваецца саюз з Англіяй, і на Уэльс распаўсюджваецца англійскае заканадаўства.

На валійскай мове Уэльс называецца Cymruамры), а яго беларуская назва паходзіць ад слова, якім германцы абазначалі замежнікаў. Ад яго ж, дарэчы, паходзяць словы Валахія і Валонія. А гэта германскае слова запазычана з лацінскай назвы італійскага племені Вольскаў.

Валійская мова належыць да брыцкай падгрупы кельцкіх моў і найбольш блізкая да корнскай і брэтонскай. На ёй існуе старажытная літаратура, якая адкрыла свету, у прыватнасці, караля Артура. Нягледзячы на панаванне англічан, Уэльс доўга заставаўся пераважна валійскамоўным рэгіёнам, але на пачатак ХХ стагоддзя валійская ва Уэльсе стала мовай меншасці. Сёння ёй у той ці іншай ступені валодаюць 27% больш чым трохмільённага насельніцтва. Напэўна, чытач ведае словы коргі (парода сабак) і кромлех (кругавая кампазіцыя з камянёў), якія паходзяць з гэтай мовы.

Напярэдадні эміграцыі валійцаў у Патагонію, у першай палове ХІХ стагоддзя, ва Уэльсе адбыліся паўстанні чартыстаў, што патрабавалі роўных выбарчых правоў, а таксама бунты збяднелых фермераў, выкліканыя высокімі падаткамі, зборамі і невыгоднай для іх коштавай палітыкай. Пасля паўстанняў прагучала меркаванне, што прычына сацыяльнай напружанасці — у недахопе адукацыі. У 1846-м ва Уэльс была накіравана камісія для вывучэння стану мясцовай адукацыі. Ініцыятар стварэння камісіі, дэпутат парламенту, ураджэнец Уэльса Уільям Уільямс выказаўся ў пэўнай ступені падобна да Мураўёва-вешальніка: «Маральная моц школьнага настаўніка была больш эканамічным і эфектыўным шляхам кіравання гэтымі людзьмі, чым штых». Гэты ж парламентар назваў валійскую мову перашкодай на шляху ажыццяўлення правасуддзя ва Уэльсе, а англійскую — адзіным шляхам да цывілізацыі для беднага валійца.

Камісія склала рэзанансную справаздачу. З аднаго боку, у справаздачы крытыкаваліся цялесныя пакаранні за выкарыстанне валійскай мовы, што практыкавалася, прынамсі, у некаторых рэгіёнах. Але з іншага боку, аўтары зняважліва выказваліся пра маральныя якасці валійцаў і нонканфармізм (нонканфармісты – прадстаўнікі пратэстанцкіх веравызнанняў, якія не падпарадкоўваліся дактрыне і практыкам англіканскай царквы: кальвінісцкія метадысты, кангрэцыяналісты, баптысты і іншыя). Валійскую мову ў справаздачы назвалі перашкодай на шляху да маральнага прагрэсу і эканамічнага дабрабыту. Адзначаецца, што аўтары не былі цалкам самастойнымі ў сваіх сцвярджэннях, а агучвалі стэраэатыпы мясцовых землеўладальнікаў-англікан і часткі англіканскага духавенства. Аўтарамі дакумента былі тры англічаніны, якія не валодалі валійскай мовай, не былі спецыялістамі ў сферы адукацыі і належалі да англіканскай царквы.

На працягу ХІХ стагоддзя паражэнне нонканфармістаў у правах у параўнанні з англіканамі паступова пераадольвалася. Тым не менш, большасць землеўладальнікаў ва Уэльсе былі англіканамі, а ад арандатараў (большасць якіх англіканамі не былі) патрабавалася плаціць дзесяціну на карысць англіканскай царквы. Хаця трэба таксама адзначыць, што многія англіканскія святары зрабілі надзвычай вялікі ўнёсак у валійскамоўную культуру і выступалі супраць антывалійскіх настрояў у сваёй царкве.

У сярэдзіне ХІХ стагоддзя да нонканфармісцкіх пратэстанцкіх цэркваў належала 4/5 насельніцтва Уэльса. Гэтыя цэрквы былі ў асноўным валійскамоўнымі, а іх пастары прапагандавалі нацыянальныя каштоўнасці, выдавалі валійскую літаратуру і адкрывалі валійскамоўныя школы.

Цікава, што валійскамоўнасці царквы і ўвогуле захаванню валійскай мовы ў свой час паспрыялі самі англічане. Хаця валійскую мову выдалілі з адміністратыўнай сферы, у XVI стагоддзі Елізавета Першая запатрабавала, каб у кожнай валійскай царкве былі Бібліі як на англійскай, так і на валійскай мовах. Меркавалася, што гэта паспрыяе распаўсюду пратэстантызму і знаёмству з англійскай мовай.

Хаця справаздача сапраўды прымусіла многіх людзей паверыць, што валіец можа дасягнуць поспеху ў жыцці толькі праз англамоўную адукацыю, яна справакавала і хвалю пратэстаў, а за ёй і ўздым валійскай палітычнай і культурнай актыўнасці.

У ХІХ стагоддзі ў прамысловыя раёны Уэльса прыязджае шмат англамоўных працаўнікоў з іншых частак Брытаніі. Акрамя таго, валійскамоўны друк не можа на роўных спаборнічаць з шырокім распаўсюдам англійскіх СМІ. У 1870-м увогуле ўводзіцца абавязковае навучанне ў школах на англійскай мове. І хаця праз 20 год зноў пачынаюць засноўвацца валійскія школы, англійская мова ў сферы адукацыі дамінуе. Гэткім быў фон для валійскай эміграцыі ў Патагонію.

Частка прадстаўнікоў валійскага нацыянальнага руху лічыла, што на радзіме англізацыя зайшла ўжо занадта далёка, таму варта пакінуць яе і заснаваць валійскую дзяржаву ў іншым месцы. Трэба сказаць, што ў ХІХ стагоддзі эміграцыя на амерыканскі кантынент не была для валійцаў чымсьці новым. Існуе легенда пра валійскага прынца Мадока, які быццам бы дасягнуў берагоў Амерыкі яшчэ ў ХІІ стагоддзі і заснаваў там калонію, жыхары якой урэшце асіміляваліся з індзейцамі. Публікаваліся нават сведчанні аб валійскамоўных індзейцах. Валійскія паселішчы засноўваліся ў Паўночнай Амерыцы ў XVII–XIX стагоддзях. Ёсць звесткі, што 16 з падпісантаў Дэкларацыі незалежнасці ЗША былі валійскага паходжання, у тым ліку Томас Джэферсан.

Для заснавання калоніі патрэбныя натхняльнікі і арганізатары. Для валійцаў адным з такіх людзей стаў вялебны Майкл Дэніэл Джонс. Джонс, кангрэгацыяналісцкі пастар і загадчык тэалагічнага каледжа, марыў аб заснаванні самакіраванага валійскага паселішча, дзе будуць квітнець аўтэнтычная мова і культура. Наведаўшы ЗША ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя, ён быў расчараваны асіміляцыяй тамтэйшых валійцаў у амерыканскае грамадства, у тым ліку і страту роднай мовы. Ідэя заснавання новай калоніі шырока абмяркоўвалася ў валійска-амерыканскай прэсе. Валійскія дзеячы, у тым ліку і Джонс, засноўвалі ў ЗША і Брытаніі таварыствы з мэтай прасоўвання праекту новай эміграцыі.

У 1861 годзе ў Ліверпулі засноўваецца каланізацыйнае (пасяленцкае) таварыства, старшынёй якога робіцца Майкл Джонс. Па канцэпцыі яго стваральнікаў, у будучых перасяленцаў павінны быць псіхалагічныя і фізічныя бар’еры для асіміляцыі. Першы бар’ер павінна забяспечыць развітая нацыянальная свядомасць каланістаў, а другі — ізаляцыя калоніі ад знешняга свету. Быў разгледжаны шэраг варыянтаў: ад Каліфорніі да Брытанскай Калумбіі і ад Аўстраліі да Святой Зямлі. Можна толькі здагадвацца, як склалася б гісторыя Палестыны, калі б калонію сапраўды заснавалі там.

Майкл Д. Джонс.  

Майкл Д. Джонс.

Урэшце выбар паў на Патагонію, паўднёвую частку Паўднёвай Амерыкі. З геапалітычнага пункту погляду месца ўдалае. На тэрыторыю, абраную для калоніі, распаўсюджваўся суверэнітэт Аргенціны, якая была вельмі зацікаўлена ў прытоку эмігрантаў. На Патагонію мела прэтэнзіі і суседняя Чылі, такім чынам, новая калонія магла ўзмацніць там аргенцінскі суверэнітэт, што абяцала ёй дадатковую падтрымку. Пры гэтым Патагонія была амаль не заселена еўрапейцамі, бліжэйшае да калоніі аргенцінскае паселішча было за сотні кіламетраў.

У арганізатараў праекта не атрымалася заснаваць акцыянернае таварыства для фінансавання калоніі, і многія выдаткі аплаціў сам Майкл Джонс.

У 1862 годзе два прадстаўнікі каланізацыйнага таварыства, у тым ліку будучы першы кіраўнік калоніі Льюіс Джонс, выправіліся ў Аргенціну, каб атрымаць афіцыйны дазвол на перасяленне і ацаніць прыдатнасць зямлі. Непасрэдна ў Патагоніі яны правялі ўсяго каля тыдня, і сённяшнія навукоўцы спрачаюцца, наколькі іх справаздачы аб прыдатнасці тэрыторыі адпавядалі рэчаіснасці.

А вось перамовы з міністрам унутраных спраў Аргенціны Роўсанам былі доўгімі. Згодна з дасягнутай дамоўленасцю, каланісты атрымалі зямлю, унутранае самакіраванне, а таксама матэрыяльную дапамогу. Але, на жаль, перамоўшчыкам так і не ўдалося дамагчыся для калоніі той ступені незалежнасці, якой яны жадалі. Дамовіліся, што вялікую ступень аўтаноміі калонія зможа атрымаць, калі колькасць жыхароў павялічыцца да 20 тысяч, і ёй будзе нададзены статус правінцыі. Але кангрэс Аргенціны не ратыфікаваў і такую дамову, верагодна, з-за пратэстанцкай веры каланістаў ці з-за іх сувязяў з Брытаніяй і блізасці калоніі да Фалклендскіх астравоў. Аднак камітэт эміграцыйнага таварыства не стаў афішаваць гэты факт і пачаў вербаваць людзей. У 1864 годзе Роўсан, які надзвычай спрыяў калоніі, усё ж здолеў зрабіць так, каб дамову ратыфікавалі.

Як тады, так і ў наш час, такога кшталту эміграцыйная ініцыятыва патрабуе эфектыўнай рэкламы. Асноўнай задачай той рэкламнай кампаніі было пераканаць людзей у тым, што Патагонія будзе ідэальным месцам для захавання і развіцця валійскай культуры. Кампанія стварала ўражанне аб падабенстве Патагоніі і Уэльса. З прапагандысцкімі мэтамі камітэт таварыства арганізоўваў выступы, выдаваў часопіс, а таксама выпусціў кнігу Хью Хьюза «Падручнік па калоніі». Аўтар не ўключыў у кнігу некалькі важных фактаў, якія маглі адпужаць каланістаў, напрыклад, тыповыя патагонскія паводкі. Адзін з пазнейшых даследчыкаў абвінавачвае Хьюза ў тым, што той ігнараваў усё, што супярэчыла яго тэзісу аб падабенстве Патагоніі да Уэльса. Але ёсць і погляд, што частка яго заключэнняў аб прыдатнасці месца для калоніі была заснавана на памылковых разліках: у Патагоніі ён не бываў, як не быў і спецыялістам у геаграфіі і кліматалогіі. Акрамя таго, частка матэрыялаў аб Патагоніі, якімі карыстаўся Хьюз, давала памылковую інфармацыю. Напярэдадні ад’езду ў англійскай прэсе з’яўляліся матэрыялы з негатыўнымі водгукамі аб Патагоніі — мяркуецца, што гэта была піяр-акцыя канкурэнтаў, якія арганізоўвалі перасяленне ў Паўночную Амерыку. Пасяленцам давядзецца дорага заплаціць за сваю непадрыхтаванасць да рэчаіснасці, а цяжкія кліматычныя ўмовы стануць адным з фактараў згасання калоніі.

Так ці інакш, рэкламная кампанія дасягнула сваёй мэты. У 1865 годзе 153 чалавекі адплылі з Ліверпуля на чайным кліперы «Мімоза» ў Патагонію. Хаця ў іх былі і эканамічныя матывы, але галоўнае, што вабіла гэтых людзей, — культурная, моўная і рэлігійная свабода, магчымасць жыць па-свойму. Як пісаў у сваіх успамінах адзін з перасяленцаў, «мы з’язджалі, бо дзень за днём адчувалі пранікненне чужых культураў у свой дом».

На фота 1890 года — некаторыя з першапасяленцаў.

На фота 1890 года — некаторыя з першапасяленцаў.

Людзьмі маглі рухаць і сацыяльныя матывы. Напярэдадні іміграцыі быў створаны праект дэмакратычнай канстытуцыі, дзе, у прыватнасці, прапісвалася права жанчын галасаваць на выбарах. Валійская калонія стане, верагодна, першай супольнасцю, дзе жанчыны будуць мець такое права. Магчыма, таму суадносіны мужчын і жанчын сярод пасяленцаў былі амаль роўнымі, што было нетыпова для падобных ініцыятыў. Увогуле, эмігрантамі былі пераважна маладыя людзі на трэцім-чацвёртым дзясятку. Прыкладна траціну іх складалі замужнія пары, яшчэ траціну — дзеці. Дарэчы, сам Майкл Джонс не іміграваў, але наведаў калонію ў 80-я.

Падарожжа па моры доўжылася 61 дзень, пасля якіх шчаслівыя пасяленцы высадзіліся на камяністы бераг Патагоніі. Непасрэдна перад перасяленнем прадстаўнікі таварыства ў Аргенціне падрыхтавалі для каланістаў правізію, будматэрыялы і скаціну, а таксама пабудавалі на месцы высадкі сякое-такое жытло. Аднак колькасць запасаў аказалася далёка недастатковай. Неўзабаве людзі выправіліся ў доўгае і цяжкае падарожжа непасрэдна да месца калоніі ў даліне ракі Чубут. Калонію назвалі проста — Y Wladfа Cymraeg, што значыць Валійская калонія. Першы заснаваны горад атрымаў назву Роўсан (Трэроўсан) — у гонар міністра замежных спраў Аргенціны.

На пачатку жыццё ў калоніі было вельмі цяжкім з-за недахопу ежы, кепскага клімату, непрыдатнасці зямлі да сельскай гаспадаркі, паводак, адсутнасці ў людзей неабходных фермерскіх ці паляўнічых навыкаў. Сярод каланістаў былі людзі розных прафесій, але фермераў — усяго некалькі чалавек. Тым не менш, адразу ж па прыбыцці пачынаецца праца па засваенні тэрыторыі. Многія, аднак, былі расчараваныя і пачалі перасяляцца ў іншыя месцы. Праз тры гады насельніцтва калоніі складала толькі 90 чалавек.

Калонія ўсё ж выстаяла, дзякуючы шэрагу фактараў, у тым ліку працавітасці і веры каланістаў у Бога. Яшчэ адным фактарам была чалавечая дапамога. Хаця валійцы імкнуліся да незалежнасці, вытрымаць першыя гады ім надзвычай дапамагла падтрымка ад Аргенціны, Брытаніі і карэнных жыхароў Патагоніі.

З боку Аргенціны ролю «добрага генія» сыграў міністр Роўсан. Насуперак пазіцыі кангрэса і ўрада, ён аказваў калоніі шчодрую дапамогу. Надзяляючы яе зямлёй, ён перавысіў афіцыйна дазволеную квоту. Мяркуецца, што пры гэтым ён пераследаваў дзяржаўныя інтарэсы: імкнуўся папярэдзіць прэтэнзіі Чылі на Патагонію, а таксама шукаў прыхільнасці Брытаніі, ад якой чакаў саступкі Фалклендскага архіпелага. Такім чынам, маленькая валійская калонія стала важным козырам у сусветнай палітыцы.

Брытанія, з якой з’ехалі каланісты, таксама аказвала ім значную матэрыяльную дапамогу. Парадаксальна, але ў пазнейшы перыяд канфліктаў калоніі з аргенцінскімі губернатарамі, некалькі каланістаў выправіліся ў Лондан, каб паскардзіцца на аргенцінцаў і нават прапаноўвалі брытанцам распаўсюдзіць на правінцыю Чубут статус свайго дамініёна. Ім, аднак, было адмоўлена з-за і без таго напружаных міждзяржаўных адносінаў. Нават гімн калоніі быў пакладзены на музыку «Божа, уратуй караля».

Але, магчыма, найбольш дапамаглі каланістам індзейцы. Пасяленцы кантактавалі з некалькімі плямёнамі, у прыватнасці, з тэхуэльчамі. На папярэдніх перамовах у сталіцы Аргенціны Льюіс Джонс настойваў на тым, каб тубыльцам была кампенсавана страта земляў, што зрабіла на апошніх прыемнае ўражанне. Хаця спачатку пасяленцы паставіліся да мясцовых жыхароў насцярожана, далейшыя ўзаемаадносіны склаліся добра. Адзначаецца, што здарыўся толькі адзін напад індзейцаў на групу пасяленцаў за ўсю гісторыю калоніі. Пасяленцы адмовіліся ваяваць супраць індзейцаў падчас кампаніі аргенцінскай арміі канца 70-х гадоў.

У перыяд нястачы індзейцы дзяліліся з пасяленцамі мясам, а потым навучылі іх гадаваць коней, паляваць з выкарыстаннем мясцовай зброі і прасці кудзелю з шэрсці гуанака. Наладзіўся і ўзаемавыгадны гандль. Валійцы заахвочвалі дзяцей індзейцаў заставацца ў калоніі і атрымліваць адукацыю. У выніку многія з іх добра засвоілі валійскую мову. Некаторыя валійцы, у сваю чаргу, вывучылі мову тубыльцаў.

Льюіс Джонс сярод патагонскіх індзейцаў.

Льюіс Джонс сярод патагонскіх індзейцаў.

Можна сказаць, што калонія адбылася не дзякуючы той зямлі, якая была ёй вылучана, а насуперак ёй. Праз некалькі год, пабудаваўшы першую ў Аргенціне ірыгацыйную сістэму, каланісты дасягнулі першых высокіх ураджаяў. Пшаніца, вырашчаная ў калоніі, нават будзе ўганараваная медалямі на міжнародных сельскагаспадарчых выставах. На тле поспехаў вярнулася і шмат тых каланістаў, што былі выехаўшы.

Пасяленцы пачалі засвойваць прылеглыя тэрыторыі, засноўваючы новыя мястэчкі і даючы зямлі валійскую тапаніміку. Некаторыя з гэтых назваў замацаваліся, але большасць цяпер заменена на іспанскія. У 1885 валійцы, якіх падштурхоўвала неабходнасць пошуку свабодных урадлівых земляў, распачалі засваенне тэрыторыі далёка на захадзе, у Андах, у выніку чаго паўсталі такія селішчы, як Трэвелін і Эскель. Гэтыя мясціны, названыя валійцамі Прыемнай далінай, былі сапраўды падобныя да Паўночнага Уэльса, можна сказаць, што валійцы нарэшце знайшлі сваю зямлю абетаваную. Тут ім выпаў шанец абараніць інтарэсы Аргенціны ў рэгіёне. Чылійцы, што прэтэндавалі на гэту частку Патагоніі, накіравалі да іх перамоўцаў з прапановай перайсці пад іх юрысдыкцыю, спакушаючы абяцаннямі зямлі і геапалітычнымі аргументамі (рэкі там цякуць на захад, у Чылі). Але, шчыльна знітаваныя з усходняй калоніяй, валійцы адмовіліся. На рэферэндуме 1902 года яны выбралі аргенцінскае, а не чылійскае падданства.

Як ва ўсякай прыстойнай калоніі, і там пачалася залатая ліхаманка. Адзін з каланістаў, Эдвін Робертс, знайшоў у Андах золата. Пачаліся зборы статутнага капіталу для кампаніі, але раптоўная смерць Робертса, які быў адзіным чалавекам, хто дакладна ведаў месца, паклала канец прадпрыемству. Тым не менш, чуткі пра золата зрабілі калоніі добрае паблісіці.

Ад пачатку існавання калоніі ўсё грамадскае жыццё ў ёй адбывалася на валійскай мове. Былі заснаваны валійскія газеты і валійскамоўныя школы. Спачатку адзіным падручнікам была Біблія, потым мясцовы настаўнік склаў першую чытанку на валійскай мове. Большасць дзяцей, выхаваных у калоніі з 70-х па канец 90-х, былі валійскімі манаглотамі.

Традыцыйны валійскі фестываль Айстэдвод у калоніі, 1880-я.

Традыцыйны валійскі фестываль Айстэдвод у калоніі, 1880-я.

Калонія кіравалася дэмакратычна: там была канстытуцыя, рада, абраны кіраўнік і заканадаўства, зноў жа, складзенае па-валійску. Пра такія рэчы у самі Уэльсе людзі тады маглі толькі марыць. У калоніі былі распаўсюджаны кааператывы для вядзення сельскагаспадарчых прац, камунальных і сацыяльных праектаў.

Але з ростам дабрабыту і засваеннем новых тэрыторый з’явілася новая праблема. Жорсткі жарт гісторыі: каланісты пачалі ўсё глыбей пагружацца ў сітуацыю, ад якой з’ехалі з Брытаніі: падпарадкаванасць знешняй уладзе, пагарджанне гэтай уладай валійскай мовай і іміграцыя носьбітаў іншых моў і культур — толькі дзеючыя асобы на гэты раз змяніліся. Як ужо адзначалася, аргенцінскі ўрад заахвочваў эміграцыю, і ў 1895 годзе замежнікі складалі чвэрць насельніцтва краіны. Інструментамі «аргенцінізацыі» мільёнаў замежнікаў павінны былі стаць школа і служба ў войску.

Напачатку кіраўніцтва краіны асабліва не ўмешвалася ў справы калоніі. З цягам часу, аднак, Аргенціна, незадаволеная ізаляцыянізмам каланістаў, усё больш распаўсюджвала на калонію сваю ўладу. Туды пачалі прызначаць камісараў, а потым, калі Чубут у 1884 стаў правінцыяй, у ёй з’явіўся губернатар. Некаторыя з гэтых афіцыйных асоб паважалі валійскае самакіраванне, але іншыя пярэчылі радзе і закручвалі гайкі, напрыклад, патрабавалі ўдзелу пасяленцаў у вышкалах нацыянальнай гвардыі ў нядзелю, што было для валійцаў непрымальна па рэлігійных прычынах. Толькі асабістае ўмяшальніцтва прэзідэнта краіны дазволіла вырашыць гэты канфлікт.

У канцы 70-х аргенцінскі ўрад актывізаваў і адукацыйную палітыку. Прызначаны аргенцінцамі настаўнік напісаў валійскамоўны падручнік іспанскай мовы. Многія пасяленцы пратэставалі супраць прызначэння, бо не жадалі цэнтральнага ўмяшальніцтва ў сферу адукацыі і баяліся, што іспанская ўрэшце стане асноўнай мовай навучання. Акрамя таго, гэты настаўнік быў каталіком. У калоніі пачалі засноўваць нацыянальныя (дзяржаўныя) школы. Пад канец ХІХ стагоддзя там было 5 школ, якія кіраваліся каланістамі, і 5 нацыянальных. Праўда, дзве нацыянальныя школы спачатку былі ўсё ж валійскамоўнымі, а іспанская выкладалася там як прадмет. У 1896 быў прыняты закон, паводле якога мовай навучання ва ўсіх пачатковых школах краіны павінна быць іспанская. Але ў калоніі такая палітыка спачатку пацярпела няўдачу з-за супрацьстаяння бацькоў і з-за таго, што многія настаўнікі былі валійскамоўнымі. Больш за тое, у 1906 была заснавана сярэдняя школа, дзе выкладанне вялося пераважна па-валійску. Тым не менш, ужо ў 1927 годзе ўся пачатковая адукацыя ажыццяўлялася па-іспанску.

На працягу існавання калоніі было некалькі буйных хваляў эміграцыі з радзімы. Лічыцца, што агулам у калонію прехала 2,3 – 3 тысячы валійцаў. Але апошнія эмігранты з Уэльса прыехалі ў 1911 годзе, а тэмпы невалійскай эміграцыі, выкліканай у асноўным эканамічнымі поспехамі калоніі, нарасталі. Усё болей шлюбаў у калоніі заключалася з невалійцамі. У канцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя гарадскія рады, раней валійскамоўныя, мяркуючы па іх складзе, пераводзяць сваю працу на іспанскую мову з-за вялікай колькасці прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцей. Праўда, андскія селішчы, куды ў пошуках зямлі і ад новай асіміляцыі перабралася шмат людзей, даўжэй захавалі валійшчыну, а адносіны з аргенцінскімі ўладамі там былі лепшыя.

Валійская царква Bethel (Бэтэль) у Трэвеліне.

Валійская царква Bethel (Бэтэль) у Трэвеліне.

У 1899 годзе зноў здарыліся жахлівыя паводкі. Гэта падштурхнула больш за дзвесце расчараваных у іспанізацыі валійцаў з’ехаць у Канаду. Многія з перасяленцаў не мелі дастаткова сродкаў на эміграцыю, і грошы для іх збіралі ў Брытаніі, адным са спонсараў быў нават прынц Уэльскі. Спрыяў вылучэнню зямлі для іх Дэвід Ллойд-Джордж, будучы прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі, валіец па паходжанні, які ў дзяцінстве размаўляў на валійскай мове.

У сярэдзіне ХХ стагоддзя культурнае валійскае жыццё канчаткова заняпала. Першай і нярэдка адзінай мовай дзяцей усё часцей рабілася іспанская. Скарацілася наведванне царквы, эканамічныя складанасці зменшылі магчымасць правядзення культурных мерапрыемстваў. Сярэдняя валійская школа зачынілася ў 1950 годзе з-за недахопу вучняў. У перыяд аргенцінскай дыктатуры канца 70-х – пачатку 80-х дзецям было забаронена даваць валійскія імёны. Распаўсюджанасць валійскай мовы ў Патагоніі істотна скарацілася, у пачатку 90-х моладзь на ёй амаль не размаўляла.

Магло падацца, што гэта канец Новага Уэльса ў Патагоніі, але гісторыя зноў прадэманстравала свой цыклічны характар. Калі ў 50-я гады было праведзена мала традыцыйных фестываляў мастацтваў Айстэдвод, то пасля святкавання стагадовага юбілею калоніі ў 1965-ым яны ладзяцца рэгулярна (сёння — у чатырох гарадах). У 1997 годзе ў правінцыі была запушчана спецыяльная праграма адраджэння валійскай мовы. Яна фінансуецца урадам Уэльса, Валійска-аргенцінскім таварыствам і Брытанскай Радай ва Уэльсе. У межах праграмы праводзяцца моўныя курсы і валійскамоўныя мерапрыемствы. Выкладчыкі мовы з Патагоніі маюць магчымасць ездзіць на стажыроўкі ва Уэльс.

Цяпер у правінцыі Чубут ёсць валійскамоўныя дашкольныя ўстановы, дзейнічаюць курсы валійскай мовы для дзяцей і дарослых, у тым ліку прафесіянальныя курсы. У 2013 іх наведала амаль тысяча чалавек. Мова як прадмет вывучаецца ў шэрагу школ, адчынілася і пачатковая школа, дзе ўсё выкладанне вядзецца па-валійску і па-іспанску. Папулярнасць валійскай мовы і культуры расце, нават сярод людзей, у якіх няма валійскіх продкаў. З’явілася валійскамоўнае знешняе афармленне некаторых гарадоў, у перспектыве — двуххмоўныя радыёпраграмы на мясцовай ФМ станцыі і адкрыццё яшчэ адной валійскамоўнай школы ў Андах.

Сёння насельніцтва правінцыі Чубут складае каля 550 тысяч чалавек, з якіх, як паведамляецца, дзесь 50 тысяч маюць валійскіх продкаў. Адна з крыніц паведамляе, што колькасць валійскамоўных у Чубуце складае 5 тысяч чалавек, або менш з 1 % ад усяго насельніцтва.

Карта правінцыі Чубут. Акрамя беларускай, надпісы на карце – на валійскай і іспанскай мовах. Эліпсамі паказаны асноўныя месцы рассялення валійцаў.

Карта правінцыі Чубут. Акрамя беларускай, надпісы на карце – на валійскай і іспанскай мовах. Эліпсамі паказаны асноўныя месцы рассялення валійцаў.

Адзін з Айстэдводаў у Чубуце сёння.

Адзін з Айстэдводаў у Чубуце сёння.

Гэты гістарычны нарыс, натуральна, не меў на мэце аналіз магчымасцяў заснавання беларускай калоніі. Дый саму неабходнасць гэтага можна, вядома, паставіць пад пытанне. Наш час, хоць і трывожны ў плане стану беларускай мовы, адначасова абяцае і пэўныя перспектывы. Так што мае рацыю той, хто падумае, што рабіць Беларусь трэба ў Беларусі. Але… той жа прыклад Валійскай калоніі вучыць, што гісторыя можа рабіць сюрпрызы, прычым не заўжды прыемныя. Ну і ўвогуле, ці не прыемна было б усведамляць, што дзесьці далёка ёсць яшчэ адна сапраўдная беларуская тэрыторыя ці нават дзяржава? Калі б яна сапраўды існавала, то галоўнае, каб яна была насамрэч яшчэ адной, а не адзінай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?