Кінакампанія The Weinstein Co. абвясціла дату выхаду новага фільма Квенціна Таранціна «Агідная васьмёрка». Карціна выйдзе ў абмежаваны пракат у ЗША 25 снежня 2015 г. на стужцы 70 міліметраў, а праз два тыдні — 8 студзеня — у лічбавым фармаце фільм пачнуць паказваць па ўсім свеце.

Тызер фільма быў апублікаваны ў красавіку 2015 года.

Апошні фільм Таранціна «Джанга вызвалены» сабраў у сусветным пракаце 400 мільёнаў даляраў.

«Джанга» таксама выйшаў у пракат на Каляды.

Узімку 2014 сцэнар «Агіднай васьмёркі» трапіў у Інтэрнэт. Квенцін Таранціна спачатку хацеў адмовіцца ад здымак фільма, аднак затым перадумаў - але рэжысёру прыйшлося часткова змяніць сцэнар.

У карціне зняліся Курт Расэл, Сэмюэл Л. Джэксан, Цім Рот, Брус Дэрн і Уолтан Гогінс.

Дзеянне вестэрна Таранціна разгортваецца ў канцы 1860-х гадоў, пасля Грамадзянскай вайны ў ЗША. У фільме распавядаецца аб паляўнічых за галовамі, якія шукаюць прытулак, каб схавацца ад снежнай буры, і аказваюцца ўсе разам у галантарэйнай краме.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?