На пачатку 2016 года «Спеўны сход» запусціў кампанію «Спяваем беларускія песні разам!». На сродкі, якія прыцягнуць арганізатары, плануецца зладзіць пяць «Спеўных сходаў». У Мінску – «Беларускія песні I-й паловы ХХ ст.», «Беларускія песні II-й паловы ХХ ст.», «Песні філаматаў і філарэтаў». Таксама будуць праведзены Сходы ў Віцебску і Брэсце. На збор сродкаў адведзена два месяцы.

За час свайго існавання «Спеўны сход» правёў сямнаццаць буйных мерапрыемстваў і шэраг невялікіх. Напрыклад, у мінулым годзе «спеўнасходаўцы» спявалі песні з Вушаччыны, якія збіраў Рыгор Барадулін, святкавалі Дзень горада разам з віцяблянамі і ўпершыню ў свеце спявалі рамансы Агінскага. Праводзіліся і іншыя тэматычныя Сходы.

Па словах арганізатара «Спеўнага схода» Аляксея Чубата, беларусы не ведаюць народныя песні і не маюць магчымасці вучыць іх. «Спеўны сход» дапамагае любому чалавеку рабіць гэта. Каманда праекта верыць, што новая ініцыятыва далучыць да спеваў новых аматараў і пазнаёміць беларусаў з нашай багатай спадчынай. Па словах Аляксея Чубата, праект спрыяе адраджэнню культуры супольных спеваў, яднае людзей, дапамагае захоўваць нематэрыяльную культурную спадчыну Беларусі.

З ходам рэалізацыі можна азнаёміцца тут.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0