Памятаеце, калісьці я пісаў пра тое, што часам (калі няма машынаў, калі відавочна, што я нікому не замінаю) я пераходжу вуліцу на чырвонае сьвятло. Калі не памятаеце, то і дзякуй Богу, я не зьбіраюся даваць спасылку на той допіс. Бо пасьля таго допісу мяне назвалі несапраўдным беларусам і заявілі, што я стаўлю сябе вышэй за іншых людзей.

Іншыя казалі, што пераход вуліцу на чырвонае — гэта першы крок да сапраўднага злачынства, забойства і зглвалтаваньня. А некаторыя нават мяне расфрэндзілі (а сапраўды, хіба можна ж трымаць у фрэндах чалавека, настолькі падступнага і заганнага, што ён пераходзіць вуліцу на чырвонае сьвятло).

Я зразумеў, што тым сваім допісам я пасягнуў на самае сьвятое, што ёсьць у беларусаў — на Парадак. Таму ніколі больш не ўздымаў гэтую тэму. Магчыма, большым маральным злачынствам хіба было б прызнаць, што я калісьці кінуў паперку міма сьметніцы, пасягнуўшы на яшчэ больш сьвятую рэч — Чысьціню.

І вось прыйшло пакараньне. Сёньня я зноў перайшоў вуліцу ў недазволеным месцы. У сваё апраўданьне магу сказаць, што сьветлафору паблізу не было. І перайшоў я ўсяго палову вуліцы, мэтраў 7, каб трапіць «з хваста» на астравок трамвайнага прыпынку на Якуба Коласа.

Я паглядзеў налева — машын на бліжэйшыя мэтраў 200 не было. І я пайшоў, унутры праклінаючы сваю небеларускасьць.

У прынцыпе, так многія ходзяць, бо рабіць вялікую пятлю да сьвятлафору, каб трапіць на прыпынак, ня ўсім хочацца. Таму, калі да мяне падышоў міліцыянт, то першай маёй рэакцыяй было шчырае — «вам няма чым заняцца?» Я сьпяшаўся, таму адразу мне нават хацелася ад яго ўцячы. Але ўбачыўшы, што іх двое, я падумаў, што гэта будзе выглядаць сьмешна.

Карацей, мяне аштрафавалі. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?