Насельніцтва Беларусі захоўвае асноўны аб'ём сваіх зберажэнняў у сямі найбуйнейшых банках краіны. На 1 жніўня ў гэтых банках былі размешчаныя ўклады насельніцтва на 17,4 млрд дэнамінаваных рублёў.

Нагадаем, на 1 жніўня сукупны аб'ём усіх банкаўскіх дэпазітаў насельніцтва (тэрміновых і перавадных) складаў 19,25 млрд дэнамінаваных рублёў, што эквівалентна амаль 10 млрд долараў.

Паводле інфармацыі БелаПАН, на пачатак жніўня аб'ём укладаў насельніцтва ў «Беларусбанку» складаў 8,5 млрд рублёў, «Белаграпрамбанку» — 3,3 млрд, «БПС-Сбербанку» — 1,6 млрд, «Белінвестбанку» — 1,3 млрд, «Прыёрбанку» — амаль 1 млрд, «Белагазпрамбанку» і «Банку БелВЭБ» — 0,87 млрд і 0,83 млрд рублёў адпаведна. Такім чынам, у сямі найбуйнейшых банках знаходзіцца 90% усіх (валютных і рублёвых) дэпазітаў насельніцтва.

Варта адзначыць, што з пачатку 2016 года аб'ём рублёвых дэпазітаў насельніцтва, з улікам налічаных працэнтаў, практычна не змяніўся: на 1 жніўня перавадныя і тэрміновыя ўклады фізічных асоб у нацыянальнай валюце складалі 4 млрд рублёў.

У той жа час аб'ём валютных зберажэнняў фізічных асоб у банках скараціўся больш як на паўмільярда долараў: з 8,2 млрд долараў на 1 студзеня да 7,65 млрд долараў на 1 жніўня.

Спецыялісты тлумачаць скарачэнне валютных укладаў фізічных асоб тым, што насельніцтва імкнецца за кошт зробленых раней зберажэнняў падтрымліваць больш высокі ўзровень жыцця ва ўмовах паніжэння даходаў (рэальныя даходы насельніцтва ў першым паўгоддзі скараціліся на 7%). «Пры істотным зніжэнні даходаў насельніцтва захоўвае сваю звычку да спажывання», — адзначаў летам на адной з канферэнцый начальнік галоўнага ўпраўлення манетарнай палітыкі і эканамічнага аналізу Нацбанка Дзмітрый Мурын.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?