Пераважная большасць баснійскіх сербаў, якія прынялі ўдзел у нядзелю ў рэферэндуме, прагаласавалі за захаванне 9 студзеня ў якасці нацыянальнага свята — Дня Рэспублікі Сербскай. Рэферэндум прайшоў насуперак забароне канстытуцыйнага суда Босніі, які таксама пастанавіў перанесці дату свята.

Пасля падліку амаль усіх галасоў доля тых, хто прагаласаваў за працягванне святкавання Дня Рэспублікі Сербскай 9 студзеня, перавышае 99%. Яўка сярод насельніцтва сербскага анклава Босніі і Герцагавіны склала каля 60%.

Прэзідэнт Рэспублікі Сербскай Міларад Додзік заявіў, што дзень рэферэндуму ўвойдзе ў гісторыю як «дзень сербскай рашучасці».

«Я ганаруся народам Рэспублікі Сербскай, тымі, хто выйшаў і прагаласаваў», — заявіў ён, выступаючы ў горадзе Пале.

Раней высокі прадстаўнік (міжнародны адміністратар) па Босніі і Герцагавіне Валянцін Інцка заявіў, што галасаванне «нелегальна і неканстытуцыйна». Правядзенне рэферэндуму забараніў баснійскі канстытуцыйны суд, палічыўшы рэферэндум дыскрымінацыйным у дачыненні да іншых нацый, што пражываюць у краіне.

На рэферэндум было вынесена пытанне: «Ці падтрымліваеце вы святкаванне 9 студзеня Дня Рэспублікі Сербскай?» 9 студзеня 1992 года адбылося першае пасяджэнне парламента (скупшчыны) сербскага народа Босніі і Герцагавіны, што абвясціла рэспубліку баснійскіх сэрбаў самастойнай дзяржавай. Незадоўга да гэтага баснійцы-мусульмане абвясцілі пра выхад Босніі і Герцагавіны са складу Югаславіі.

Ва ўзброеным канфлікце, што распачаўся потым, загінулі больш за 100 тысяч чалавек.

Член прэзідыума Босніі і Герцагавіны ад баснійскіх мусульман Бакір Ізетбегавіч абвінаваціў прэзідэнта Рэспублікі Сербскай Міларада Додзіка ў падрыхтоўцы плебісцыту пра абвяшчэнне незалежнасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?