Групе ТР-22

Расхінуўшы наросхрыст душу,
На вячэру сяброў запрашу,
Тых, з кім здрада не ўціснецца ў дзверы,
Хто мяне на прадасць на вячэры.

Буду слухаць іх, срэбнагалосых,
Тых, хто побач, і тых, хто ў нябёсах,
З кім, абняўшыся раз на зямлі,
Мы ў абдымку жыццё пражылі.

Я збяру ў маім доме сяброў,
У якіх той жа дух, тая ж кроў,
Тая ж вернасць сяброўская ў сэрцы,
Праз якую сяброўству не ўмерці.

Я сяброў запрашу на вячэру,
Тых, якія не маюць намеру
Мне ў чым-небудзь карыснымі быць,
Нешта выхітрыць, вырваць, здабыць.

Я паклічу сяброў не патрэбных,
Беспасадных, бяссувязных, бедных,
Тых, з якіх анічога не ўзяць -
Толькі вецер сяброўскі ганяць.

І падумаць, ганяючы вецер:
Дзякуй Богу, што ёсць яно ў свеце,
Тое, што не прадаць, не купіць…
І чаго ўжо й няма, можа быць.

1.09.2017

Уладзімір Някляеў напісаў у сваім фэйсбуку з нагоды гэтага верша.

«Колькі слоў пра сяброўства. Апошнімі гадамі я страціў нямала людзей (яны кажуць, што праз палітыку), якія лічыліся сябрамі…

З кім толькі я ні сябраваў - і хто толькі ні сябраваў са мной! Міністры, музыкі і артысты, дыпламаты, банкіры, дырэктары, акадэмікі, генералы… 

Дзе яны ўсе?..

Ну, нехта памёр, але й жывых няма.

А людзі, якія на гэтых фотаздымках, ёсць! 

55 гадоў таму, 1 верасня 1962 года разам з гэтымі людзьмі я паступіў у Мінскі электратэхнікум сувязі, дзе мы сталі спачатку групай ТР- 22 (што азначае група па спецыяльнасці «Тэлевізійная тэхніка і радыёрэлейная сувязь»), а пасля - сябрамі. 

Група была цалкам мужчынская, нас рыхтавалі да службы ва ўзброеных сілах, да працы на стратэгічных аб'ектах - і пасля вучобы шмат каго размеркавалі на станцыі трапасфернай радыёрэлейнай лініі сувязі «Поўнач». А гэта нават не Цьмутаракань. Гэта Сібір, Запаляр'е, Камчатка, Чукотка - ад першай станцыі да апошняй больш за 13 тысяч кіламетраў… 

Нас раскідалі, але не раз'ядналі - і 1 верасня 2017 года мы сабраліся, каб адзначыць 55-годдзе сяброўства. 

Як мы здолелі яго захаваць?..

У юнацтве ў нас не было ні званняў, ні пасад, ні грошай - і мы маглі даць адзін аднаму толькі саміх сябе. Наша сяброўства было бескарыслівым - і праз усё жыццё мы яму не здрадзілі, не падмянілі яго адносінамі праз карысць, праз патрэбу… Не замянілі яго той фальшыўкай, якую большасць людзей, слінявячы адзін аднаго пацалункамі на п'яных юбілеях, банкетах, выдае за сяброўства, і ў чым людзі яшчэ больш мярзотныя, чым у варажнечы, бо ў варожасці мы ўсё ж шчырыя.

Я ўдзячны табе, ТР-22, Станіслаў і два Міколы, Аляксандр і два Анатолі, Віктар і два Уладзіміры, Пятро і два Віктары, два Валерыі, светлай памяці Георгій, Генадзь, Віталь, Уладзімір, Віктар і Пётр за многае - і найперш за чысціню сяброўства! У жыцці маім бывала ўсялякае, але гэта — найдарагое…

Група ТР-22 на ганку тэхнікума сувязі (1962 г.)

Група ТР-22 на ганку тэхнікума сувязі (1962 г.)

Група ТР-22 на сустрэчы 1 верасня 2017 года.

Група ТР-22 на сустрэчы 1 верасня 2017 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0