Тралейбус новага пакаленьня можа рухацца без падключэньня да крыніцы току, эканоміць электраэнэргію й самастойна дыягнаставаць паломкі.

Ён хутчэйшы, прасторнейшы й цішэйшы за сваіх папярэднікаў, паведамляе АНТ. Месцаў для стаяньня ў салёне больш чым крэслаў — гэтак лацьвей будзе езьдзіць у гідзіны «пік». Тралейбус абсталяваны высоўным пандусам для людзей з абмежаванымі магчымасьцямі й вонквым дынамікам для людзей з слабым зрокам.

Да ўсяго, машына пазбаўлена галоўнай тралейбуснай «слабасьці» — прывязкі да правадоў. Калі на дарозе зьявіцца перашкода ці аварыя, аб’ехаць якую не стае штангаў, новы тралейбус дасьць рады абмінуць такі ўчастак на аўтаномнай хадзе.

Больш за тое, распрацоўшчыкі прапануюць транспартнікам пускаць тралейбус туды, дзе ўвогуле няма тралейбусных дратоў. Сам па сабе тралейбус можа ехаць ажно сем кілямэтраў і лёгка падключацца да электрасілкаваньня ня там, дзе яно ёсьць, а там, дзе зручна.

Першы тралейбус XXI стагодзьдзя выправіўся на адзін з самых даўгіх і напружаных маршрутаў — ад чыгуначнага вакзалу па Партызанскім праспэкце да вуліцы Ангарскай.

Сёлета на сталічныя вуліцы выйдуць яшчэ чатыры такія машыны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?