Адным з паспяховых прыкладаў рэформ ва Украіне з’яўляецца стварэнне сучаснай электроннай сістэмы дзяржаўных і публічных закупак ProZorro.

Платформа, якую спецыялісты і міжнародныя арганізацыі прызналі адной з найлепшых у свеце, ужо зараз дазволіла зэканоміць украінскай дзяржаве дзясяткі мільярдаў грывень. «Наша Ніва» разбіралася, як украінская грамадзянская супольнасць здолела разам з дзяржавай стварыць ProZorro, чым унікальная гэтая сістэма, але чаму нават самая сучасная і непераўзыдзеная сістэма публічных закупак так і не стала панацэяй ад карупцыі ва Украіне.

Што такое ProZorro і чым яна адметная?

ProZorro — гэта не проста сістэма, якая кантралюе працэс тэндараў і публічных закупак і робіць яго цалкам празрыстым для грамадства. Гэта таксама цэлы комплекс для кантролю і маніторынгу за публічнымі закупкамі ва Украіне.

Згодна з заканадаўствам Украіны, партал https://prozorro.gov.ua — гэта адкрыты рэсурс, які прапануе доступ да ўсёй інфармацыі з цэнтральнай базы дадзеных пра ўсе электронныя тэндарныя таргі ва Украіне, якія былі аб’яўленыя з 31 ліпеня 2016 года.

Дзяржаўныя арганізацыі-заказчыкі агучваюць тэндарныя аб’явы, а ўдзельнікі аўкцыёну бяруць удзел у таргах з дапамогай модуля электроннага аўкцыёну, доступ да якога яны атрымліваюць, зарэгістраваўшыся на электронных пляцоўках. Модуль аўкцыёну адказвае за тое, каб інфармацыя трапляла да цэнтральнай базы дадзеных і публікаваліся на партале і ўсіх іншых пляцоўках адначасова.

Партал, база дадзеных, модуль электроннага аўкцыёну і іншыя часткі экасістэмы (дзяржаўныя заказчыкі, электронныя пляцоўкі, недзяржаўныя арганізацыі, установы адукацыі, бізнэс, СМІ і грамадзянская супольнасць) фарміруюць гібрыдную сістэму электронных публічных закупак ProZorro.

Што дае такая сістэма?

Але якая ж карысць хаваецца за ўсёй гэтай тэхнічна-бюракратычнай тэрміналогіяй? Згодна з падлікамі, за першы год выкарыстання гэтай сістэмы дзяржаўны бюджэт зэканоміў больш за 19 млрд грывень (каля 700 млн даляраў). Для параўнання, кожны год украінская дзяржава траціць на публічныя закупкі каля 300 млрд грывень. Такім чынам перавагі сістэмы (празрыстасць тэндарнага працэсу, немагчымасць дыскрымінацыі заявак, аб’ектыўная ацэнка тэндараў, поўная справаздачнасць і аналіз усіх дзяржаўных закупак) канвертуюцца ў рэальныя зэканомленыя сродкі. Відавочна, што ProZorro падвышае давер грамадзян і да самой дзяржавы.

Ацанілі сістэму і за мяжой. ProZorro атрымала міжнародную прэмію ў галіне публічных закупак Public Sector Procurement Award.

Як і хто стварыў ProZorro?

На дадзеным момант ProZorro з’яўляецца дзяржаўным прадпрыемствам. Але першапачаткова яна з’яўлялася самым звычайным стартапам, які фактычна быў прыдуманы і распрацаваны ўдзельнікамі Майдану.

Спачатку спецыяліст па біржавым гандлі Аляксандр Старадубцаў стварыў Адкрыты ўніверсітэт Майдану, удзельнікі якога збіраліся ў звычайных кіеўскіх кавярнях і абмяркоўвалі свае ідэі трансфармацыі Украіны. У сакавіку 2014 года новым міністрам эканамічнага развіцця Украіны стаў Павел Шарамета, які паклікаў актывістаў у міністэрства рабіць рэформы разам. Аляксандр Старадубцаў адгукнуўся на прапанову і разам з камандай пачаў лабіяваць ідэю рэфармавання сістэмы дзяржаўных закупак.

Аляксандр Старадубцаў.

Аляксандр Старадубцаў.

Першая канцэпцыя, распрацаваная ўжо праз тры месяцы, была створана 30 актывістамі пры дапамозе 150 валанцёраў. Але пасля размоў з грузінскімі рэфарматарамі каманда ProZorro вырашыла рабіць праект з самога пачатку, ужо на аснове грузінскага досведу.

Ужо ў лютым 2015 года з’явілася першая працоўная версія сістэмы, распрацаваная пры актыўным удзеле недзяржаўнай арганізацыі Transparency International. Згодна са спецыяльным мемарандумам, сама сістэма і аўтарскія правы былі «перададзеныя народу Украіны». У снежні 2015 года сістэма ProZorro была перададзеная на баланс дзяржаўнага прадпрыемства «Зовнішторгвидав», якое было пазней пераназванае ў дзяржаўнае прадпрыемства «ProZorro».

Наступным этапам было стварэнне новага закону Украіны «Пра публічныя закупкі». Згодна з гэтым законам, які рэгламентаваў дзейнасць ProZorro, выкарыстанне гэтай сістэмы пры правядзенні працэдур публічных закупаў стала абавязковым для ўсіх заказчыкаў.

Як працуе сістэма?

У публічных закупках браць удзел можа дзяржаўны заказчык, грамадскі актывіст альбо бізнэсмен. Напрыклад, шпіталю неабходна закупіць экспрэс-тэсты. Заказчык на сайце абірае адну з аўтарызаваных пляцовак для закупак і рэгіструе на ёй асабісты кабінет. Пасля гэтага праз гэты кабінет ён аб’яўляе закупы, рыхтуе тэндарную дакументацыю і апісвае прадмет закупкі, яго характарыстыкі і патрабаванні да пастаўшчыкоў. Інфармацыя патрапляе да цэнтральнай базы дадзеных і адразу дублюецца на ўсіх пляцоўках. Таму не важна, на якой з пляцовак (іх ва Украіне каля дзесяці) працуе бізнэсмен — інфармацыя паўсюль будзе аднолькавай.

Калі бізнэсу цікава прадаць дзяржаве медыцынскія прылады, то ён рыхтуе сваю прапанову. Пастаўшчык можа ананімна звярнуцца да заказчыка, каб удакладніць дэталі тэндару. Такая перапіска будзе адлюстроўвацца на старонцы тэндару — кожны чалавек яе зможа пабачыць.

Калі бізнэсмену становіцца ўсё зразумела, ён падае сваю прапанову. Пасля завяршэння прыёму прапаноў сістэма прызначае час аўкцыёну, на які ўдзельнік можа перайсці па спасылцы са свайго асабістага кабінета. Замоўцу застаецца толькі чакаць вынікаў гэтага аўкцыёну.

Аўкцыён адбываецца ў тры раўнды, на працягу якіх бізнэсмены маюць магчымасць зменшыць кошт сваіх прапаноў, каб атрымаць замову. Аўкцыён адбываецца цалкам ананімна, і кампаніі, якія прапанавалі свае паслугі і тавары, пазначаюцца як «Удзельнік 1», «Удзельнік 2» і гэтак далей. Грамадства можа ў анлайн-рэжыме назіраць за аўкцыёнам.

Пасля завяршэння аўкцыёну сістэма раскрывае назвы ўсіх кампаній, якія падалі заяўкі на таргі. На сайце ProZorro для ўсіх становіцца даступнай дакументацыя, якую прадстаўнік кампаніі даваў разам з прапановай.

Замоўца адкрывае дакументы патэнцыйнага пераможцы і глядзіць, ці адпавядае тавар тэндарным тэхнічным, а ўдзельнік кваліфікацыйным патрабаванням. Таксама ён можа запрасіць узоры прадукцыі. Калі ўсё добра, замоўца прымае прапанову, падпісвае дамову, выкладвае яе ў сістэму і закрывае закупку.

Калі прапанова не адпавядае патрабаванням, замоўца дыскваліфікуе ўдзельніка і разглядае наступную па выгадзе прапанову. Бізнэсмен у рэжыме анлайн можа падаць скаргу, калі лічыць, што рашэнне замоўцы несправядлівае.

Абсалютна любы чалавек з доступам у інтэрнэт можа паглядзець на прапановы ўдзельнікаў, пратаколы дыскваліфікацыі, рашэнні пра прынятыя прапановы, падпісаныя дамовы і нават аплаты, якія прайшлі праз казначэйства.

Не толькі сістэма дзяржзакупак

ProZorro — гэта не проста сістэма тэндараў і аўкцыёнаў, праз якую ажыццяўляюцца дзяржаўныя закупы. Сістэма мае вялікую колькасць карысных інструментаў, якія спрашчаюць жыццё бізнэсменаў і чыноўнікаў, а працэс маніторынгу робяць простым для кожнага грамадзяніна, што дазваляе кожнаму чалавеку бачыць, на што ідуць яго падаткі.

Напрыклад, праз інструмент https://dozorro.org грамадзяне могуць кантраляваць працэс закупаў: адсочваць сумнеўныя тэндары, пакідаць свае каментары і водгукі.

Таксама ёсць спецыяльны модуль аналітыкі http://bi.prozorro.org/, які мае неймаверную колькасць самых розных функцый, даступных для кожнага грамадзяніна. У модулі аналітыкі можна атрымаць самую падрабязную інфармацыю ў самых розных вымярэннях.

Не ўсё так гладка. Як украінскія карупцыянеры навучыліся абыходзіць ProZorro

Нягледзячы на ўсё поспехі ProZorro, відавочна, што фундаментальных праблем, якія выклікаюць карупцыю, сістэма так і не вырашыла. Украінскія карупцыянеры знайшлі дзясяткі схем, якія дазваляюць абысці ProZorro.

Адной са схем з’яўляецца змяненне цаны ўжо пасля падпісання кантракту пры дапамозе дадатковых пагадненняў, што фармальна не з’яўляецца парушэннем законаў.

Яшчэ адна папулярная схема — унясенне ва ўмовы тэндару такіх патрабаванняў, якія можа выканаць толькі загадзя знаёмы з імі чалавек. Гэта можа быць і невыразная спецыфікацыя, і нерэалістычныя даты пастаўкі, і патрабаванні прадставіць даведкі і сертыфікаты, якія проста фізічна немагчыма прадставіць да даты правядзення таргоў. Адным з прыкладаў такой схемы з’яўляецца гісторыя пра тое, як кіеўскі анкалагічны шпіталь набыў швабры коштам 2,5 тысячы грывень за штуку (каля 200 рублёў). Як гэта стала магчымым? Высветлілася, што прадметам закупу шпіталь пазначыў «прыладу з трымальнікам і насадкай». Такое невыразнае апісанне прадмета закупкі ўводзіць у зман удзельнікаў і зніжае канкурэнтнасць.

Таксама карупцыянеры выкарыстоўваюць схему дзялення адной закупкі на вялікую колькасць маленькіх, дзе выкарыстанне электроннай сістэмы з’яўляецца неабавязковым.

Відавочна, што для выкаранення карупцыі адных толькі законаў і эфектыўных сістэм (такіх як ProZorro) недастаткова. Якімі б добрымі ні былі новыя законы і сістэмы дзяржаўных закупак, без змянення ў галовах людзей карупцыю перамагчы немагчыма.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?