У гісторыі Нямеччыны скончылася цэлая эпоха — эпоха здабычы каменнага вугалю. Немцы заняліся ёю больш за 900 гадоў таму, у 19-м стагоддзі вугаль і сталь Рурскай вобласці забяспечылі індустрыяльную і ваенную моц Германскай імперыі, пасля Другой сусветнай вайны шмат у чым дзякуючы вугалю адраджалася заходняя частка краіны і пачынаўся працэс эканамічнай інтэграцыі Еўропы, піша DW.

І вось адна з найважнейшых у мінулым галін нямецкай эканомікі спыніла сваё існаванне. 21 снежня 2018 года ўвойдзе ў гісторыю Нямеччыны як той дзень, калі ў былым шахцёрскім мястэчку Ботрапе ўрачыста закрылася самая апошняя ў краіне вугальная шахта Prosper-Haniel. З гэтага часу ў Нямеччыне каменны вугаль з-пад зямлі больш не здабываюць. Захавалася толькі здабыча бурага вугалю адкрытым спосабам у кар'ерах і разрэзах.

Сярод вялікіх еўрапейскіх вугальных дзяржаў Германія ў справе згортвання гэтай традыцыйнай галіны зусім не першапраходзец. У Бельгіі апошнюю шахту закрылі яшчэ ў 1992 годзе, у Францыі — у 2004-м, у Вялікабрытаніі — у 2015-м. Ва ўсіх гэтых краінах здабычу каменнага вугалю спынялі па эканамічных прычынах. Адмова ад яго з экалагічных меркаванняў (абарона насельніцтва ад смогу, а глабальнага клімату — ад выкідаў парніковых газаў) — тэндэнцыя толькі самага апошняга часу.

Вось і ў Нямеччыне шахцёры яшчэ паўстагоддзя таму пачалі губляць працу не з-за барацьбы супраць забруджвання навакольнага асяроддзя, а з-за зніжэння канкурэнтаздольнасці нямецкага каменнага вугалю. Яго, з аднаго боку, усё больш выціскалі іншыя энерганосьбіты — нафта, газ, ядзернае паліва, з іншага боку — імпартны вугаль з краін з больш таннай працоўнай сілай, больш нізкімі стандартамі тэхнікі бяспекі і/або з адкрытым спосабам здабычы.

У выніку з 1960 па 1980 году колькасць шахтаў у Нямеччыне скарацілася са 146 да 39, а да 2000 года дажылі толькі 12. Адпаведна, колькасць нямецкіх шахцёраў, якія складалі ў 1957 годзе каля 610 тысяч чалавек (тады былі здабытыя рэкордныя амаль 150 мільёнаў тон вугалю), у 1994 годзе ўпершыню ўпала ніжэй за адзнаку 100 тысяч чалавек, а ў першым дзесяцігоддзі 21-га стагоддзя скарацілася прыкладна да 30 тысяч. Апошнія тры гады ў Германіі працавалі 2 шахты, на якіх каля 4,5 тысячы гарнякоў здабывалі каля 4 мільёнаў тон у год.

Друкуецца ў межах спецыяльнай рубрыкі «Навіны Германіі»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0