Фота Сяргея Балая, Tut.by
Гендырэктар «Белавія» Анатоль Гусараў паведаміў, што авіякампанія заканчвае распрацоўку сістэмы брэндавых тарыфаў. Раней цана на білет фармавалася аўтаматычна, за кошт попыту. Зараз пасажыры змогуць выбраць тарыф — напрыклад, з багажом або без багажу. У залежнасці ад гэтага будзе фармавацца цана. Новая сістэма павінна пачаць працаваць ужо ў лістападзе, піша Tut.by.
Як патлумачыў Гусараў, пасажыр зможа абраць, ляцець яму з багажом або без багажу, з адной сумкай ці некалькімі, узяць квіток з магчымасцю адмены і без такой магчымасці. У залежнасці ад гэтага будзе выбудоўвацца цана. Неаплатная ручная паклажа — да 10 кг. Кошт квітка без багажу будзе ніжэй за цяперашнія стартавыя тарыфы. Зараз багаж аўтаматычна ўключаны ў кошт квітка, па тарыфе эканом-класа гэта 23 кг.
Нагадаем, у кастрычніку «Белавія» ўвяла платны выбар месцаў пры анлайн-рэгістрацыі на рэйс — ад 5 да 30 еўра ў залежнасці ад месцазнаходжання крэслаў у салоне. Выбраць месца бясплатна можна толькі з пакінутых месцаў - пры анлайн-рэгістрацыі або рэгістрацыі непасрэдна ў аэрапорце.