Беларуская журналістка Вольга Улевіч, якая апошнія 8 гадоў працавала гідам у Каталоніі, вырашыла праз пандэмію змяніць сферу дзейнасці — і стала працаваць на зямлі ў сельскай гаспадарцы. Паводле Вольгі, гэта цяпер вельмі запатрабаваная праца, бо з прычыны COVID-19 у Іспанію не змогуць прыехаць сезонныя работнікі. Пандэмія падштурхнула Вольгу інакш паглядзець на многія рэчы і пераасэнсаваць, што для яе насамрэч важна ў жыцці, піша «Радыё Свабода».

«Межы закрытыя, ніхто не прыедзе, а патрабуецца на гэтыя працы каля 300 тысяч чалавек»

Вольга Улевіч тлумачыць, што праз пандэмію сёлета ў Іспанію не прыедуць работнікі з Марока, Румыніі, Балгарыі, Украіны ды іншых краінаў, якія традыцыйна працавалі па сезонных кантрактах у сельскай гаспадарцы.

— У фермерскіх гаспадарках не трэба круглы год трымаць шмат работнікаў. Звычайна ў Іспаніі ферму трымае сям’я, і дадатковыя рукі патрэбныя толькі тады, калі прыходзіць сезон збору трускалак, вінаграду, алівак, персікаў. Сёлета межы закрытыя, ніхто не прыедзе, а патрабуецца на гэтыя працы каля 300 тысяч чалавек. Гэтая абвестка мяне вельмі натхніла. І пытанне нават не ў грошах. Так надакучыла сядзець дома на гэтым каранціне! Сапраўды, гэты каранавірус так «чысціць», што вяртае цябе да самых простых і чыстых рэчаў. А што ёсць больш простае, чым сама прырода, чым зямля?

Вольга Улевіч жыве ў невялікім гарадку ля Жыроны, навокал у радыусе 100 кіламетраў вельмі шмат вінаграднікаў, аліўкавых гаёў, садоў, дзе вырошчваюць яблыкі, грушы, слівы, персікі і абрыкосы.

— Улады ўжо кінулі кліч і ўсім нелегалам, хто не паспеў выехаць з Іспаніі. Ім аформяць дазвол на працу, і яны змогуць там працаваць і да таго ж атрымліваць разам з заробкам дапамогу ў сувязі з пандэміяй.

Я ведаю многіх вінаробаў і сыраробаў. Я з гэтымі людзьмі працавала як гід, я да іх прывозіла турыстаў, мы рабілі дэгустацыі і пікнікі сярод вінаграднікаў. І мне заўсёды хацелася пагрузіцца ў гэта глыбей. Я ведаю маіх аднагодкаў Марту і Хасэ, якія атрымалі вышэйшую адукацыю ў аграрнай галіне, купілі вінаграднікі, і іх жыццё праходзіць у тым, што яны гадуюць дзяцей і вырошчваюць вінаград. У іх 19 гатункаў вінаграду, з якога яны робяць 10 гатункаў віна. Будуюць сыраварню. Гэта вельмі станоўчае і плённае жыццё. Любая іх бутэлька віна — шэдэўр, і каштуе яна даступна — 7, 8, 11, 12 еўра. Я заўсёды зайздросціла гэтым людзям.

«Для мяне экскурсіі ў Барселону былі пеклам, а любы візіт на вінаграднікі — рэлаксацыяй»

Вольга Улевіч запоўніла тры анкеты для ўладкавання на працу ў сельскай гаспадарцы. У Іспаніі сельскагаспадарчая асацыяцыя кантралюе прыезджых работнікаў.

— Усе яны навучаныя, як абразаць, як збіраць вінаград. У іх ёсць усе патрэбныя даведкі. І гэтыя месцы вызваліліся. У анкетах я пазначала, што хацела б працаваць у Каталоніі, непадалёк ад Жыроны. Хоць, калі шчыра, мне ўсё роўна, дзе працаваць. Ёсць розныя вакансіі. Можна кіраваць загрузкай, разгрузкай, лагістыкай, весці адміністрацыйныя справы. Але я хацела б працаваць на зямлі.

Вольга цяпер пачала інакш глядзець на сваю працу гідам.

— Для мяне экскурсіі ў Барселону былі пеклам — заторы, трафік, паркоўкі, штрафы, паліцыя, натоўпы іншых турыстаў, у тым ліку кітайцаў, якія заўсёды былі ў масках. Гэта цяпер увесь свет у масках, а кітайцы ў іх былі заўсёды. А любы візіт на вінаграднікі — гэта рэлаксацыя. Я адпачывала падчас працы з экскурсіямі па вінаградніках. Мяне туды заўсёды цягнула.

Наша даліна Эмпорда, дзе я хачу працаваць, гэта як Таскана. Там цудоўныя віны, сыры, аліўкі, мёд, мармелад. Гэта рай. Я і жыць там хачу. Я жыву ў невялікім гарадку, і ўсё ж пейзаж вакол мяне гарадскі, хоць гэта і не Барселона. А мне хацелася б жыць, як на хутары, як каталонцы жывуць у аграмадных вясковых каменных дамах, якія будаваліся стагоддзямі.

«Калі толькі пачалася пандэмія, мне стала вельмі цікава жыць»

Вольга Улевіч кажа, што будзе зарабляць там не больш за 500—600 еўра, што для Іспаніі вельмі мала.

— Але я спадзяюся, што гэта нешта зменіць і я напоўнюся іншай энергіяй. Усе гэтыя гады я сябе бязмежна і бяздумна аддавала. Многія турысты з постсавецкай прасторы, прычым не самыя багатыя людзі — як я іх называю, няўпэўненыя топ-менэджары, — падчас экскурсій «высмоктваюць» так, што я часам тыднямі аднаўлялася пасля складаных кліентаў. І мяне гэтая таксічнасць стаміла.

Як ні дзіўна, калі толькі пачалася пандэмія, мне стала вельмі цікава жыць. Я зноў уключыла тэлевізар, і мне ўсё цікава. Я жыву як у нейкім кіно. Ранейшае жыцьцё — гэта былі бясконцыя паўторы. На нейкім этапе зноў інфляцыя, ізноў выбары прэзідэнта, ізноў палітвязні. Мяне гэта стамляе, я губляю інтарэс, і нішто не прымушае мяне гэтым цікавіцца.

Я яшчэ не да канца ўсвядоміла, што я страчу абсалютна ўсю працу, таму што самалёты не паляцяць, турызм будзе толькі мясцовы. Напэўна, каб падстрахавацца, я зраблю сайт экскурсіі на іспанскай мове. Але іспанцы не так прагнуць гэтага, у іх па-іншаму будуецца турызм. Яны прыязджаюць у невялікі гарадок, селяцца ў малым гатэлі, прыгожа апранаюцца, ідуць на добрую вячэру, выпіваюць келіх віна. І ўсё.

Экскурсіі патрэбныя нашым, бо мы з іншай культурнай прасторы і эпохі. У нас не было перакрыжавання з Іспаніяй гістарычна. Калі нашы прыляталі ў Міжземнаморʼе, то тут было ўсё па-іншаму, і патрабаваўся праваднік, які можа даць адказы на многія пытанні. Іспанцам гэтыя адказы не патрэбныя. Яны адсюль.

Не думаю, што я змагу зарабіць на жыццё на экскурсіях для іспанцаў, але паспрабую, прынамсі. Іспанія — цудоўная краіна для вялікага падарожжа на адзін, два і тры тыдні. Калі ўнутраны турызм тут будзе дазволены, я пастараюся арганізаваць туры па Іспаніі. А цяпер я буду працаваць на зямлі, сілкавацца энергіяй зямлі і людзей, якія ўмеюць жыць на ёй.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?