Стыхійныя акцыі пратэсту пачаліся ўвечары ў нядзелю і ў ноч на панядзелак у розных раёнах Мінска.

У ланцугі салідарнасці сталі Чкалаўскі, Лошыца, Каскад, Шабаны-Трасцянец, Уручча, Сляпянка, Міхалова. 

У цэнтры Мінска людзі выйшлі да Філармоніі і на Стэлу.

На некаторых вуліцах пратэстоўцы перакрылі рух транспарту. Напрыклад, у раёне Зялёны Луг некалькі дзясяткаў чалавек са сцягамі перакрылі Лагойскі тракт, жыхары вуліцы Ангарскай спынілі рух на МКАД.

На вуліцы Прытыцкага, каля «Каменнай Горкі», таксама перакрывалі праезную частку. У Серабранцы на скрыжаванні праспекта Ракасоўскага і вуліцы Пляханава пратэстоўцы перакрылі рух лавамі, палілі пакрышкі. 

Таксама пратэстоўцы перакрывалі праспект Дзяржынскага. Сілавікі разганялі пратэстоўцаў, былі чутныя гукі стрэлаў.

У раёне гандлёвага цэнтра «Рыга» на вуліцы Сурганава, дзе стаяў ланцуг салідарнасці, былі чутныя гукі, падобныя на стрэлы, і выбухі светлашумавых гранат.

Людзі выйшлі на вечаровыя акцыі ў знак пратэсту супраць масавых затрыманняў 11 кастрычніка. Паводле звестак праваабаронцаў, лік затрыманых удзельнікаў мірнай акцыі пратэсту ў нядзелю набліжаецца да 600 чалавек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0