Аказалася, з тыдзень таму Андрэя адпусцілі. Ён коратка распавёў «Нашай Ніве» пра тое, што здарылася і куды знік на два месяцы.

У дзень, калі яго затрымалі, 27 сакавіка, ён прыехаў у Мінск па справах.

«Хацелася купіць пару рэчаў і прайсціся па крамах і рынку Ждановічы. Пра тое, што нешта будзе на Пушкінскай, быў без паняцця. Проста ішоў ад Макдональдса да перахода ў метро. Ні сцягоў, ні сімволікі, нічога не выкрыкваў. Адзеты быў у белыя красоўкі, сінія джынсы, байку з накінутым капюшонам, куртку, чорную кепку і заплечнік у колерах мілітары. Магчыма, так нельга па Мінску хадзіць, але па Вілейцы можна.

На шляху да перахода стаяў патруль у зялёным. Мяне аклікнулі: «Можна паглядзець ваш заплечнік?» Без задняй думку расшпіліў, ведаў, што нічога забароненага пры мне няма. У рэчах віднелася рукаятка «Прэм’ера-4» (аэразольны пісталет — «НН»). «Хадземце з намі, наш кліент». Узялі пад рукі і павялі да аўтазака».

Там у мужчыны пыталіся пра нейкі тэлеграм-канал і каардынатара, пра якіх ён раней не чуў. Пачалі трэсці заплечнік, абшукваць куртку — знайшлі ПП-3 (пускавую прыладу) і запасную абойму, нож. Усё склалі на падлогу, сфатаграфавалі рэчы і Андрэя, апыталі яго. Мужчына тлумачыў, што знойдзеныя рэчы выкарыстоўвае для абароны.

У сюжэце, які публікавала міліцыя, паказвалі тэлефон Андрэя з падпіскай на розныя тэлеграм-каналы. Тры з іх былі свежыя, датаваныя адным часам — 12:41. Мужчына запэўнівае, што ніколі не быў на іх падпісаны.

«Падчас майго знаходжання ў аўтазаку байцы пасмейваліся нада мной і казалі, што затрымалі мяне «бліскуча». Мае адказы яўна не задавальнялі старэйшага і ён сказаў: «Можа, чорных паклікаць?» Я маўчаў. Пасля той даў мне два разы па твары і сказаў: «Дарма вы ў Мінск прыехалі. Клічце чорных».

Мужчыну сцягнулі ззаду рукі і перавялі з аўтазака ў бусік. Да Фрунзенскага РУУС ён ехаў, стоячы на каленях.

Што было пасля, Андрэй у дэталях не апісвае. Змясцілі ў СІЗА-1 па крымінальнай справе па артыкуле 342 (дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Суда пакуль не было. 21 мая меру стрымання змянілі, мужчыну выпусцілі з Валадаркі, але ён абавязаны з’яўляцца па выкліку следства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0