Гэтыя вучэнні ‒ свайго роду адказ на агрэсіўныя заявы з Масквы, якая пагражала не пакінуць без адказу ўступленне Фінляндыі і Швецыі ў НАТА. Пагрозы суправаджаліся дэманстрацыяй сілы: вайсковыя самалёты РФ раз за разам сталі перасякаць фінскую мяжу, сюды ж была перакінутая ракетная тэхніка.

Дэталі вучэнняў засакрэчаныя. Wall Street Journal паведамляе падрабязнасці: у двухтыднёвых вучэннях «Arrow 22» удзельнічаюць больш за тры тысячы фінскіх салдат, а таксама вайсковы кантынгент з ЗША, Вялікабрытаніі, Эстоніі і Латвіі.

У агульнай колькасці ў Фінляндыі каля 300 тысяч вайсковага складу і 900 тысяч рэзервістаў. Яе армія ‒ адна з самых магутных у Еўропе. Краіна можа падаць заяўку ў НАТА ўжо праз некалькі тыдняў.

Ва ўкраінскай вайне Хельсінкі, які доўгі час захоўваў нейтралітэт, устаў на бок Кіева. Нягледзячы на традыцыйную палітыку «не даваць узбраенне ў зоны баявых дзеянняў», з пачатку вайны Фінляндыя дала Украіне тысячы адзінак супрацьтанкавага ўзбраення, прадуктаў, боепрыпасаў — і гэта гістарычны крок, як сказала прэм'ер-міністр Сана Марын.

Хоць стаўшы краінай-удзельніцай НАТА, Фінляндыя атрымае гарантыі бяспекі ў рамках 5-га артыкула статута НАТА, ёсць адно вялікае «але», якое і турбуе ўрад краіны. Само па сабе ўступленне будзе велізарнай правакацыяй Расіі да пачатку магчымых баявых дзеянняў (а з Фінляндыяй у РФ агульная мяжа працягласцю больш за 1300 км). Паміж падачай заяўкі і прыняццем у склад Альянсу пройдзе некаторы час, і Расія можа скарыстацца менавіта гэтым «акном», піша Financial Times.

Таму Фінляндыя нарошчвае свой баявы патэнцыял, не чакаючы прыёму ў НАТА. Абвешчана аб закупцы 64-х ваенных знішчальнікаў Lockheed Martin F-35 для ўмацавання паветранай баяздольнасці фінаў.

Клас
26
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
2
Абуральна
0