ЛеБрон Джэймс здзіўлены, што ён не стаў аднаасобным пераможцам у спрэчцы самых заможных спартсменаў. Фота: mocah.org 

ЛеБрон Джэймс здзіўлены, што ён не стаў аднаасобным пераможцам у спрэчцы самых заможных спартсменаў. Фота: mocah.org 

Варта адзначыць, што аналізу падлягалі як непасрэдна кантрактныя ганарары спартоўцаў, так і бонусы рэкламнага кшталту, а таксама профіты ад бізнэс-праектаў, медыйных правоў на ўласнае імя ды манетызацыі сацыяльных сетак. У выніку шорт-ліст з дзясятка мільянераў, якія за год зарабілі сумарна 992 млн даляраў, атрымаўся ў абодвух СМІ амаль ідэнтычны. Але па шэрагу пазіцый — у тым ліку лідарскіх — зафіксаваныя адрозненні.

Дык хто перамог, Месі ці ЛеБрон?

Гледзячы, якой аналітычнай крыніцы вы давяраеце больш. Forbes ставіць на футбол, нягледзячы на тое, што форвард «Пары Сэн-Жэрмэн» пасля ад'езду з «Барселоны» згубіў у кантрактных грошах. Аднак саступка чэмпіёнам Францыі ў 22 млн даляраў на рахунку Месі не адбілася. Аргенцінец кампенсаваў страты за кошт угоды з Socios — аплікацыі для забаўлення фанаў, заснаванай на блокчэйн-тэхналогіі.

Да таго ж мэнэджары Леа выціснулі максімум з сусветна вядомых вытворцаў кшталту Pepsi, Budweiser ды Adidas. Плюс футбаліст стаў першым амбасадарам брэнду Hard Rock International са спартыўнай суполкі — і за гэта атрымаў шчодрыя бонусы.

Як вынік, па меркаванні Forbes, форвард за сезон зарабіў 75 млн даляраў з ПСЖ і яшчэ 55 за кошт па-за футбольнай актыўнасці ды перамог у гонках мільянераў, дзякуючы суме ў 130 млн.

А вось Sportico лічыць прыбытак аргенцінца меншым на 8 млн, што выводзіць у лідары ЛеБрона Джэймса. Суперзорка НБА колькі тыдняў таму завяршыла выступы ў чэмпіянаце, бо яго клуб, «Лос-Анджэлес Лэйкерс», нават у плэй-оф не патрапіў. Аднак гэта не перашкодзіла 37-гадоваму гульцу ўзбагаціцца на 127 млн даляраў. Прыбытак ветэрану забяспечыла самая шчодрая ў гісторыі баскетбола ўгода з вытворцам гульнявога абутку ды кааперацыя з крыптавалютнай кампанияй «Crypto.com».

Адначасова з выступамі ў НБА Джэймс не забываўся на здымкі ў рэкламе (ролік з ім паказвалі нават падчас Супербоўлу — самы дарагі слот планеты у камерцыйным вяшчанні), гандаль маёмасцю, продаж акцый і прасоўванне ўласных медыя-прадуктаў, фільмаў ды ток-шоў. Замацавацца ж ў лідарах ЛеБрону дапамагла інвестыцыя ў стартап, які стварае спартовыя трэніроўкі ў віртуальнай рэальнасці.

Але ж футбалісты ў спісе усё роўна дамінуюць, так?

А вось і не! Зразумела, у топ-10 нават пры самых неспрыяльных абставінах застануцца Крышціяну Раналду ды Нэймар. «Крашы» сацыяльных сетак кожны дзень генеруюць трафіку на мільёны даляраў. А значыцца, дэфіцыту спонсараў тут не будзе ніколі. Таму партугальскі прыгажун цягне грошы з Herbalife, Nike ды кампаній, што гандлююць сродкамі па даглядзе цела. Бразілец жа больш пагружаны ў сучасныя тэхналогіі, таму эксплуатуе NFT-маркет ды апрацоўвае глебу ОТТ-платформ кшталту Netflix. Пры гэтым абодва гульцы ўпэўнена трымаюцца ў топ-5 спісу з заробкам у 115 (КрыРо) і 95 (Нэй) млн адпаведна.

Аднак на дзесяць лідараў спартыўнага сусвету футбалістаў толькі трое. Тады як гульцы НБА фарміруюць квартэт мільянераў — ЛеБрона пераследуюць Стэф Кары, Кевін Дзюрант ды Яніс Адэтакунба.

І таму ёсць лагічнае тлумачэнне: акрамя супермаксімальных кантрактаў (пяцігадовае пагадненне грэка, напрыклад, абышлося «Мілуокі Бакс» у 200+ млн даляраў) кожная з зорак актыўна працуе з гульцамі крыптамаркетаў ды NFT-платформамі.

Гэтыя рынкі ў Штатах зараз дынамічна развіваюцца ды канкуруюць. А таму гатовыя выдаткаваць шалёныя грошы на прасоўванне прадукцыі з дапамогай спартсменаў, аўтарытэтных сярод моладзевай ды плацёжаздольнай аўдыторый.

А каго там у топ-10 яшчэ можна пабачыць?

Цікавая дынаміка і ў больш шырокім разрэзе.

На сто самых заможных спартоўцаў свету прыходзіцца 36 баскетбалістаў, тады як прадстаўнікоў футбола толькі 13. І гэта не другая пазіцыя! Між тымі, хто кідае мяч рукамі ды пінае нагамі змясціліся ўніверсалы — прафесіяналы з амерыканскага футбола, якіх сярод мільянераў ажно 25.

Узначальваюць іх Том Брэйдзі ды Мэцью Стэфард, даходы якіх ацэньваюцца дзесьці у 70-80 млн даляраў. Складанасць у дасканалым вызначэнні прыбыткаў звязана з варыятыўнасцю кантрактных бонусаў. Да таго ж не зразумела, колькі сапраўдных угод заключыла прадакшн-кампанія Брэйдзі (дзесьці аб'яўлялася толькі пра намер нешта рабіць, дзесьці не абвяшчаліся фінансавыя акалічнасці) ды наколькі сур'ёзна ўцягваецца ў шэраг супрац Стэфард — ад ступені актыўнасці залежаць яго бонусы.

Таксама ў топе лёгка пабачыць тэнісіста Роджэра Федэрэра ды баксёра-прафесіянала Канэла Альварэса. Апошнія гады зарабіць на корце швейцарцу заміналі траўмы. Тым не менш ён не зышоў у «мінус», бо меў даўгатэрміновыя і шчодрыя кантракты з прэміум-спонсарамі, Uniqlo ды Rolex. Да таго ж пачаў квітнець брэнд спартыўнага абутку On, у які Роджэр сур'ёзна ўклаўся яшчэ ў 2019-м. Як вынік, у мінулым сезоне Федэрэр паклаў у кішэню 85,7 млн даляраў.

Што да Альварэса, то яго ўзбагацілі не толькі перамогі ў рынгу мінулым траўнем ды лістападам, а таксама і шчодры ганарар ад «Hennessy». Неблагое развіццё атрымаў і рэстаранны бізнэс баксёра, які з роднай Мексікі сеціўна пачаў захопліваць ЗША. Гэта прынесла Канела за год ля 80 млн даляраў.

Ну добра, а жынчыны ў топе ёсць?

Гендэрнага прарыву не адбылося:

як і год таму, у топ-100 прабіліся толькі дзве тэнісісткі, Наомі Осака ды Серэна Уільямс.

Японка знайшла сваё прозвішча на 20-й пазіцыі, аднак магла і вышэй — траўмы перашкодзілі перамогам на турнірах і атрыманню прызавых. Аднак тузін оф-корт партнёраў дапамог экс-першай ракетцы свету захаваць флёр раскошы. Асабліва ўдалай назавем кааперацыю з BodyArmor — кампаніяй, якую набыла Coca-Cola ў лістападзе. Профіт ад гэтай угоды даў значны буст рахункам Осакі, каб яны дасягнулі межаў 52 млн даляраў.

Уільямс жа пайшла іншай камерцыйнай сцежкай ды схілілася да венчурных інвестыцый — нават кампанію ўласную заснавала. Серэна падтрымала больш за 60 праектаў, што прывяло яе да заробку ў 35,3 млн за год і 52-га радка ў рэйтынгу.

Годзе вядомых людзей — неспадзяванкі давай!

Тут ёсць дзе разгарнуцца! Напрыклад, у топавую сотню здолеў заскочыць Вірат Калі — чалавек, прозвішча якога вы пэўна будзеце гугліць, калі не цікавіцеся крыкетам. Аднак выхадзец з Дэлі заслужыў свой абзац славы, бо зарабіў за год 33,9 млн даляраў.

Непадалёк — на 44-м месцы ў адрозненні ад індзійскага 61-га — змясціўся Філ Мікельсан.

Гальфіст куды менш вядомы, чым Тайгер Вудс, аднак варты ўвагі. Бо ў 51 год ён з'яўляецца самым узроставым фігурантам рэйтынгу.

Дарэчы, на рахунку спартсмена магло быць больш, чым 30 млн у год, аднак яго каментары ў дачыненні да забойства Джамаля Хашогі ды правоў чалавека, якія не працуюць у Саудаўскай Аравіі, прывялі да згубы Мікельсанам шэрагу кантрактаў.

Адзначым і Трэвара Лоўрэнса — яго прыклад сведчыць пра тое, што нават ў 22 гады можна глядзець на свет з горда ўзнятай галавой. Гулец «Джэксанвіля» мае на рахунку 32,8 млн даляраў, што не так ужо і блага для пачатку ўзыходжання на вяршыню піраміды.

Клас
4
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1