Судовае пасяджэнне праходзіла ў адкрытым рэжыме, але не ў памяшканні суда, а ў аддзеле міліцыі Ленінскага раёна горада, паведамляе «Вясна».
Справу разглядала суддзя Вольга Серакова, дзяржабвінаваўца — Зоя Аляксюціна.
Аляксандра Шацілу затрымалі 10 сакавіка 2022 года на трое сутак, а затым да суда змянілі міру стрымання на падпіску аб нявыездзе.
Па матэрыялах абвінавачання, Аляксандр Шаціла, маючы намер і жаданне, скіраваныя на публічную абразу старшага ўчастковага інспектара аддзела ўнутраных спраў Пружанскага райвыканкама маёра С. Каляды, а таксама яго калегі — лейтэнанта Дзмітрыя Таразевіча, 15 ліпеня 2020 года ў сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» пад публікацыяй з выявамі названых супрацоўнікаў міліцыі ў форменным абмундзіраванні і надпісам «Гэта мы прымянілі ўдушальны прыём супраць мірных грамадзян у Пружанах» размясціў абразлівы і зняважлівы каментарый, прынізіў тым самым іх гонар і годнасць.
Абвінавачаны Шаціла сваю віну прызнаў цалкам, прызнаўся, што пакінуў каментарый пад уплывам эмоцый. Пазней зразумеў, што аўтар публікацыі знаходзіцца за межамі Рэспублікі Беларусь.
Суд пастанавіў прызнаць Шацілу вінаватым і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на адзін год і 6 месяцаў без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу.
Таксама суд задаволіў матэрыяльныя патрабаванні пацярпелых супрацоўнікаў міліцыі Каляды і Таразевіча аб кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры па 1000 рублёў кожнаму.
Тэлефон Xiaomi, з дапамогай якога быў пакінуты абразлівы каментарый, канфіскаваны ў даход дзяржавы.





