Блог «1906» даведаўся, колькі будзе каштаваць такі адпачынак і калі яго можна будзе ацаніць. Мы перадрукоўваем гэты матэрыял.

Бюро Zrobim architects ужо больш за сем год займаецца модульнымі дамамі, але сёлета яны вырашылі не толькі рабіць іх на замову канкрэтым сем’ям, але і здаваць у арэнду. 

«Хацелася, каб людзі маглі пажыць у добрай архітэктуры, хай і некалькі дзён. Пры гэтым натхняючыся наваколлем Беларусі. Мне прыемна, што можна такім чынам развіваць унутраны турызм, каб мы яшчэ больш вандравалі па сваёй краіне», — кажа Андрусь Бездар.

Андрусь Бездар. Фота: інстаграм

У Беларусі існуе фармат кемпінгаў у прыгожых месцах, але цэльныя новыя, мабільныя дамы ў сучасным прачытанні, з уласнымі маленькімі саунамі ў турыстычных кропках да Zrobim architects ніхто не будаваў.

«Пры гэтым за мяжой такі фармат досыць распаўсюджаны. Мікрадамы будуюць у прыгожых месцах — у гарах, лесе ці на беразе возера, і яны набіраюць папулярнасць. Самы блізкі арыенцір — нямецкі праект Raus haus. У іх ёсць дамы, напрыклад, у яблыневым садзе», — расказвае Андрусь. 

Распачаць забудову вырашылі каля Браслаўскіх азёраў: Андрусь правёў там дзяцінства.

«У школьныя гады бацькі закідвалі мяне туды да дзядулі на тры месяцы, там я бавіў летні час. Я палюбіў гэты край, ён прыгожы, азёрны. Там прайшоў ляднік і пакінуў шмат звязаных паміж сабой азёраў на актыўным рэльефе. І для мяне Беларусь — гэта ў першую чаргу Браслаўскія азёры. Гэткае месца моцы». 

Тызер модульных дамоў на Браслаўскіх

Архітэктар ведаў, што знайсці месца пад забудову на Браславах звычайна справа не з лёгкіх. Некаторыя губляюць на пошукі два-тры гады. Але Андрусю пашанцавала, і свой гектар ён набыў недзе праз 1,5 месяца пошукаў.

Усяго ў гэтай лакацыі плануецца паставіць восем домікаў. Яны не будуць стаяць адзін на адным, каб забяспечваць прыватнасць гасцей і каб не сапсаваць галоўную ідэю і звышмэту: дазволіць чалавеку правесці час у дыялогу з прыродай.

Фота: інстаграм @nomad_houses

Першыя два невялікія дамы на 16 м² з’явяцца ў сярэдзіне ліпеня. І ў ліст чакання, каб засяліцца туды, запісалася ўжо 200 чалавек (пры гэтым ніякай рэкламы пакуль не запускалася, першыя патэнцыйныя наведнікі прыйшлі з інстаграма архітэктара).

Фота: інстаграм @nomad_houses

«200 чалавек — гэта вельмі шмат для двух домікаў. У Браславе, у прынцыпе, арэндны сезон усяго 4-5 месяцаў. Ужо палову з іх вядзецца наша будаўніцтва. Два месяцы прыблізна застаецца — гэта 120 дзён для двух домікаў, а заявак ужо больш. Гэта сведчыць пра тое, што праект цікавы людзям, і што мы можам адчыняць іншыя домікі. Менавіта таму мы замовілі на вытворчасці новыя два. І далей за імі пойдуць іншыя, каб усім хапала месца для адпачынку.

Наступныя дамы, дарэчы, будуць большымі па плошчы: ужо 35 квадратных метраў, з двума пакоямі. Фармат не для шумных тусовак, хутчэй для людзей, якія сярод тыдня ці ў выходныя хочуць збегчы на Браслаўскія, пабыць ля возера, пакатацца на роварах, паплаваць на лодцы».

Ложкі ў дамах будуць стаяць ля самага акна

Што тычыцца цэн, то планаваная сума за суткі — каля 65 даляраў за домікі без лазні і 75 даляраў з ёй.

Фота: інстаграм @nomad_houses

На Браславах каманда «Зробім» спыняцца не збіраецца.

«Мы ўжо разглядаем месца ў Налібоцкай пушчы, каля эка-сцежкі. Там мы збіраемся крыху іншым спосабам ставіць дамы, бо тэрыторыя не прадугледжвае забудову, як у Браславе, яна выдаецца пад фермерскія надзелы. І ў прынцыпе мы плануем займацца гэтым бізнэсам разам з фермерам. Пакуль, акурат, вырашаем усе юрыдычныя пытанні наконт зямлі і ўзаемаадносін — нас і фермерскай гаспадаркі.

Я ў прынцыпе думаў, калі не буду моцна залежыць ад грошай, то мне б было і далей цікава будаваць у розных месцах Беларусі стылёвыя домікі. І пасля стварыць мапу з імі — каб людзі маглі вандраваць з доміка ў домік, натхняючыся рознымі месцамі нашай краіны», — дзеліцца марамі Андрусь.

Чытайце таксама:

Хітрая схема з хатнім тэлефонам, петарды, калгас: топавыя гісторыі, хто як зарабіў першыя ў жыцці грошы

Ад 55 рублёў за дзень. Колькі каштуе адпачыць у самых рэйтынгавых санаторыях Беларусі

Дактары не верылі, што гэты мінчук будзе хадзіць пасля комы, а ён стаў дырэктарам салона прыгажосці, які наведваюць Багінская і Севярынец

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
VP / Адказаць
01.07.2022
Какие крутые у них проекты. Очень фамилия не подходит человеку) 
0
- / Адказаць
03.07.2022
что это за круглая печка и гробики?
0
кококо / Адказаць
03.07.2022
VP,гэта псеўданім
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру