Зарабляе 1800 рублёў, дзве траціны застаецца

Новая машына, падарожжы, статусныя рэчы — усё гэта абсалютна не цікавіць Дзмітрыя. Ён жыве як сапраўдны аскет, хоць і спрабаваў перамагчы ў сабе гэтую рысу.

— У мяне грошы збіраюцца з 13 гадоў, як толькі мне пачалі іх даваць. Я хадзіў на крыніцу па ваду, бацькі крыху за гэта плацілі. Я нічога не траціў, усё складваў у кніжку. Потым мама перабірала кніжкі, адкрывае — а там гара грошай. Яна нават падумала, што я іх дзесьці скраў, — успамінае суразмоўца выдання.

З першага заробку Дзмітрый купіў сабе тэлефон, а далей пачаў збіраць — спачатку бязмэтна, а пазней з'явілася думка купіць кватэру. Прыкладна $23 тыс. малады чалавек назбіраў сам, з астатняй сумай дапамаглі бацькі.

Пасля куплі жылля збіраць грошы не перастаў — па яго падліках, да 32 гадоў паспеў назбіраць $44 тыс. Улічваючы, што Дзмітрый працуе не айцішнікам, а звычайным інжынерам у «Метрабудзе», сума сапраўды ўражвае.

— У мяне з заробку пастаянна застаецца куча грошай. Я проста не купляю нічога лішняга. Вось, напрыклад, гумкі для валасоў-вы колькі на іх траціце? — пытаецца Дзмітрый. — А я проста нарэзаў гумак з дзіравай веласіпеднай камеры — і не купляю. Ці вось патрэбная мне была бесправадная клавіятура — я купіў яе за 20 рублёў, хоць звычайна яны каштуюць больш за 100. Пашукаў на барахолцы ў тых, хто возіць такія рэчы з Кітая. Мне падабаецца, калі выгадныя пакупкі, тады траціць грошы мне прасцей.

Кватэра Дзмітрыя выглядае вельмі своеасабліва: пацёртая старая мэбля, якой месца на сметніку, суседнічае з сучаснай тэхнікай — кандыцыянерам, робатам-пыласосам, камп'ютарам з добрым экранам. Калі можна купіць нешта па добрай цане, ён гэта робіць, а вось эстэтыка турбуе яго мала.

— У гэтай кватэры раней жыў алкаголік. Сябры з цяжкасцю ўгаварылі мяне зрабіць рамонт у адным пакоі — можна сказаць, прымусілі. Але вы можаце ўбачыць, што адна сцяна паклееная аднымі шпалерамі, а другая — іншымі. Проста абедзве партыі заканчваліся, і я іх забраў за паўцаны.

А чаму не купіць шпалеры даражэй, але з адной калекцыі?

— Жаба душыць, не магу, — шчыра адказвае мужчына. — Стол-кніга стаіць савецкая, старая тумбачка — усё гэта я пакінуў ад папярэдняга гаспадара. Мама казала: «Фу, непрыгожа, выкінь». Але навошта мне купляць новую мэблю, калі і гэтая служыць?

І так ва ўсім — нават мыла Дзмітрый доўгі час выкарыстоўваў не туалетнае, а гаспадарчае, таму што яго бясплатна выдавалі на працы. Падчас візіту журналістаў, праўда, у ваннай знайшлася бутэлька «дарагога» — вадкага.

— Гэта не я купляў, дзяўчына прынесла і пакінула, — тлумачыць хлопец.

— А паста ў вас Lacalut — яна ж нятанная?

— Прыйшлося купіць, таму што былі праблемы з дзёснамі. Калі нешта сапраўды трэба, я не шкадую, але непатрэбнае купляць не буду. Вось вы ўбачылі ў мяне робат-пыласос — яго я знайшоў у камісіёнцы за 450 рублёў. Выгадна — клас. А люстэрка хай будзе старое і крывое — не так ужо часта я ў яго гляджу, мне нармальна.

На сустрэчу з намі Дзмітрый надзеў белую майку і новыя штаны, якія купіў два гады таму і ні разу не насіў. Кажа, што цярпець не можа хадзіць па крамах, купля рэчаў не прыносіць яму задавальнення.

— Трачу на адзенне максімум 100 рублёў раз на тры месяцы, купляю шкарпэткі-трусы, майкі. Вось гэтая куртка засталася ад майго брата, я ў ёй хаджу на працу. Няма часу, каб нармальную купіць — замест гэтага нашу абноскі, — дзівіцца сам сабе мужчына. — Дома наогул часта нашу працоўную спецвопратку. Нам кожны год выдаюць нешта новае, столькі ўсяго не трэба, таму забіраю частку рэчаў дадому.

На харчаванне беларус хацеў бы выдаткоўваць 10 рублёў на дзень, але звычайна атрымліваецца не больш за 7. І гэта нягледзячы на тое, што Дзмітрый стаў дазваляць сабе закупляцца ў кулінарыі.

— У асноўным я харчуюся макаронамі з сасіскамі і пяльменямі, магу купіць выпечку з сырам і вяндлінай або салату якую-небудзь гатовую. Гэта лепш, чым было раней, калі з максімальнай эканоміі я еў толькі тры стравы: фарш плюс макароны, рыс або грэчка. Калі ў халадзільніку гэтая ежа стаяла, станавілася такой нясмачнай, што нават ванітавала ад яе. Але з думкай, што гэта танна, я прымушаў сябе гэта есці.

І да гэтага часу, дарэчы, нічога не выкідваю, калі засталося што, замарожваю і потым разаграваю.

Ёсць запасы згушчонкі, кукурузы, гарошку і тунца. Як тлумачыць Дзмітрый, гэта «на чорны дзень»

На пустых паліцах у халадзільніку ў Дзмітрыя знайшлі толькі памідоры, якія клапатліва перадала мама.

А вось маразільная камера запоўненая рэшткамі недаедзеных страў

Алкаголь Дзмітрый раней купляў самы танны, у яго нават была свая формула для гэтага выпадку.

— Бяром кошт напою і дзелім на градус і аб'ём. Калі літр таннага піва каштуе, дапусцім, 4 рублі, то мы атрымліваем 0,66 капейкі за 10 грамаў спірту ў напоі. Я сапраўды прыходзіў у краму, даставаў калькулятар і пралічваў кожны напой, шукаў, дзе сабекошт спірту самы нізкі. У нейкі перыяд гэта было віно, у нейкі — гарэлка, у нейкі — піва. Цяпер я ўжо так не раблю, хачу жыць «на шырокую нагу», — іранізуе над сабой наш герой. — Хоць пітную ваду дагэтуль ніколі не купляю ў краме. Паўлітра звычайнай вады за рубель — для мяне гэта занадта.

Доўгі час Дзмітрый захапляўся музыкай — граў на барабанах у рок-гурце. Палічыў, што за 10 гадоў сваёй кар'еры выдаткаваў на хобі прыкладна $1,5 тыс. Укласціся ў гэтую суму было няпроста: заняткі музыкай пастаянна патрабуюць грошай.

— У мяне заўсёды былі самыя горшыя талеркі з усяго гурта — б/к. Яны ламаліся, я закручваў іх скотчам, папраўляў. Раней шалёна марыў пра добрыя талеркі — новенькія, бліскучыя, з добрых сплаваў. Але тады збіраў на кватэру і разважаў так: навошта мне гэтыя талеркі, трэба эканоміць… але, думаю, падманваў сам сябе, а на самай справе проста збіраў.

Хлопец прызнаецца: сябры і знаёмыя абсалютна не разумеюць яго прынцыпаў. Пад уплывам акружэння ён спрабаваў памяняць сваё стаўленне да грошай. Здаецца, гэта так лёгка — узяў і патраціў увесь заробак.

— Я ж магу паляцець у які-небудзь Нью-Ёрк або купіць тур на Мальдывы, з рыбкамі паплаваць. Магу дазволіць — але хачу? Вось нядаўна паехаў у Маскву на фестываль, паставіў сабе мэту: патраціць у паездцы 20 тысяч расійскіх рублёў. У выніку максімум 6 тысяч сышло. Падыходжу да ўстановы — і адразу ўключаецца стопар: тут нявыгадна. Развярнуўся і пайшоў у «Пяцёрачку», купіў усё, што трэба.

— А калі з дзяўчынай трэба пагуляць, у кавярню яе таксама не павядзеце?

— Псіхалагічна для мяне гэта складана. Вось дзяўчына кажа: «Я хачу кавы і дэсерт». А я ведаю, што на такое ніколі б не патраціўся. Мяне аж карабаціць! Даводзілася нават выпіваць, каб лягчэй было расплачвацца. Але ў асноўным я шукаў тых, хто не вельмі любіць хадзіць па кавярнях і траціць па мінімуме грошай на касметыку, манікюр і іншае.

Дзмітрый палічыў, што яму аднаму пры жаданні хопіць бюджэту пражытачнага мінімуму на месяц (цяпер гэта 328,5 рубля), але ён дазваляе сабе выдаткоўваць удвая больш. Усё, што застаецца з заробку, кладзе на дэпазіты, каб грошы працавалі. У сярэднім атрымоўваецца збіраць па $4 тыс. на год.

На што траціць зберажэнні, Дзмітрый пакуль не прыдумаў. Магчыма, гэта будзе двухпакаёвая кватэра, дзе мужчына хоча зрабіць майнінг-ферму (зноў жа, кватэра павінна прыносіць грошы).

— Адкуль у вас гэта імкненне збіраць, не задумваліся?

— Напэўна, з дзяцінства. Ва ўсіх былі такія бацькі, якія казалі, што грошы зарабляюцца цяжкай працай і іх нельга траціць на ўсякае глупства. А я, відаць, успрыняў гэта вельмі сур'ёзна. І яшчэ я люблю лічыць, як інжынер, у мяне матэматычны склад розуму — можа, гэта ўплывае.

Клас
12
Панылы сорам
115
Ха-ха
12
Ого
14
Сумна
11
Абуральна
18