Фота: Netflix.com

Фота: Netflix.com

«На Заходнім фронце без перамен» — новая экранізацыя знакамітага рамана Эрыха Марыі Рэмарка — атрымала прызы BAFTA, у тым ліку, за найлепшы фільм, найлепшую рэжысуру, найлепшы адаптаваны сцэнарый, найлепшы фільм не на англійскай.

Новаспечаны лаўрэат BAFTA, рэжысёр фільма Эдвард Бергер, прымаючы ўзнагароды за гэты фільм пра Першую сусветную вайну, нагадаў пра тых, хто цяпер змагаецца за Украіну, а таксама распавёў, што пераадолець сумневы, ці брацца за гэтую карціну, яму дапамагла дачка Мацільда, якая прачытала кнігу Рэмарка ў школе.

Па чатыры прызы ад BAFTA атрымалі фільмы «Баншы Інішэрына» і «Элвіс» — біяграфічная карціна пра Элвіса Прэслі.

Дакументальны фільм пра атручэнне Аляксея Навальнага, «Навальны», прызнаны брытанцамі найлепшым дакументальным фільмам года.

Прадзюсар фільма Адэса Рэй у прамове на цырымоніі нагадала пра балгарскага журналіста-расследавальніка Хрыста Грозева, які ўдзельнічаў у стварэнні фільма, але не змог прыехаць на цырымонію ўзнагароджання, паколькі брытанская паліцыя палічыла гэта небяспечным.

Найлепшымі актрысай і акцёрам другога плану па версіі BAFTA ў гэтым годзе сталі Кэры Кондан і Бары Кіён, якія сыгралі ў «Баншы Інішэрына», аўтар сцэнарыя і рэжысёр карціны Марцін Макдона атрымаў узнагароду за найлепшы арыгінальны сцэнарый, а акрамя таго, гэтаму ва ўсіх адносінах ірландскаму фільму далі прыз як «выбітнай брытанскай карціне».

Марцін Макдона на цырымоніі спачатку пажартаваў з гэтай нагоды, але потым патлумачыў, што фільм трапіў у катэгорыю брытанскіх, таму што яго фінансаваў брытанскі тэлеканал Channel 4.

Баёпік пра Элвіса Прэслі атрымаў прызы за найлепшы падбор акцёраў, за дызайн касцюмаў і за грым, але галоўнае — Осцін Батлер, які сыграў Элвіса, стаў найлепшым выканаўцам галоўнай ролі па версіі BAFTA.

«Нэтфлікс» экранізаваў Рэмарка. Глядзець і пераслаць спасылку ўсім расіянам і лукашыстам, якіх ведаеце

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?