2010 год павінен стаць этапам аднаўлення хуткага эканамічнага росту. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка сёння на нарадзе па выніках сацыяльна‑эканамічнага развіцця краіны за 9 месяцаў 2009 года і праектах прагнозу сацыяльна‑эканамічнага развіцця, бюджэту і асноўных напрамкаў грашова‑крэдытнай палітыкі на 2010 год.

«Нельга забываць, што 2010 год асаблівы: ён завяршае пяцігоддзе. Ад таго, як у гэты перыяд спрацуем, будзе залежаць дасягненне намечаных рэзультатаў і ступень паляпшэння якасці жыцця людзей — усё, што мы абяцалі беларускаму народу», — сказаў кіраўнік дзяржавы, адзначыўшы, што надае асаблівае значэнне сённяшняй нарадзе, паколькі неабходна выпрацаваць важнейшыя інструменты рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі на 2010 год.

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў няпростую сітуацыю ў беларускай эканоміцы. Паводле статыстычных даных, замаруджваецца агульны эканамічны рост.

Высокімі застаюцца звышнарматыўныя запасы гатовай прадукцыі на складах прадпрыемстваў. Скарачаецца экспарт тавараў і павялічваецца адмоўнае знешнегандлёвае сальда. Пагаршаецца фінансавае становішча прадпрыемстваў і арганізацый. Расце праблемная запазычанасць па крэдытах. Няма станоўчых тэндэнцый і на спажывецкім рынку краіны. «Фактычна ні адзін прагнозны паказчык пакуль не выконваецца, — сказаў ён. — Трэба прызнаць, што тыя інструменты, якія мы выкарыстоўвалі ў спрыяльны час, не даюць належнага эфекту ва ўмовах сусветнага крызісу».

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ва ўрада яшчэ ёсць час паправіць становішча і навярстаць упушчанае. Цяпер важна сканцэнтраваць намаганні і сродкі на вырашэнні галоўных праблем і дабіцца пералому сітуацыі, зрабіць усё, каб не сарваць выкананне заданняў пяцігодкі ў цэлым.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, усю ўвагу неабходна засяродзіць на выпрацоўцы аптымальных шляхоў пераадолення крызісных з’яў і на прынцыповым абмеркаванні праектаў важнейшых дакументаў на наступны год: прагнозу сацыяльна‑эканамічнага развіцця краіны, бюджэту, асноўных напрамкаў грашова‑крэдытнай палітыкі і змяненняў у заканадаўстве аб падатках. «У іх усё павінна быць прадуманым і вывераным з улікам асаблівасцей гэтага няпростага перыяду, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Таму варта адмовіцца ад бяздумнага паўтору шаблонаў і фармалізму, энергічна ўкараняць больш эфектыўныя метады работы, якія павінны прыносіць станоўчыя вынікі як цяпер, так і ў доўгатэрміновай перспектыве».

«Пры вызначэнні рубяжоў на 2010 год перш за ўсё неабходна памятаць, як мы будзем даваць справаздачу перад людзьмі за рэалізацыю рашэнняў трэцяга Усебеларускага народнага сходу, як выйсці на намечаныя тэмпы эканамічнага росту. І самае галоўнае — як выканаць прадугледжаныя на пяцігоддзе важнейшыя параметры развіцця сацыяльнай сферы, якія характарызуюць узровень дабрабыту народа: працоўная занятасць, зарплата, пенсіі, дапамогі, адрасная дапамога», — удакладніў Аляксандр Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?