Міхаіл Савіцкі. «Партызаны»

Міхаіл Савіцкі. «Партызаны»

У 1965 г. пастановай урада рэспублікі былі заснаваны Дзяржаўныя прэміі БССР за выдатныя творы і работы ў галіне літаратуры і мастацтва, якія садзейнічаюць камуністычнаму выхаванню працоўных, адпавядаюць прынцыпам сацыялістычнага рэалізму і атрымалі шырокае грамадскае прызнанне. Да 20 красавіка 1966 года адмысловая камісія прымала да разгляду творы і работы ў шасці намінацыях. Сярод іх было выяўленчае мастацтва. Сярод работ была карціна Міхаіла Савіцкага «Партызаны».

20 чэрвеня 1966 года ў Камітэт Дзяржаўных прэмій Сяргей Селіханаў накіраваў ліст, у якім звяртаў увагу на тое, што гэта карціна не арыгінальная. Па словах скульптара, «у левай частцы — гравюра румынскага мастака Пірахіма «Партызаны», у правай — фрэска мексіканскага мастака Ароска «Рэвалюцыянеры» (1926—1927 гады)».

Румынскі мастак Пірахім. «Партызаны». Фотакопія, зробленая С. Селіханавым. З фондаў БДАМЛМ

Румынскі мастак Пірахім. «Партызаны». Фотакопія, зробленая С. Селіханавым. З фондаў БДАМЛМ

Да заявы прыкладаліся здымкі рэпрадукцый гэтых твораў, якія былі апублікаваныя ў часопісах. Першая — у нямецкім Bilden den Kunst за 1960 год. Другая — у часопісе «Искусство» № 10 за той жа 1960 год.

Х. К. Ароска. «Рэвалюцыянеры». Фрэска. 1926—1927. Галерэя Вялікага двара Нацыянальнай падрыхтоўчай школы. Крыніца: indiansworld.org

Х. К. Ароска. «Рэвалюцыянеры». Фрэска. 1926—1927. Галерэя Вялікага двара Нацыянальнай падрыхтоўчай школы. Крыніца: indiansworld.org

Як вынікае з пазнакі на заяве, камісія не прызнала за Савіцкім плагіяцтва і пакінула заяву без увагі. Але ў той год ніхто з мастакоў прэміі не атрымаў.

На наступны год прэзідыум Саюза мастакоў БССР ізноў вылучае Міхаіла Савіцкага на прэмію. Гэтым разам Селіханаў накіроўвае ліст у ЦК КПБ(б). Скульптар адзначае, што з яго поглядам пагаджаюцца народныя мастакі Зайцаў і Азгур.

І гэтым разам кандыдатура Міхаіла Савіцкага не прайшла. Прэмію атрымаў народны мастак БССР Віталь Цвірка за серыю пейзажаў «На зямлі беларускай».

Але Міхаіл Савіцкі без прэміі не застаўся. Яна была яму прысуджана ў 1969 годзе за карціны «Пакаранне смерцю», «Хлябы», «Рабочы».

А як вы думаеце, ёсць у гэтым плагіят ці не? Магчыма, нехта з мастацтвазнаўцаў можа даць заключэнне.

Чытайце яшчэ:

Аўстралійскі пісьменнік выбачыўся перад Алексіевіч за плагіят. Выявілі 60 падабенстваў

Клас
10
Панылы сорам
18
Ха-ха
5
Ого
8
Сумна
2
Абуральна
6