Фота: vecteezy

Фота: vecteezy

Пачнем з таго, як працуе мозг, у якім генеруюцца і якім кіруюцца ўсе нашы паводзіны. Кожная з яго розных зон выконвае пэўныя задачы. Кантроль паводзінаў ажыццяўляецца спецыяльнай вобласцю, якая называецца прэфрантальнай карой, размешчанай у самай пярэдняй частцы мозгу ў самых паверхневых пластах нейронаў.

Апісваючы прэфрантавую кару, можна правесці паралель з дыспетчарскімі вежамі аэрапорта, дзякуючы якім увесь паветраны рух адбываецца плаўна і гнутка і адаптуецца да любой магчымай сітуацыі: ці то змянення атмасферных умоў, ці то затрымкі рэйса, ці чаго іншага.

То-бок прэфрантальная кара дапамагае нам кантраляваць нашы паводзіны. Гэтая вобласць мозга адказвае за кіраванне складанымі кагнітыўнымі задачамі, якія яшчэ называюць «выканаўчымі функцыямі», якія ўключаюць у сябе здольнасць разважаць і планаваць, прымаць рашэнні на аснове разважанняў, рацыяналізаваць і кіраваць сваім эмацыйным станам.

У гэтую групу таксама ўваходзіць «працоўная памяць», якая дазваляе нам захоўваць і часова апрацоўваць інфармацыю для выканання складаных кагнітыўных задач — напрыклад, для разумення мовы, чытання, атрымання матэматычных навыкаў ці развагаў увогуле. Сюды ж дадаецца «кагнітыўная гнуткасць», ці здольнасць мозга адаптаваць нашы паводзіны і мысленне да зменлівых і нечаканых сітуацый і канцэпцый, разам са здольнасцю разглядаць некалькі ідэй адначасова.

Якое дачыненне ўсё гэта мае да стомленасці і як гэта ўплывае на паводзіны дарослых і дзяцей? Гэта даволі проста. Хоць мы і можам пахваліцца адносна вялікім памерам мозга, на самай справе ён складае толькі 2-3% ад агульнай масы цела. І пры гэтым ён спажывае не менш за 20-30% метабалічнай энергіі — даволі сур’ёзная дыспрапорцыя. І менавіта прэфрантальная кара спажывае найбольшую колькасць з гэтай энергіі.

Калі ж мы стамляемся, наш метабалізм мае тэндэнцыю размяркоўваць карысную энергію на іншыя неабходныя для падтрымкі арганізма функцыі, такім чынам змяншаючы колькасць энергіі, даступнай для прэфрантальнай кары. Гэта робіць нашы думкі менш гнуткімі і больш жорсткімі; нам становіцца цяжэй думаць, планаваць, вырашаць, кіраваць эмоцыямі, захоўваць і апрацоўваць інфармацыю. Як вынік — мы губляем здольнасць кантраляваць свае ўласныя паводзіны.

Такім чынам, калі мы стаміліся, мы схільныя гаварыць тое, чаго не варта і што можа нашкодзіць важным для нас людзям, бо нашы «выканаўчыя функцыі» — наша кантрольная дыспетчарская вежа — працуюць менш эфектыўна.

І тое ж самае адбываецца з дзецьмі. Нягледзячы на ​​тое, што яны добра ведаюць, што ёсць рэчы, якія яны не могуць або ім не дазволена рабіць, верагоднасць «дрэнных паводзінаў» і «непаслухмянасці» павялічваецца, калі дзеці стамляюцца.

Цікава, што нуда мае такі ж эфект, як і стомленасць. Калі нам сумна, нудна, ці калі мы адчуваем расчараванне, адбываецца падобны працэс (хоць прычына тут крыху іншая). Так, калі мы дэматываваныя, мозг таксама атрымлівае менш энергіі, а значыць, прэфрантальная кара не можа працаваць на поўную магутнасць. Ці наадварот — матывацыя павялічвае прыток крыві да мозгу, а разам з ім і даступную энергію, што ў цэлым паляпшае функцыянальнасць выканаўчых функцый.

Вось чаму, калі мы матываваныя, мы звычайна лепш думаем, плануем і прымаем рашэнні і можам значна лепш кіраваць сваімі эмоцыямі. Хаця не варта тут і перанапружвацца, бо, згодна з нядаўнім даследаваннем, празмерная матывацыя можа выклікаць «гіперузбуджэнне» мозга, зніжаючы эфектыўнасць яго функцыянавання.

Але ж самае парадаксальнае — тое, што ў стомленасці ёсць і добры бок. Пасля напружанай дзейнасці мы праяўляем больш крэатыўнасці, бо калі самакантроль псуецца, то ідэі з'яўляюцца без фільтраў або з меншай колькасцю ўсвядомленасці.

Чытайце таксама:

Гэтае простае практыкаванне пакажа, наколькі вы здаровыя

Навукоўцы высветлілі, чаму людзі злуюць ад голаду

У колькі нараджаць першынца і навошта замарожваць пупавінную кроў — раіць гінеколаг

Клас
13
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
4