dad and his child sunset папа и ребенок на фоне заката

Многія руцінныя аспекты нашага паўсядзённага жыцця могуць часткова вызначацца нашым геномам. Фота: Наша Ніва

BBC шукае адказы на пытанні ў заснавальніка ісландскай кампаніі deCODE Genetics, што секвенавала больш за 400 000 геномаў — больш, чым любая іншая такая ўстанова ў свеце. Кампанія зрабіла вялікі ўнёсак у разуменне спадчыннай рызыкі хваробы Альцгеймера, шызафрэніі, ішэмічнай хваробы сэрца, розных формаў раку і многіх іншых хранічных захворванняў.

Але таксама даследчыкі натхніліся на тое, каб паглыбіцца ў чалавечую псіхіку і знайсці сувязі паміж геномам і нашай асобай, перавагамі ў ежы і нават здольнасцю падтрымліваць адносіны.

«Людзі фарміруюцца на аснове інфармацыі, змешчанай у іх геноме, а потым — на падставе ўзаемадзеяння гэтай інфармацыі з навакольным асяроддзем», — кажа Кары Стэфансан, ісландскі навуковец, які заснаваў deCODE ў 1996 годзе з першапачатковай мэтай выкарыстоўваць унікальны генетычны ландшафт Ісландыі, каб больш даведацца пра распаўсюджаныя ў свеце захворванні. Насельніцтва гэтай краіны на працягу стагоддзяў было адносна ізаляваным, а гэта значыць, што тут значна менш генетычных варыяцый, чым у іншых краінах.

Стэфансан усё больш пераконваецца ў тым, што складаны кактэйль ДНК, які мы атрымалі ў спадчыну ад нашых бацькоў, разам са спантаннымі генетычнымі мутацыямі, якія мы набываем выпадкова, падсвядома дыктуе нашы паводзіны ў значна большай ступені, чым мы ўсведамляем.

«Ген хобі», схільнасць піць каву… але ці могуць гены перадаваць талент?

Магчыма, мы гэтага не ўсведамляем, але многія руцінныя аспекты нашага паўсядзённага жыцця могуць часткова вызначацца нашым геномам.

Напрыклад, тонкія генетычныя змены ў смакавых рэцэптарах дапамагаюць вызначыць, аддаяце вы перавагу таму, каб піць каву ці гарбату — аказваецца, аматары кавы проста менш адчувальныя да горычы кафеіну.

Генетыка таксама адыгрывае ролю, калі гаворка ідзе пра нашы схільнасці або непрыняцце нейкіх відаў дзейнасці. Напрыклад, яна вызначае, аддаяце вы перавагу больш «самотным» формам фізічнай актыўнасці, такім як бег, або камандным — спаборніцтвам з іншымі.

Пятнаццаць гадоў таму апытанне 2000 дарослых брытанцаў ўпершыню паказала, што можа існаваць такая рэч, як «ген хобі». Просты погляд на генеалагічнае дрэва чалавека і ўлюбёныя забавы яго продкаў выяўляў моцную схільнасць да пэўных відаў дзейнасці.

Удзельнікі апытання часта са здзіўленнем дазнаваліся, што яны паходзілі з доўгай чарады садаводаў-аматараў, збіральнікаў марак або кандытараў.

Розныя тэхналагічныя стартапы па ўсімі свеце таксама гадамі шукалі так званыя «гены таленту», якія б перадавалі прыроджаную сілу або ўнікальныя здольнасці. Але адшукаць іх не так проста, як можа здацца. Генетыкі з Інстытута Макса Планка ў Лейпцыгу нядаўна паспрабавалі выявіць сувязь паміж генам ROBO1, што кантралюе развіццё шэрага рэчыва ў частцы мозгу, якая адказвае за здольнасць лічыць, і матэматычнымі здольнасцямі дзіцяці. Аднак дагэтуль становіцца ясна:

што датычыць талентаў, няхай гэта будзе апрацоўка лічбаў, музычныя здольнасці ці спартыўнае майстэрства, генетыка ёсць толькі адносна невялікай часткай раўнання.

Навукоўцы адзначаюць, што гены таксама гуляюць важную ролю ў нашай здольнасці падтрымліваць стабільныя і шчаслівыя адносіны. Так, партнёры, у якіх ёсць пэўны варыянт гена, які падвышае актыўнасць аксітацыну, які спрыяе ўсталяванню сувязі з іншымі людзьмі, настроены на тое, каб даўжэй знаходзяцца ў адносінах. А дзеці разведзеных бацькоў з большай імавернасцю таксама разводзяцца.

Паводле іншых даследаванняў, гены ўплываюць на атлусценне, таму што ў некаторых людзей ёсць прыроджаная схільнасць аддаваць перавагу высокакаларыйным і тлустым прадуктам. Такім людзям больш дапамогуць лекі, а не дыеты, бо дыета для іх — гэта праца на поўны дзень.

Нашы гены ўплываюць на тое, як мы ўзаемадзейнічаем з светам. Але ДНК — гэта не ўвесь лёс

Нашы гены ўплываюць на нашу натуральную схільнасць да пэўных відаў дзейнасці. Але наколькі мы разаўёмся ў гэтых відах дзейнасці — на гэта ўплывае таксама і атрыманне магчымасцяў у раннім узросце, і наша ўласная гатоўнасць практыкавацца, удасканальвацца і праяўляць упартасць.

Па словах Даніэлы Дзік, прафесаркі псіхіятрыі Універсітэта Ратгерса ў Нью-Джэрсі і аўтаркі кнігі «Код дзіцяці», большасць характарыстык асобы, такія як экстравертнасць або інтравертнасць, добрасумленнасць, рахманасць, імпульсіўнасць і, магчыма, нават тое, наколькі мы творчыя людзі, абумоўлены ў пэўным сэнсе генетычным кампанентам.

У некаторых людзей мозг больш схільны да пошуку захапляльных або новых уражанняў, больш схільны да рызыкі або да больш неадкладнага ўзнагароджання. Прадпрымальнікі, кіраўнікі кампаній, лётчыкі-знішчальнікі і спартсмены, якія спаборнічаюць у экстрэмальных відах спорту, схільныя да рызыкі. Але наяўнасць гэтага генетычнага фону таксама можа быць звязана з пэўнымі выдаткамі. У тых, хто рызыкуе, больш шанцаў развіць залежнасць.

Імпульсіўныя ад прыроды людзі могуць лепш прымаць рашэнні і гатовыя выкарыстоўваць магчымасці, якія ў адваротным выпадку выслізнулі б, але яны таксама могуць мець праблемы з азартнымі гульнямі, адлічэннем са школы або звальненнем з працы. А ў часткі людзей з генетыкай, якая ў адваротным выпадку заахвочвала б творчае мысленне, на самай справе развіваецца шызафрэнія.

Але ДНК — гэта не лёс. Асяроддзе, у якім мы знаходзімся, адыгрывае вялікую ролю ў вызначэнні таго, дзейнічаем мы ў адпаведнасці з нашымі генетычнымі задаткамі ці не.

Напрыклад, людзі, схільныя да пераядання, з большай імавернасцю будуць гэта рабіць, калі яны працуюць побач з месцамі, дзе прадаецца фаст-фуд. У той жа час ёсць сведчанні таго, што стабільнае сямейнае жыццё, стабільнае сяброўства ці нават рэгулярныя заняткі спортам могуць дапамагчы ім весці прадуктыўнае жыццё.

Калі чалавек і яго сям'я ведаюць, што яны схільныя да залежных або рызыкоўных паводзінаў, гэта можа дапамагчы ім пазбегнуць такога асяроддзя.

Чытайце яшчэ:

Ці праўда, што беларусы носяць у сабе «гены рабства», а ўкраінцы вальналюбцы ад прыроды?

Навукоўцы знайшлі раней невядомыя гены, якія паказваюць, што чалавек усё яшчэ эвалюцыянуе

Перадаць чалавеку генаў кажана? Тады мы не зналі б раку і не баяліся б вірусаў

Клас
11
Панылы сорам
2
Ха-ха
3
Ого
2
Сумна
6
Абуральна
8