Маліны ў Драгічыне каштуюць танна  

Маліны ў Драгічыне каштуюць танна

Нядаўна зборшчыкі малінаў з Драгічынскага раёна скардзіліся рэдакцыі «Ганцавіцкага часу», што іх працу не цэняць скупшчыкі ягад. Маўляў, мала за іх плацяць.

Але калі гэта праверылі, то выявілася, што ўсё не так адназначна: скупшчыкі не людаеды, а цану фармуе рынак.

Дробны фермер з Драгічынскага раёна абабраў 40 кг малінаў. Ён расказаў:

«Прыехаў здаць як сартавыя. Разлічваў атрымаць каля пяці рублёў. Але ўсе адмовіліся купляць, усе затарыліся на Маскву, ніхто машын не адпраўляў. Адзіная прапанова была здаць на замарожванне па тры рублі. Планаваў зарабіць рублёў з 80, а атрымалася ўвогуле ні пра што», — кажа Пятро.

Цэны ўпалі

Сёння цэны яшчэ больш упалі, расказаў «Ганцавіцкаму часу» драгічынец.

«На замарожванне бяруць па 2,5 рубля. І гэта яшчэ добра, некаторыя нават гэтага не даюць. Сартавыя ягады раніцай бралі па 4 рублі. А перад абедам — па 3 рублі. За выбарку плацяць 1,5 рубля за кілаграм. На Піцер машыны не адпраўлялі, але там аблава на рынку. Ганялі закупшчыкаў з Сярэдняй Азіі. Была аблава і ў Маскве.

Кажуць, што на «Фуд-Сіці» ідуць марожаныя маліны з Украіны. Прапануюць па 50 цэнтаў за кілаграм. Гэта значыць, нашы ягаднікі ўсе ў «задніцы», — расказаў драгічынскі фермер.

Якія цяпер цэны на закупачных пунктах у Драгічыне

Пра гэта спыталіся на адным з пунктаў замарожвання: пачым бяруць маліны. «У мяне толькі два сарты ягад — бяру і не бяру. Цана — ад 3 да 3,5 рубля. Летась на замарожванне закупілі 160 тон ягад, сёлета плануецца больш за 200 тон», — распавёў драгічынскі скупшчык.

На рубель і даляр паглядзіце!

Скупшчык ягад з Драгічына Аляксандр назваў галоўную прычыну, чаму на драгічынскіх ягадах не ўдаецца зарабіць так, як раней.

«Гадоў з 15 таму ягады «бомба» каштавалі ў Маскве 250 рублёў за кілаграм. А даляр каштаваў 27 рублёў. А цяпер і 250 рублёў у Маскве не каштуюць ягады. А даляр ужо па 100 рублёў. Вось і лічыце», — расказаў Аляксандр.

Яшчэ адзін скупшчык пацвердзіў гэта:

«Цана на ягады ў Расіі надзвычай нізкая. Паддон малінаў прадаюць за 1000—1200 рублёў, у ім 5 кілаграмаў. І гэтыя ягады мусяць быць супер-пупер.

Чаму цана ўпала? Даляр стаў 100 расійскіх рублёў. А цана на ягады з 2000-х гадоў не мяняецца», — расказаў суразмоўца.

Завалілі ягадамі з акупаванай Украіны

Яшчэ адна прычына, чаму беларускія маліны не каціруюцца, — вайна. Вы можаце здзіўляцца, але захоп Расіяй урадлівых рэгіёнаў Херсонскай вобласці Украіны адбіўся і на рынку. Расказвае прадпрымальнік:

«Масква заваленая херсонскімі ягадамі з захопленай Украіны. Херсон заўсёды славіўся сваімі ягадамі, і ў гэтым канкурэнцыя. Вядома, гэта паўплывала на кошт. З захопленых тэрыторый Украіны, з Херсоншчыны прапануюць на рынку «Фуд-Сіці» ў Маскве замарожаныя ягады экстра па 50 цэнтаў. Прычым гэтыя ягады лепшыя якасцю, чым нашы».

Абураюцца, бо бачаць цэны ў краме

Яшчэ адзін жыхар Драгічына расказаў, што ягоная жонка працавала на сартаванні ягад.

«Цэны гэткія былі: 2,5 рубля за кілаграм малінаў на замарожванне, 3-4 рублі за сартавыя. Людзям за збор плацілі 1,5 рубля за кілаграм».

Сяргей гаворыць, што людзі ў Драгічыне бачаць цэны ў супермаркетах і абураюцца:

«На кожным прыёмным пункце ў скупшчыкаў скандалы. Адмаўляліся браць ягады як сартавыя. Людзі абяцалі скардзіцца, што іх падманваюць. Таму што ўбачылі, што, напрыклад, у краме «Грын» у Брэсце прадаюцца маліны па цане 50 рублёў за кілаграм. Абураліся, што закупляюць па 2, а прадаюць па 50 рублёў».

Меркаванне з чата

Яшчэ адзін драгічынец напісаў у чаце абураным грамадзянам, якія гавораць пра змову скупшчыкаў:

«Гадоў з 4-5 у нас таксама былі маліны (і нямала). Мы таксама перасталі збіраць. І я сказаў сваім выбіральшчыкам — калі хочаце, прыязджайце, збірайце дарма, што набераце, дык самі заедзеце і здасце. Колькі заробіце — усё ваша.

Думаеш, хтосьці прыязджаў? Не. Усім прасцей сабраць у кагосьці, атрымаць за гэта грошы і не перажываць, здасі ты ягады ці не.

Гэтак і фермеру прасцей здаць свае ягады на месцы, а не везці іх у Маскву ды думаць, як яны прададуцца. Многія фермеры ўкладаюць 10 тыс. даляраў, а то і 100 тыс. даляраў і не возяць самі. Думаеце, яны такія дурныя? Ці грошай няма, каб машыну наняць на Расію? Проста кожны павінен займацца сваёй справай.

Хочаце перакупаў правучыць, не нясіце ягад. Калі яны цану трымаюць, гэта спрацуе, і яна вырасце. Але пісаць скаргі ў падатковую і КДК — гэта наогул трызненне. Не страляйце сабе ў нагу. Куды вы ягады заўтра панесяце?»

Чытайце таксама:

Ягады падаражэлі, а вось цэны на гародніну радуюць. Што пачым на Камароўцы на выхадных

Жыхары Брэсцкай вобласці зарабляюць на брусніцах. Колькі?

У Беларусі баравікі збіраюць тысячамі. А пачым прадаюць грыбы?

Чырвоныя парэчкі — 50 капеек, агуркі — рубель. Пачым у людзей купляюць гародніну, ягады, лісічкі

Клас
10
Панылы сорам
5
Ха-ха
3
Ого
6
Сумна
5
Абуральна
8