У 1930-я гады, у самы разгар сталінскіх рэпрэсій, архіўным установам Беларусі таксама не ўдалося пазбегнуць кадравых чыстак, якія суправаджаліся звальненнямі і арыштамі работнікаў. У студзені 1938 года кіраўніцтва Цэнтральнага архіўнага ўпраўлення БССР нездавальняюча ацаніла стан галіны ў рэспубліцы.

Архівісты былі абвінавачаныя ў сабатажы, невыкарыстанні архіваў для «патрэб сацыялістычнага будаўніцтва», наданні доступу да архіўных матэрыялаў «ворагам народа для выкарыстання ў сваіх мэтах у контррэвалюцыйнай барацьбе». Тады ж рэзка ўзрасла цікавасць да архіўных дакументаў з боку Народнага камісарыята ўнутраных спраў (скарочана з рускай — НКВД), судовых, следчых органаў і пракуратуры.

У 1938 годзе архіўныя ўстановы перайшлі ў распараджэнне НКВД, а само Цэнтральнае архіўнае ўпраўленне СССР было пераўтворана ў Галоўнае архіўнае ўпраўленне НКВД СССР. У падпарадкаванне Наркамата ўнутраных спраў увайшла і архіўная сетка Беларусі: ЦАУ БССР было пераўтворана ў Архіўны аддзел НКВД БССР, абласныя архіўныя ўпраўленні — у архіўныя аддзяленні абласных упраўленняў НКВД. Куратарам галіны прызначаўся намеснік наркама НКВД БССР.

Будынак НКВД у Мінску быў настолькі жудасным і сакрэтным месцам, што на фотаздымкі патрапіў толькі ў часы нямецкай акупацыі. Пасля вайны на тым жа месцы пабудавалі будынак КДБ у стылі савецкага неакласіцызму, які вядомы нам сёння. Фота: Wikimedia Commons

Будынак НКВД у Мінску быў настолькі жудасным і сакрэтным месцам, што на фотаздымкі патрапіў толькі ў часы нямецкай акупацыі. Пасля вайны на тым жа месцы пабудавалі будынак КДБ у стылі савецкага неакласіцызму, які вядомы нам сёння. Фота: Wikimedia Commons

З пачаткам уварвання ў Савецкі Саюз нямецкай арміі ў чэрвені 1941 года НКВД БССР найперш быў заклапочаны выратаваннем уласных дакументаў, а таксама знішчэннем сакрэтных матэрыялаў, у тым ліку каб схаваць уласныя злачынствы супраць сваіх жа грамадзян.

Сакратар ЦК КП(б)Б Панцеляймон Панамарэнка ў дакладной запісцы на імя Сталіна «Аб выніках эвакуацыі з Беларускай ССР», складзенай у ліпені-жніўні 1941 года, пісаў, што «архівы НКВД і НКДБ эвакуіраваныя цалкам. Многія наркаматы сакрэтныя архівы знішчылі». 

Але астатняя маса архіўных комплексаў не была своечасова эвакуіраваная ўглыб краіны, што прывяло да цяжкіх стратаў. Многія дакументы загінулі ў час бамбардзіровак, засталіся на разрабаванне акупантаў ці выкарыстоўваліся для распальвання печак.

З тэрыторыі БССР удалося вывезці больш за 73 тысячы спраў з дзяржархіваў Віцебскай, Вілейскай і Гомельскай абласцей, але за гады вайны было страчана каля 15 млн спраў (з іх 3,7 млн знаходзілася ў дзяржархівах), у тым ліку і найкаштоўнейшыя дакументы, якія захоўваліся ў бібліятэках і музеях.

У ліпені 1944 года ад немцаў быў вызвалены Мінск, а ўжо ў лістападзе аднавіў працу Аддзел дзяржаўных архіваў — ізноў у складзе НКВД БССР, са снежня 1944 года — Упраўленне дзяржаўных архіваў НКВД БССР (у далейшым — Міністэрства ўнутраных спраў БССР).

Архіў Акадэміі навук БССР, кінуты ў Мінску. Фотаздымак, які датуецца маем 1943 года, паходзіць з калекцыі Аператыўнага штаба рэйхсляйтара Розенберга, які займаўся разрабаваннем і вывазам у Германію культурных каштоўнасцей на акупаваных тэрыторыях

Архіў Акадэміі навук БССР, кінуты ў Мінску. Фотаздымак, які датуецца маем 1943 года, паходзіць з калекцыі Аператыўнага штаба рэйхсляйтара Розенберга, які займаўся разрабаваннем і вывазам у Германію культурных каштоўнасцей на акупаваных тэрыторыях

Толькі пасля смерці Сталіна ў 1953 годзе і працэсу развянчання ягонага культу асобы беларускае Архіўнае ўпраўленне ў 1960 годзе было выведзена з падпарадкавання сілавікам і перададзена Савету Міністраў БССР. 

Пасля распаду СССР многія былыя савецкія рэспублікі, якія сталі на шлях дэмакратычнага развіцця, адкрылі раней сакрэтныя архівы НКВД-КДБ, паказаўшы маштабы бесчалавечных палітычных рэпрэсій супраць уласных грамадзян. 

Але ў Беларусі нічога падобнага не адбылося, КДБ нават захавала сваю назву, ад якой паспяшаліся адмыцца сілавікі нават у Расіі. Паводле афіцыйных заяваў, адкрыццё архіваў можа пацягнуць распальванне нацыянальнай, расавай ці рэлігійнай нянавісці. Але практыка адкрыцця архіваў у іншых краінах, у тым ліку Германіі, паказвае, што нічога падобнага не адбываецца. Відавочна, што пераемнікі НКВД у першую чаргу хвалююцца за захаванне свайго незаплямленага (у іх уяўленні) аблічча.

З пачатку 1990-х беларусы маглі знаёміцца са справамі рэпрэсаваных, але толькі пры ўмове пацвярджэння блізкага сваяцтва. Але прачытаць можна было толькі выбраныя старонкі, таму што вымалася ўся інфармацыя, якая тычылася трэціх асобаў, у першую чаргу, вядома, даносчыкаў. Пры гэтым службовыя асобы могуць адмовіць у вывучэнні спраў на любой, нават самай недарэчнай, падставе.

З прыходам да ўлады Лукашэнкі гэты працэс яшчэ больш замарудзіўся. Каб не даць доступу грамадскасці да спраў людзей, якія былі рэабілітаваныя яшчэ ў савецкія часы, беларускія сілавікі дагэтуль робяць розныя хітрыя юрыдычныя захады. 

Справа беларускі Ганны Ніканавай з колішняга архіва КДБ на тэрыторыі Расіі. Фота: архіў TUT.BY

Справа беларускі Ганны Ніканавай з колішняга архіва КДБ на тэрыторыі Расіі. Фота: архіў TUT.BY

Так, у 2009 годзе КДБ і МУС заключылі пагадненне з Дэпартаментам па архіве і справаводстве Міністэрства юстыцыі Беларусі, што тэрмін, пасля якога ведамасныя справы павінны былі перадавацца ў агульныя архівы, будзе працягнуты з 30 да 70 гадоў.

Такога няма нават у Расіі, дзе ФСБ няхай і чыніць перашкоды ў азнаямленні са сваімі архівамі, але значная частка спраў перайшла ў дзяржаўныя архівы, на іх аснове складзеныя спісы як ахвяр рэжыму, так і катаў.

У 2020 годзе, у час беларускіх пратэстаў, Лукашэнка здолеў усядзець толькі на штыках. Тады ж выявілася, што нелаяльным да яго рэжыму з’яўляецца абсалютна ўсё навукова-культурнае асяроддзе. Адным з метадаў барацьбы з гэтымі ачагамі нязгоды стала прызначэнне ў музеі, тэатры ды навучальныя ўстановы кадраў з сілавых структур, якія мусілі жалезным кулаком навесці парадак. 

Не сталі выключэннем і архівы. У маі 2022 года ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі быў пастаўлены дырэктарам генерал-маёр Алег Воінаў, які да таго быў памочнікам міністра абароны па пытаннях міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва. За час яго кіравання з палітычных матываў з архіва звольнілі звыш 15 супрацоўнікаў.

Пазаўчора былога спецслужбіста Глушакова прадстаўлялі калектыву архіва як новага дырэктара, а сёння затрымліваюць ягоных новых падначаленых. Фота: Дэпартамент па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь.

Пазаўчора былога спецслужбіста Глушакова прадстаўлялі калектыву архіва як новага дырэктара, а сёння затрымліваюць ягоных новых падначаленых. Фота: Дэпартамент па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь.

Можна меркаваць, што беларускім уладам падалося гэтых заслуг дастаткова, каб павысіць у студзені 2023 года Воінава да дырэктара Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Беларусі, то-бок паставіць кіраваць усёй архіўнай справай у краіне. Адтуль ён камандзіраваў на сваю былую вотчыну, у гістарычны архіў, сілавіка на пенсіі Міхаіла Глушакова, чыё кіраванне ў першыя ж дні адзначылася масавымі затрыманнямі супрацоўнікаў, якія займаюць у архіве кіраўнічыя пасады.

Відавочна, што на тых жа падставах, што і ў 1930-я гады, рэжым няхай пакуль не юрыдычна, але фактычна перападпарадкоўвае архіўную справу пераемнікам НКВД, які кантраляваў яе ўвесь час сталінскага тэрору. Гэты працэс нашкодзіць навуцы і грамадзянам, але цяпер дае ўладам уяўнае адчуванне кантролю не толькі над сённяшнім днём, але і над мінуўшчынай краіны. 

Чытайце таксама:

Беларуская рэчаіснасць. Дырэктара Гістарычнага архіва прызначылі пазаўчора, а сёння ўжо затрымалі сем чалавек

У Нацыянальным гістарычным архіве — новы дырэктар. Ён доўгі час працаваў у КДБ

Пайшлі граміць архівы… Звольнілі кіраўніцтва Нацыянальнага гістарычнага

Клас
2
Панылы сорам
3
Ха-ха
2
Ого
0
Сумна
3
Абуральна
14

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?