Фота: архіў суразмоўцы

Фота: архіў суразмоўцы

«Да Аўстраліі нам ляцець тры з паловай гадзіны»

Вольга нарадзілася ў палескай вёсачцы Радчыцк, скончыла філфак БДУ. У пачатку 2010-х, падчас працы ў індыйскім Гоа, жанчына сустрэла навазеландца Браяна. Мужчына, нашчадак еўрапейскіх перасяленцаў у Новую Зеландыю, прыехаў у Індыю валанцёрыць у Animal Rescue — службе па выратаванні жывёл.

У выніку ён стаў мужам беларускі, і ўслед за ім тая пераехала ў Новую Зеландыю — здарылася гэта ў 2012-м. Пазней пара вандравала і жыла ў Беларусі, але ў 2016-м зноў перабралася ў Новую Зеландыю, дзе і жыве дагэтуль, цяпер ужо разам з двума дзецьмі.

Для жыцця сям’я абрала гарадок Керыкеры, што знаходзіцца на Паўночным востраве краіны. Вольга тлумачыць, што ў Новай Зеландыі чым далей на поўнач, тым менш развітыя землі, але ў выпадку з Вольгай і Браянам гэта тое, што трэба: «Калі жывеш у сталіцы, вялікім горадзе, там складаны стыль жыцця, увесь час некуды бяжыш. Гэта больш пасуе маладым людзям, якія будуюць кар’еру. А мы хацелі мець свой кавалачак зямлі, жыць у маленькім гарадку, але каб у ім была добрая інфраструктура. Тут ёсць супермаркеты, аэрапорт, працуюць мясцовыя авіялініі, за гадзіну можна даляцець да вялікага горада — Окленда».

Калі гаворка ідзе пра замежжа, тут з транспартным злучэннем горш. Прычына — ва ўнікальным геаграфічным палажэнні Новай Зеландыі, што знаходзіцца амаль на самым поўдні планеты:

«Да Аўстраліі нам ляцець тры з паловай гадзіны, і гэта, напэўна, найбліжэйшая вялікая краіна ля нас. Каб дабрацца да іншых месцаў — Японіі, Кітая, Сінгапура, — трэба ляцець не менш за дзесяць гадзін. Яшчэ ўсе падарожжы тут вельмі дарагія, і няма вялікага выбару, куды можна паляцець. Ёсць нешта накшталт лаўкоста, які возіць у Аўстралію, але ў выпадку з Еўропай ці Азіяй такога няма».

Фота: архіў суразмоўцы

Фота: архіў суразмоўцы

Прыклад — падарожжа з Новай Зеландыі ў Беларусь. Вольга расказвае, што з улікам транспартных санкцый у нашай краіне атрымліваецца сума недзе ў 2700 навазеландскіх даляраў за білеты ў абодва бакі (каля 1660 даляраў ЗША). Калі ляціш з Новай Зеландыі ў Варшаву ці Вільню, цэны падобныя. А вось маршрут у Індыю, які здзейсніла Вольга з сям’ёй: тры з паловай гадзіны ляцелі да Аўстраліі, потым трынаццаць гадзін — да Абу-Дабі, а потым яшчэ ляцелі адтуль у Індыю недзе тры гадзіны.

«Калі ў нас нарадзіўся сын з сіндромам Дауна, я зразумела, што ніколі не буду жыць у Беларусі»

Яшчэ да таго, як у жыцці Вольгі з’явілася Новая Зеландыя, ёй даслалі відэа — прамоўшн ад навазеландскай службы міграцыі. Там былі кадры прыгожай прыроды, сёрфінг і горныя лыжы, прычым у адной і той жа краіне. Новая Зеландыя падалася жанчыне цудоўным месцам, але, кажа яна, тады проста не чула пра тэмпературу вады ў акіяне — максімум 21 градус. У некалькіх тысяч кіламетраў ад Новай Зеландыі знаходзіцца Антарктыда, гэта не зусім блізка, але ж адчувальна.

А яшчэ блізкасць да Антарктыды азначае павышаную небяспеку ад азонавых дзірак, што знаходзяцца над ёй. І Вольга расказвае, што гэта сапраўды ўплывае на жыццё навазеландцаў:

«Напрыклад, у першай і чацвёртай школьнай чвэрці дзеці заўсёды павінны насіць шапкі. У нас мала хто загарае, але калі ўсё-такі загарае ці едзе на пляж, трэба абавязкова мазацца сонцаахоўным крэмам. Тут гэта прапагандуюць, гэтая небяспека — частка нашага жыцця». 

Шлях эмігранта ў Новую Зеландыю залежыць ад таго, з якой краіны туды пераязджаць, і ад спецыяльнасці чалавека. Напрыклад, кажа Вольга, у Новай Зеландыі не хапае будаўнікоў. Калі за рабочых паручыцца навазеландская кампанія, яны могуць атрымаць працоўную візу. Ёсць і варыянты рэзідэнцтва за вялікія інвестыцыі ў мясцовую эканоміку.

Беларусам перабрацца ў Новую Зеландыю цяжкавата. Вольга дадае, што і падарожнічаць з беларускім пашпартам бывае няпроста.

«У мужа навазеландскі пашпарт, і ў якую краіну мы не паедзем, яму віза не трэба, а мне абавязкова трэба ці віза, ці прайсці праз сумоўе, ці нешта яшчэ. Не кажу пра краіны накшталт ЗША, дзе сур’ёзна ставяцца да бяспекі, нават у Інданэзіі ці Непале я сябе адчувала так, нібыта на мне цішотка з Усамай бін Ладэнам, а ў руках — пакістанскі пашпарт».

Фота: архіў суразмоўцы

Фота: архіў суразмоўцы

Вольга працуе т’ютарам у школе, дзе вучыцца яе сын. Дапамагае яму на занятках, бо хлопчык мае сіндром Дауна, а таксама іншым, здаровым дзецям, з якімі малы вучыцца разам. Беларуска тлумачыць, што ў любой краіне бацькам дзяцей са спецыяльнымі патрэбамі значна цяжэй, чым бацькам здаровых дзяцей, гэта датычыць і Новай Зеландыі. Ёсць розныя нюансы па дапамозе ад краіны, і ў вялікім горадзе такія дзеці маюць значна больш магчымасцей. Большасць дзяцей з сіндромам Дауна ў Новай Зеландыі наведваюць звычайныя школы. У спецшколы іх адпраўляюць у адзінкавых выпадках, і гэта не інтэрнаты — тут іх ці дзіцячых дамоў амаль няма.

Вольга даўно зрабіла высновы наконт таго, дзе лепш жыць чалавеку са спецыяльнымі патрэбамі: «У залежнасці ад таго, наколькі дзіцёнку трэба дапамога ад дарослых, ён атрымлівае дзяржаўную падтрымку, але не ўсё ідэальна. Майму сыну дзесяць гадоў, і я зразумела, што ўсё залежыць ад бацькоў. Калі ты будзеш рухацца і шукаць розныя магчымасці, ты іх знойдзеш.

Вольга ў школе, дзе яна працуе. Фота: архіў суразмоўцы

Вольга ў школе, дзе яна працуе. Фота: архіў суразмоўцы

Калі ў нас нарадзіўся сын з сіндромам Дауна, я зразумела, што ніколі не буду жыць у Беларусі. Бо і ў навучанні, і ў далейшай працы гэта для яго не варыянт. Тут таксама не ўсё ідэальна, але, з майго досведу, магчымасцей значна больш. Мы пераязджалі ў Беларусь два разы і жылі там па дзевяць месяцаў, і я зразумела, што там у майго сына было б не зусім добрае жыццё». 

«Блізка акіян — у самай далёкай ад берага кропцы Новай Зеландыі да яго не больш за 120 кіламетраў»

Поўнач Новай Зеландыі, дзе жыве Вольга з сям’ёй, належыць да субтрапічнага клімату. Надвор’е больш прыемнае, чым у Беларусі.

«Узімку днямі ў нас, у субтропіках, тэмпература недзе 12-16 градусаў, ноччу яна можа апускацца да 5-6 градусаў. На поўдні краіны бывае снег і мароз, але да -20 там не дацягне. Цяпер, у першы месяц лета, у нас тэмпература 22-24 градусы, ноччу недзе 16 градусаў (лета ў паўднёвым паўшар’і цягнецца са снежня па сакавік. — «НН»). Бывае і спёка ў 30 градусаў, але блізка акіян — у самай далёкай ад акіяну кропцы Новай Зеландыі да яго не больш за 120 кіламетраў. Таму спёка адчуваецца лягчэй, чым у маім родным Палессі».

Па колькасці насельніцтва Новая Зеландыя меншая за Беларусь (5 мільёнаў чалавек), але па плошчы — большая. Гарады і вёскі ў краіне вельмі рассеяныя, плюс у найвялікшым горадзе — Оклендзе — жыве паўтара мільёна чалавек. Што да Керыкеры, гарадка Вольгі, у ім і ваколіцах жыве недзе 16 тысяч насельніцтва. Збольшага навазеландцы выбіраюць прыватныя дамы, а кватэры — прэрагатыва эмігрантаў ці студэнтаў.

Старое відэа, якое пазнаёміла Вольгу з краявідамі Новай Зеландыі, не хлусіла — прырода ў краіне насамрэч прыгожая: «Мы вандравалі амаль па ўсёй Новай Зеландыі, былі і на Паўночным, і на Паўднёвым востраве. Тут прырода цікавая тым, што ў адной краіне ёсць шмат усяго: пагоркі, пакрытыя зялёнай травой, горы, акіян, азёры, гейзеры, гарачыя крыніцы, гарналыжныя курорты, вулканы, фьёрды. Частка краіны знаходзіцца на стыку тэктанічных пліт, і па гэтай лініі здараюцца землятрусы, але мы жывем там, дзе іх няма. Апошні вядомы землятрус адбыўся ў 2011-м у горадзе Крайстчорч на паўднёвым востраве, тады загінула 185 чалавек». 

Адна са славутасцяў Новай Зеландыі — Хабітон, вёска, пабудаваная спецыяльна для здымак тут фільмаў Пітэра Джэксана пра хобітаў. Вольга расказвае, што Джэксан шукаў месца для здымак і на лёгенькім самалёце пралятаў над Паўночным востравам. Амаль што ў цэнтры вострава ён заўважыў цікавую ферму і вырашыў там здымаць сваё кіно, там пабудавалі дамкі хобітаў. Але, расчароўвае беларуска, домікі насамрэч бутафорскія. Калі Вольга наведвала Хабітон, унутры іх нічога не было — толькі знешнія сцены, немагчыма зайсці ў дом. 

Фота: архіў суразмоўцы

Фота: архіў суразмоўцы

Новая Зеландыя вядомая сваімі высокімі цэнамі, і Вольга расказвае, што гэта не стэрэатып: «Канешне, тут і заробкі вышэйшыя, але ўсё роўна атрымліваецца дорага, ад прадуктаў да цэнаў на паліва, бензін ці абутак.

Напрыклад, у рэстаране асноўная страва можа каштаваць 30-40 навазеландскіх даляраў (18-25 даляраў ЗША), літр бензіна каштуе каля трох навазеландскіх даляраў (1,8 даляра ЗША). За электрычнасць мы плацім 400 навазеландскіх даляраў (245 даляраў ЗША), красоўкі каштуюць ад 100 навазеландскіх даляраў (61 даляр ЗША). Інтэрнэт тут дарагі — плацім больш за 100 навазеландскіх даляраў у месяц (61 даляр ЗША). 

Тут круглы год ёсць садавіна, гародніна і ягады, усё гэта мясцовае. Калі купляць гэта ў сезон, атрымаецца нядорага па нашых мерках. З прывазной садавіны я купляю толькі ананасы ці мандарыны, калі нашых мандарынаў няма. Увогуле, я вывучыла мясцовыя прадукты і зразумела, як іх выбіраць. На мой густ, прадукты тут якасныя, і мне падабаецца, што ў Новай Зеландыі багата ялавічыны, з-за гэтага я часцей купляю яе і радзей — свініну».

Давялося Вользе і звыкнуцца з новазеландскім фарматам англійскай мовы, не падобным да брытанскага фармату. Гэта было тым больш складана, што жанчына вучыла ва ўніверсітэце нямецкую мову, а з англійскай разбіралася самастойна.

«Галоўнае адрозненне навазеландскай медыцыны ад беларускай — тое, што на першым плане тут стаіць чалавечая годнасць»

За гады ў Новай Зеландыі Вольга паспела вывучыць мясцовую медыцыну. З праблемаў — тое, што трэба доўга чакаць прыёму ў спецыяліста.

Фота: архіў суразмоўцы

Фота: архіў суразмоўцы

Але галоўным адрозненнем навазеландскай медыцыны ад беларускай Вольга называе іншае:

«На першым плане тут стаіць чалавечая годнасць. Гэта праяўляецца ў тым, як да цябе ставяцца, як з табой размаўляюць, пастаянна клапоцяцца пра тваю прыватнасць. Адчуваю, што да мяне ставяцца як да чалавека, няма пырхання — «картку згубілі», «жанчына, што вам трэба». Плюс у Новай Зеландыі медыцына бясплатная.

Калі ты захварэў ці адчуваеш, што нешта з табой не так, што могуць быць праблемы з пэўным органам, першы крок — пайсці ў мясцовы медыцынскі цэнтр да свайго сямейнага доктара і распавесці яму пра сваю праблему. Ён прызначае лекаванне і вырашае, ці трэба накіраваць цябе да нейкага іншага спецыяліста. Дзяцей такія дактары прымаюць бясплатна, для пенсіянераў ёсць вялікая зніжка, а для мяне прыём каштуе каля 30 навазеландскіх даляраў (18 даляраў ЗША). Але кошт залежыць ад установы. Далей, калі цябе накіроўваюць да іншага лекара або, напрыклад, на аперацыю, усё гэта бясплатна».

Асобная гісторыя — навазеландская стаматалогія. Там велізарныя цэны: напрыклад, за выдаленне зуба возьмуць 400 навазеландскіх даляраў (245 даляраў ЗША). 

Беларуска мае навазеландскае грамадзянства. Спачатку, згадвае яна, атрымала часовае рэзідэнцтва, потым — пастаяннае. Далей, калі ты пражыў у краіне пяць гадоў і не менш за 240 дзён штогод, можаш запоўніць анкету, заплаціць унёсак і чакаць рашэння чыноўнікаў — Вольга прачакала дзевяць месяцаў. Пасля па пошце табе высылаюць дакумент, што цяпер ты — грамадзянін Новай Зеландыі. Яшчэ трэба прысягнуць брытанскаму манарху, бо Новая Зеландыя ўваходзіць у Садружнасць нацый (саюз Вялікабрытаніі і яе былых калоній, дамініёнаў і пратэктаратаў, а таксама і некаторых іншых краін. — «НН»). 

Фота: архіў суразмоўцы

Фота: архіў суразмоўцы

Нягледзячы на грамадзянства Новай Зеландыі, Вольга не адмаўляецца ад сувязі з Беларуссю, але гатовая застацца на іншым канцы свету назаўсёды. Прычына зразумелая: «Паколькі ў мяне сын з інваліднасцю, я не вельмі вольная ў выбары, бо ў нейкай іншай краіне ён можа не атрымаць такой падтрымкі, як тут». 

«Аднапакаёвыя кватэры тут каштуюць ад 380 еўра». Беларус пераехаў у Аўстрыю і расказвае, колькі каштуе там жыць

«Здаецца, з Мінска з’язджаюць усе». Як захаваць сяброўства праз межы?

«Дрэвы аказаліся больш трывалымі за дамы». Беларуская перакладчыца прайшлася па ўругвайскай сталіцы сцежкамі старых успамінаў

Клас
31
Панылы сорам
4
Ха-ха
5
Ого
4
Сумна
11
Абуральна
7

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?