Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Вялікае пытанне — у якім стане будзе наша эканоміка на той момант

Цяпер беларуская эканоміка больш арыентуецца на Усход.

«Таму першае вялікае пытанне палягае ў тым, калі можа наступіць той момант, што Беларусь вырашыць асацыявацца з ЕС», — адзначае экспертка BEROC Анастасія Лузгіна.

На яе думку, ад гэтага непасрэдна будзе залежаць, у якім стане будзе знаходзіцца наша эканоміка. Наколькі глыбокай будзе інтэграцыя з краінамі Усходу і наколькі моцна акажуцца разарваныя эканамічныя сувязі з Захадам.

«Перад тым, як пайсці на такі крок, бакі аналізуюць асноўныя макраэканамічныя паказчыкі. Важныя ўзровень ВУП на душу насельніцтва, стабільнасць фінансавага рынку, узровень беспрацоўя, інфляцыі і г. д. Важным пытаннем застаецца развіццё так званай «устойлівай эканомікі», — тлумачыць эканаміст.

Экспертка адзначае, што ў Беларусі, напрыклад, няма праблем з беспрацоўем, якія назіраюцца ў балканскіх краінах, якія даўно імкнуцца ў ЕС, але ёсць шэраг іншых фактараў, якія могуць перашкаджаць інтэграцыі.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

«У Беларусі ёсць праблемы з паказчыкамі інфляцыі, з прыцягненнем прамых замежных інвестыцый. Неабходна развіваць пазабанкаўскія фінансавыя інстытуты, абмежаваць узровень дзяржуласнасці ў банках. Спатрэбіцца аўдыт і рэфармаванне дзяржпрадпрыемстваў», — кажа Лузгіна.

Неабходна разумець, што ў выпадку інтэграцыі з ЕС прысутнічаюць дадатковыя рызыкі. Таму спачатку неабходныя пэўныя крокі па зніжэнні гэтых рызык і шокаў.

Яшчэ адным важным пунктам на шляху інтэграцыі эканаміст называе неабходнасць гарманізацыі заканадаўства з асноўнымі нормамі ЕС.

«Для паспяховай інтэграцыі нам спатрэбіцца гарманізацыя знешняга гандлю з ЕС, развіццё лагістычных шляхоў, развіццё заканадаўства ў галіне абароны правоў інвестараў.

Акрамя таго, у выпадку з паглыбленнем інтэграцыі ў бок ЕС у нейкай меры прыйдзецца разрываць адносіны з той жа Расіяй, якая на сёння з'яўляецца нашым галоўным эканамічным партнёрам».

Фота: Getty Images

Фота: Getty Images

Беларусі можа быць прасцей, чым Украіне

Нягледзячы на ўсю складанасць і наяўнасць пэўных рызык, Анастасія Лузгіна лічыць, што разварот эканомікі ў бок Еўропы стане выгадным крокам для Беларусі як у сярэднетэрміновай, так і ў доўгатэрміновай перспектыве.

Наша эканоміка можа перабудавацца і інтэгравацца ў еўрапейскую. Праўда, пры ўмове падтрымкі з боку ЕС. Для гэтага ў Еўрасаюзе існуюць спецыяльныя фонды, якія фінансуюць гэтыя працэсы.

Анастасія Лузгіна адзначае, што інтэграваць Беларусь у ЕС прасцей, чым напрыклад, Украіну. Нават калі браць яе даваенны стан.

«Беларусь нашмат меншая за Украіну, адпаведна для фінансавання Беларусі і рэфармавання яе эканомікі спатрэбіцца нашмат менш сродкаў і рэсурсаў, чым неабходна Украіне», — адзначае экспертка.

Нават калі пры параўнанні з Украінай браць яе даваенныя паказчыкі, то з пункту гледжання эканомікі ў Беларусі маецца больш фактараў, якія могуць хутка запусціць працэс трансфармацыі.

«У нас ёсць бізнэс, які працуе, які выжывае ва ўмовах строгага дзяржаўнага кантролю, функцыянуе шэраг буйных прадпрыемстваў.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Ва Украіне, напрыклад, большую, чым у Беларусі долю ВУП займае сельская гаспадарка, а беларуская эканоміка развівала прамысловую вытворчасць. Таму паспяховая пераарыентацыя цалкам магчымая, але пры ўмове рэструктурызацыі і рэфармавання эканомікі», — кажа экспертка.

Доступ на больш ёмісты еўрапейскі рынак

Лузгіна лічыць, што падпісанне асацыяцыі з ЕС стала б пазітыўным момантам для эканомікі Беларусі, паколькі еўрапейскія краіны па ўзроўні эканамічнага і тэхналагічнага развіцця знаходзяцца значна вышэй, чым эканоміка Расіі і іншых членаў ЕАЭС.

«У такім выпадку Беларусь атрымлівае доступ на больш ёмісты еўрапейскі рынак. Плюс адкрываецца шэраг іншых магчымасцяў. Збліжэнне з ЕС можа пазітыўна паўплываць не толькі на экспарт нашых тавараў, але і на імпарт тэхналогій.

Акрамя таго гэта ўжо будуць не адносіны з адной краінай, а з шэрагам дзяржаў. Такім чынам губляецца залежнасць ад адной дзяржавы, як гэта ёсць цяпер, бо асноўныя бенефіты ад знаходжання ў ЕАЭС Беларусь атрымлівае менавіта ад саюза з Расіяй».

Пры гэтым эканаміст звяртае ўвагу, што калі працэс збліжэння з ЕС і пачнецца, то ён будзе доўжыцца не адзін год.

«Ніхто адразу Беларусь або якую-небудзь іншую краіну ў Еўрасаюз не прыме. Цяпер праводзіцца мноства перамоў і даследаванняў па Малдове і Украіне. Гэты працэс можа расцягнуцца на гады.

А што тычыцца асацыяцыі, то гэта не поўнае адкрыццё рынкаў і межаў, а толькі збліжэнне. Гэта спрашчае і палягчае ўзаемаадносіны ў гандлі. Дае доступ да еўрапейскага фінансавання».

Анастасія Лузгіна лічыць, што калі ўлады хочуць, каб наша краіна развівалася, то ў любым выпадку прыйдзецца прыйсці да дыверсіфікацыі знешніх узаемасувязей і наладжванні адносін з Еўропай.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: Офіса Ціханоўскай

Ілюстрацыйны здымак. Фота: Офіса Ціханоўскай

«Мы ад гэтага нікуды не дзенемся, гэтае пытанне калі-небудзь будзе стаяць на парадку дня», — упэўнена экспертка.

Саюз з Расіяй не будзе даваць магчымасці для развіцця

Дарадца Святланы Ціханоўскай па эканамічных рэформах Алесь Аляхновіч лічыць, што Новай Беларусі неабходна будзе імкнуцца да выхаду са складу так званай Саюзнай дзяржавы, ЕАЭС і іншых інтэграцыйных праграм, якія прывязваюць Беларусь да Расіі.

Пры гэтым эканаміст адзначае, што на бягучы момант эканоміка Беларусі надзвычай моцна залежыць ад Расіі. Ён вылучае тры асноўныя сферы, дзе залежнасць ад Расіі асабліва адчувальная:

1) Гэта залежнасць энергетычная, якая тычыцца не толькі нафты і газу, але і ўсяго, што звязана з будаўніцтвам і выкарыстаннем АЭС.

2) Эканамічная. Каля 65% беларускага экспарту прыходзіцца на долю РФ. Апроч гэтага, большая частка з астатніх 35% накіроўваецца праз Расію (яе чыгунку, парты і банкаўскую сістэму). Таму дадаецца залежнасць лагістычная.

3) Залежнасць фінансавая, паколькі РФ з’яўляецца апошнім крэдыторам для Беларусі.

«Такім чынам, калі настане першы дзень пасля Лукашэнкі, а Расія будзе існаваць у тым жа выглядзе, што і цяпер, то ў Масквы захаваюцца вельмі моцныя рычагі ўплыву на Беларусь і беларускую эканоміку», — адзначае экспертка.

Але гэта не азначае, што Беларусі трэба з гэтым змірыцца, захаваць статус-кво і далей заставацца ў адной звязцы з Расіяй. Аляхновіч упэўнены, што працяг арыентацыі на саюз з Расіяй не будзе даваць нам магчымасці для развіцця.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: Міністэрства абароны Беларусі

Ілюстрацыйны здымак. Фота: Міністэрства абароны Беларусі

«Мы жывём у прывязцы да краіны, эканоміка якой ужо больш за 10 гадоў знаходзіцца ў стане стагнацыі. Разам з ёй у стагнацыі знаходзіцца і беларуская эканоміка.

Калі, напрыклад, асноўны гандлёвы партнёр Польшчы — Германія, а Мексікі — ЗША, то гэта тэхналагічна і эканамічна развітыя краіны, чые эканомікі растуць і развіваюцца.

Лукашэнка ж прывязаў нас да эканомікі, дзе шмат чаго залежыць ад сувязяў, дзе высокі ўзровень карупцыі, дзе шмат якія пытанні вырашаюць не па законе, а па паняццях. Апошнія два гады яна наогул стала таксічнай. Таму ў доўгатэрміновай перспектыве такое супрацоўніцтва застаецца неперспектыўным», — упэўнены экспертка.

Усходняй Швейцарыяй не быць?

Аляхновіч адзначае, што ў шчыльнай супрацы з Расіяй, наша эканоміка добра развівалася толькі ў нулявых, калі Лукашэнка ўдала прысмактаўся да Расіі і атрымліваў высокія энергетычныя гранты. Як гэты перыяд скончыўся, то і развіццё спынілася. Ужо больш за 10 гадоў наша эканоміка фактычна стаіць на месцы.

Альтэрнатывай знаходжанню ў складзе Саюзнай дзяржавы і ЕАЭС Алесь Аляхновіч называе інтэграцыю з ЕС.

«Да 2020 года некаторыя эксперты лічылі, што для Беларусі лепш за ўсё быць Усходняй Швейцарыяй, якая будзе мостам паміж Усходам і Захадам. Краінай, якая будзе атрымліваць бенефіты ад гэтага супрацоўніцтва».

Заставацца ў аднолькава добрых адносінах з ЕС і РФ або мець нейтральны статус — да нядаўняга часу было самым папулярным запытам з боку беларусаў. Напрыклад, у верасні 2020 года так лічылі 63% беларусаў. Згодна з апошнімі данымі апытання Chatham House, ідэя заставацца нейтральнымі хоць і застаецца самай папулярнай у беларускім грамадстве (46%), расце запыт на шчыльнае сяброўства з РФ — 41%. За больш шчыльнае супрацоўніцтва з ЕС выказаліся 13% апытаных.

Вынікі апытання Chatham House

Вынікі апытання Chatham House

«Мы бачым, што, на жаль, у нашым рэгіёне заставацца нейтральнымі — немагчыма. Таму ў будучым Беларусі давядзецца зрабіць геапалітычны выбар: або застаёмся ў адным балоце з Расіяй, з яе таксічнай эканомікай, якая не развіваецца, або адвязваемся ад яе і інтэгруемся з больш развітымі эканомікамі заходніх краін».

Пры гэтым Аляхновіч разумее, што калі ў нас будзе новая ўлада, якая запусціць пратэсы дэмакратызацыі і лібералізацыі эканомікі, то Расія хутчэй за ўсё пачне ставіць нам палкі ў колы. Бо яна ніколі не вітае такія працэсы ў суседніх краінах.

«Зрабіць такі пераход будзе не проста, але беларускае грамадства, на маю думку, саспела да таго, што эканоміку трэба кардынальна рэфармаваць.

Больш за дзесяцігоддзе мінула, а рэальныя заробкі і ўзровень жыцця не змяняюцца. Пасля росту наступаў крызіс, потым адбываўся аднаўленчы рост, а затым зноў крызіс. Людзі ўжо зразумелі, што гэтая мадэль не эфектыўная, яна не працуе», — лічыць экспертка.

Сам працэс інтэграцыі з ЕС эканаміст называе доўгатрывалым і прыводзіць да прыкладу Малдову і Украіну, якія днямі атрымалі статусы кандыдатаў у ЕС.

У суседзяў шлях у ЕС заняў каля 10 гадоў

«Малдова пачала працэс падрыхтоўкі да падпісання асацыяцыі з ЕС яшчэ ў 2010 годзе. Дакумент быў падпісаны ў 2014-м і толькі нядаўна, праз 9 гадоў пасля гэтага, краіна атрымала статус кандыдата ў ЕС.

Толькі з 2024 года ў Малдовы і Украіны пачнецца шматгадовы этап перамоваў, дзе будзе абмяркоўвацца, што і як трэба зрабіць, якія трэба правесці рэформы, якая на гэта будзе вылучана падтрымка з боку ЕС», — кажа Аляхновіч.

У суседніх Польшчы, Літве, Латвіі, Эстоніі шлях у ЕС заняў каля 10 гадоў. Увесь гэты час краіны праходзілі розныя этапы па збліжэнні з ЕС, рабіліся і абмяркоўваліся рэформы і толькі потым прайшлі рэферэндумы аб далучэнні да ЕС.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

«Падобныя працэсы будуць і ў выпадку з Беларуссю. Таму, калі рэжым Лукашэнкі перастане існаваць, у нашай краіны толькі пачнуцца гэтыя дыскусіі: ці мы хочам надалей загніваць з Расіяй або хочам быць разам з Еўропай».

Аляхновіч упэўнены, што, калі пытанні інтэграцыі з ЕС пачнуць абмяркоўвацца, народ будзе гатовы да гэтага. Бо эканоміка будзе знаходзіцца яшчэ ў горшым стане, чым цяпер.

«Людзі ўжо цяпер бачаць, што карысці ад інтэграцыі з РФ няма. Каб гэта зразумець — дастаткова паглядзець на нашых суседзяў, Польшчу, Літву, якія пасля распаду СССР абралі іншы шлях развіцця і інтэграваліся з краінамі Еўропы, а не з Расіяй».

Беларусы нагамі паказваюць, дзе лепшы ўзровень заробкаў і жыцця

Алесь Аляхновіч называе гэтыя краіны найлепшым прыкладам таго, як магла за гэты час развівацца Беларусь, бо пасля распаду СССР узровень жыцця ў Польшчы і Беларусі быў аднолькавым, а па некаторых крытэрыях Беларусь апераджала Польшчу.

«За трыццаць гадоў сяброўства з Расіяй наша краіна адстала ад развітых краін. Мінімальны заробак у Беларусі ў 5 разоў меншы, чым у суседніх краінах ЕС. Сярэдні заробак меншы ў тры разы.

Беларусы нагамі паказваюць, дзе лепшы ўзровень заробкаў і жыцця, бо гэта дзясяткі тысяч беларусаў з'язджаюць па заробкі і на ПМЖ у Літву і Польшчу, а не палякі і літоўцы пераязджаюць у Беларусь. Гэта факты, якія немагчыма аспрэчыць».

Дарадца Ціханоўскай па эканамічных рэформах кажа, што чуе ад праціўнікаў інтэграцыі з ЕС довады пра тое, што нібыта Польшча дасягнула поспехаў не праз правільныя эканамічныя рэформы, а толькі дзякуючы фінансавай падтрымцы з боку Еўрасаюза.

«Вось толькі пытанне ў тым, што Беларусь таксама атрымлівае фінансаванне звонку, толькі не ад ЕС, а ад Расіі. І калі ў межах ЕС грошы размяркоўваюцца на конкурснай аснове і ідуць на падтрымку канкрэтных праектаў, то з фінансаваннем з боку Расіі такой празрыстасці няма.

У Беларусі грошы, атрыманыя ад РФ, часткова асядаюць у гаманцах рэжыму, частка разбазарваецца на сілавы блок, на тое, што не ўплывае на якасць жыцця шараговых грамадзян і не спрыяе эканамічнаму развіццю.

У выніку мы маем, што ў працэнтных суадносінах да валавага прадукту Беларусь ад Расіі атрымлівае больш дапамогі, чым Польшча ад ЕС. Але Польшча пры гэтым развіваецца, а Беларусь — не».

Чытайце таксама:

«Еўрапейская да мозгу касцей». Нямецкі аналітык лічыць, што Беларусь у будучыні ўступіць у ЕС

«Закрываючыся ад беларусаў, Захад міжволі штурхае іх да Расіі»

Клас
16
Панылы сорам
2
Ха-ха
5
Ого
4
Сумна
6
Абуральна
8

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?